Выбрать главу

25-га лютага. Ніна ў бальніцы: пачалі даследаваць арганізм — рабіць самыя розныя аналізы. Гаротніца мая ў паніцы, кажа, што вельмі баіцца аперацыі.

26-га лютага. Ніна ў бальніцы. На душы трывожна. Настрой — кепскі.

27-га лютага. Ніна ў бальніцы. Новага нічога. Чакаем.

28-га лютага. Ніна ў бальніцы. Плача, як я зайду ў палату.

29-га лютага. Ніна ў бальніцы. Упала духам. Настроена вельмі трывожна. Сугалосна з ёю — і я.

1- га сакавіка. Ніна ў бальніцы. Плача. Гледзячы на яе, падаю духам і я. Супакоіць не ўмею.

2- га сакавіка. Ніна ў бальніцы. Усё тое ж. Вельмі-вельмі трывожна.

3- га сакавіка. Ніна ў бальніцы. Настрой той жа. Рыхтуюць да аперацыі.

4- га сакавіка. Сёння субота. Ніне дазволілі схадзіць дадому. Але і дома яна паніклая.

6- га сакавіка. Панядзелак. Вельмі-вельмі нядобры. У Ніны адкрылі: 1) хворая шчытавідка (у тры разы большая); 2) кістома, яічнікі. Трэба аперацыя ў гінеколагаў. І тэрмінова — калі нават аніёма і акажацца дабраякаснай. Бо яна можа хутка стаць нядобрай.

Загінуў М. І. Ермаловіч. Трапіў пад машыну таксі. Дакажы, што выпадкова.

7- га сакавіка. Ніна ў бальніцы моцна прастудзілася. Страшны кашаль. Прызналі трахеіт і адправілі лячыцца дадому.

Аддаў — нарэшце — Законнікаву “Паланез Агінскага”. Перад гэтым — упо- тай — паэму прачытаў Г. Дзмітрыеў. Сказаў: спадабалася. Але — аб’ём 1500 радкоў. “Не выцягнем”.

8- га сакавіка. Ніна ў паніцы, толькі і думае, як быць — з якой аперацыі пачынаць, і плача яшчэ гарчэй, чым дагэтуль.

10-га сакавіка. Зрабіў ксеракопію “Паланеза” — з экземпляра, які дабаўляю ў Трэці том Збора. Перачытваю амаль кожны дзень. Здаецца, тое, што я хацеў сказаць, сказаў: вайна была і грамадзянская. І па чыёй віне?

11-га сакавіка. Захварэў і я. І, відаць, надоўга. Ужо трэці дзень — балючы дзяркаты кашаль. Востры дзяркаты кашаль — гэта бронхатрахеіт. Ляжу і чытаю трохтомнік народных прыкмет і павер’яў У. Васілевіча. Які ён малайчына, гэты сын Алены Сямёнаўны! Якую выдатную кнігу зрабіў! Не нацешуся!..

13-га сакавіка. Дзіва дзіўнае: чытаю павер’і, захапляюся, радуюся, а мне — званок: “Н. С., думала я думала і прыйшла да высновы: толькі Вы можаце належным чынам ацаніць трохтомнік Ул. Васілевіча і напісаць для нас рэцэн- зію”. Г. Тычка — мая былая студэнтка. Ну што ты на гэта скажаш! Ну як тут адмовішся? А часу няма зусім. Да таго ж — страшна мучае хвароба.

15-га сакавіка. Адбылося магутнае шэсце — тысяч на 20–25 (некаторыя кажу- ць — 50 было). Гэта ўжо нейкі зрух. То дай жа Божа! Авось ды і абудзімся.

16-га сакавіка. А на 25 — на Дзень Волі — урад шэсце забараніў. Як і трэба было чакаць.

19-га сакавіка. Смурод, што цячэ з тэлевізара, немагчыма трываць. Асабліва ад Казіяткі. Закасаваў Зімоўскага ў сваім “сладострастным” слугаванні ворагам беларушчыны, у аплёўванні сумленных сыноў Бацькаўшчыны. Няўжо Бог не пакарае такіх запраданцаў?

25-га сакавіка. Ніна вярнулася ў бальніцу, адкашляўшы дома амаль тры тыдні.

А на вуліцах амапаўцы хапалі, збівалі і цягнулі ў “варанкі” тых, хто выйшаў святкаваць Дзень Волі. Тэрор працягваецца.

28 сакавіка. Хадзіў на адкрыццё семінара маладых пісьменнікаў; выступіў з успамінамі пра сваю першую нараду і першыя крокі ў літаратуры, але — без ніякага настрою. Здзівіўся, што на семінары амаль адны дзяўчаты, рэдка дзе ў зале хлапец. Фемінізацыя беларускай літаратуры?

3- га красавіка. Быў у Ніны ў бальніцы. Рыхтуюць да аперацыі — робяць дадатковыя аналізы.

Занёс Пісьмянкову “Роздумы”.

Зранку быў у прафесара Я.П. Дзямідчыка, прасіў, каб тэрмінова зрабілі Ніне анкалагічны аналіз шчытавідкі. А паўтрэцяй пазваніў яму, і ён мяне заспакоіў: страхі былі дарэмныя. Але ўвогуле лячыць шчытавідку трэба.

Сустракаўся з М.Б. Яфімавай, зрабіў заўвагі па рукапісу артыкула для кнігі пра выкладанне беларускай літаратуры ў школе. Мае “дзіцячыя” творы яна ведае дасканала і гаворыць пра іх вельмі хораша — не забіваючы, а пад- крэсліваючы паэтычнае і чалавечае.

4- га красавіка. “Народная воля” дала мае “Роздумы і згадкі”, у тым ліку — пра вайну з чачэнцамі ў ХІХ ст. Многія паспелі адразу ж мне пазваніць, уражаныя чачэнскай старонкай Роздумаў.

Ездзіў у “маёнтак”, глядзець, ці ёсць шпакі на нашай бярозе.

6- га красавіка. “Чырвоная змена” апублікавала тое, што я нагаварыў карэспандэнту Св. Пазняк у ДЛ у час семінара маладых. З павагай паставілася, нічога не збэрсала.

Вечарам быў на ўгодках Г. Дз. Карпенкі, літаратурную частку якіх сам жа і рыхтаваў (і мастацкую таксама — прасіў Фінберга і інш.). Усё прайшло на ўзроўні, былі паслы замежных краін і нашы аўтарытэтныя палітыкі. Выступалі паслы ЗША, Нямеччыны. А я праваліўся, забыў свой верш і закончыў канфузам. Які ўжо раз пераконваюся: трэба мець пад рукою тэкст! Ну стары чалавек, ну склеротык! Змазаў гэтым усё сваё і без таго не вельмі прадуманае слова.