Выбрать главу

Ніл Гілевіч

Год двухтысячны

Выбраныя старонкі дзенніка

10-га студзеня. Увесь першы тыдзень новага года парадкаваў публіцыстыку за 1955–1999 гады. І рукапісы, і выразкі з газет. Адбіраў тое, што прыдасца для Збору твораў, які хацеў бы пры жыцці пачаць хоць першым томам. Артыкулаў, выступленняў, інтэрв’ю, вартых увагі як матэрыялы да гісторыі барацьбы за Беларусь набіраецца на два тамы. Адно аб мове ў том не ўбярэцца. Астатняе ўсё, што па-за гэтай магістральнай тэмай, працаджу на самае густое сіта, — большасць пойдзе вон. Божа, колькі напісана і нагаворана, часам зусім неабавязковага. Аж сорамна цяпер. І пашчасціла ж жыць у такі пракляты час! І стаць яго ахвярай.

13-га студзеня. Заходзіў да Сярэдзіча, забраў рукапіс “Сказа пра Лігу” для скарачэння — па яго просьбе. Трэба разануць амаль на трэць — каб памясцілася на адну паласу. Сёе-тое адпілую безбалесна, але на траціну такога не набярэцца, адпадзе нямала і дабрэннага.

16-га студзеня. Былі з Нінай на юбілейнай вячэры ў Ю.Б. Ці час не той, ці жыццё не тое, ці мы не тыя — нічога ад колішніх вясёлых, дасціпных, шумных (з песнямі) пасядзелак не засталося. Мабыць, усё-такі — мы не тыя. Жыццё зрабіла нас зусім іншымі, чым былі, — адкрыўшы на многае вочы. Як сумна!..

17-га студзеня. Вычытаў карэктуру артыкула пра Купалу — прадмову да яго Першага тома ў Кнігазборы. Забраў у ТБМ рукапіс зборніка вершаў Эд. Г рахаўца — па просьбе яго суседа і сябра. Сам ён дажывае апошнія дні ў Ба- раўлянах, у анкалогіі. Ведаю яго з пачатку 60-х, быў шафёрам і друкаваўся ў Лагойскай раёнцы. А пасля знік. Аказваецца, вучыўся, працаваў настаўнікам і… пісаў. І няблага пісаў. Сябра яго просіць, каб я адрэдагаваў кнігу, — ска- заў, што гэта і просьба Грахаўца. Як шкада добрага, сціплага і бясспрэчна здольнага чалавека! Чаму ж ён не звярнуўся да мяне гадоў 15 назад, калі я працаваў у СП?! Няздары і графаманы прыходзілі енчылі “памажыце!”, а ён — не адважыўся.

20-га студзеня. Учора быў у Ваўкавыску; на сустрэчы; начаваў там; сёння, к вечару, ужо дома. Вельмі цікавыя людзі на цэментна-шыферным. Разумныя, дасведчаныя, моцныя кіраўнікі. Калі б ды яшчэ ім не заміналі, не перашка- джалі рознага рангу вертыкальшчыкі! Ездзілі туды брыгадай — Законнікаў, Пісьмянкоў і Самковіч, апошні і дамаўляўся аб сустрэчы (стары знаёмы начальства).

26-га студзеня. Выступіў на ўроку па творчасці А. Моркаўкі ў бібліятэцы ДЛ. Там і пазнаёміўся з яго дачкой Ларысай Аркадзеўнай. Вельмі інтэлігентная і разумная жанчына, як сціпла і важка выступіла!.. Выдатнае слова (фактычна, даклад) сказаў А. Рагуля. Ну, ад яго я іншага і не чакаў; глыбока плужыць.

У 16.00 быў на Радзе ТБМ. Абмяркоўвалі 10-годдзе Закона аб мовах.

27-га студзеня. У 15.00 — Рада СП. Хай бы я не хадзіў на гэтыя пася- джэнні!.. Званіў малады паэт, студэнт Яўг. Сіткевіч (“піша па-руску, здольны хлопец”). Сустрэчу нам арганізавала Р. В. Ганчарык, дырэктар магазіна пад- пісных выданняў. З ёю ў нас дружба.

28-га студзеня. Быў у ТЭМГу на спектаклі па п’есе Дударава “Палачан- ка”. Прыгожы, паэтычна змястоўны спектакль. Сцэнічная легенда. Гісторыкі, напэўна, зробяць папрокі.

1- га лютага. “Народная воля” апублікавала “Сказ пра Лігу чыстакроўных” Мікалая Яцвяга-Тубыльца. У скарочаным на адну трэць варыянце. Хачу ду- маць, што пасля “Лысай гары” і “Незвычайнай эпідэміі” гэта лепшая рэч з усіх маіх містыфікацый.

7- га лютага. Бачыўся з Кагутэнкам — наконт майго зборніка паэзіі, новых вершаў і паэм, які ён хацеў бы выдаць (калі знойдзе фундатара). Цікавы ча- лавек, закаханы ў кнігу, бессярэбранік, мог бы шмат зрабіць для беларускай літаратуры, калі б яму багатыя ішлі насустрач.

16-га лютага. Званіў Р. Гарэцкі — наконт юбілею Гаўрылы Іванавіча (у красавіку). Дамовіліся, што я выступлю на ўрачыстым пасяджэнні ў НАН.

17-га лютага. Заходзіў М. Купава — прыносіў на подпіс Зварот да бела- рускага народа ў сувязі з Днём Волі.

Званіў Я. Брыль — запрасіў на прэзентацыю яго кнігі ў ДЛ.

20-га лютага. Званілі з мінскай гімназіі № 12 — прасілі падарыць для іхняга Музея беларускай літаратуры кнігі, здымкі, рукапісы і г. д. Даў згоду. Заўтра прыйдуць гімназісты і забяруць. Дзякаваць Богу, што яшчэ трохі варушацца, каб падтрымаць беларушчыну.

22-га лютага. На прэзентацыі кнігі Брыля ў класічнай серыі “Кнігазбору” сказаў некалькі слоў і я, але, здаецца, не лепшым чынам. Нешта настрой быў вельмі кепскі.

23-га лютага. Ніну тэрмінова паклалі ў бальніцу: востры калькулёзны хале- цыстыт. Урач (заг. хір. аддз. Сацішур Я. А.) сказаў: будуць рабіць аперацыю, іншага выйсця няма. Якая нечаканая бяда звалілася! Бедная мая галубачка!.. Божа мой! — гэта пры яе букеце хвароб: печань, шчытавідка, падстраўнікавая і г.д. і г.д.!..