Выбрать главу

10-га красавіка. Быў у НАН на ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю Г. І. Гарэцкага. Як і было дамоўлена, сказаў сваё невялічкае слова, якое за- вяршыў вершам, што быў напісаны мною да 80-годдзя Гаўрылы Іванавіча. Брыль і Зуёнак атрымалі слова, як ганаровыя акадэмікі, а я — ну, не захацеў жа… А які гонар? Які гонар быць “ганаровымі” ў небеларускай акадэміі? Яна даўно небеларуская, і асабліва — сёння. Змірыцца з гэтым немагчыма. Таму я і адмовіўся ад гэтага гонару, на пару з Быкавым.

13-га красавіка. Быў на выставе мастака Міх. Будавея, аўтара лепшага майго партрэта, — яго яшчэ дыпломнай работы. І сёння ён мне вельмі пада- баецца. Г этае ж сказаў мне Брыль пра свой партрэт — з той жа серыі (Брыль, Быкаў, Панчанка, Караткевіч, Гілевіч). А партрэты апошняга часу (Геніюш, Разанаў, Янішчыц, Адамовіч) менш цікавыя — на нашу агульную з Брылём думку. Дырэктар музея Хадкевіч нечакана даў мне першаму слова — і давя- лося імправізаваць, бо не разлічваў, — прыходзіў, каб паглядзець і спаткацца з М.Будавеем, якога даўно не бачыў.

14-га красавіка. Па запрашэнні М. Купавы быў і выступіў на адкрыцці традыцыйнай — да Дня Волі — выставы суполкі “Пагоня”. Народу было як ніколі — бітком набіта. Слова сваё я падрыхтаваў — таму прагучала, калі меркаваць па воплесках, хораша.

А выстава — не з лепшых. Папярэднія, здаецца, былі цікавейшыя.

16-га красавіка. Ніна зноў дома і зноў па той жа прычыне: прастудзілася ў бальніцы і — трэба лячыць “кашаль”, пры кашлі аперацыі не робяцца.

У пятніцу “ЛіМ” апублікаваў маю падборку роздумаў і згадак — пад назвай “Быў час, быў век, была эпоха” (назву прапанаваў мне Мікола). За гэтыя два дні атрымаў шмат званкоў (Брыль, Ліс, Васілевіч і інш.). Асабліва заінтры- гаваныя сябры першым кавалкам — “Пра паэта Лысагорскага”. Ніхто такога не чуў, і ўсе падумалі пра Ведзьмака.

22-га красавіка. Званіў В. Казько, запрасіў на яго юбілейны вечар і на чарчыну з нагоды. Трэба абавязкова схадзіць і нешта сказаць з гэтае нагоды. Можа, нават вершыка якога прысвячу яму, калі прыдумаю: надта ж слаўны чалавек!.. Ніна казала, што бачыліся — выпадкова — у бальніцы, і таксама пацвердзіла: “Які ён чалавечны, шчыры, добры!..”

23-га красавіка. Званіў Я. Цумараў, крыўдуе, што ТБМ не прадае выдадзе- ную ім кніжыцу пра ТБМ (пра яго першыя 8 гадоў, матэрыялы і дакументы).

Буду гаварыць з Трусавым, — у чым жа справа? А хто тады будзе яе прада- ваць, калі не ТБМ?

29-га красавіка. Ранічкой заходзіў—па настойлівай просьбе — нехта Лісоўскі, інжынер, будаўнік помніка ахвярам на Капыльшчыне, патрыёт беларушчыны, энтузіяст. Пакінуў мне для азнаямлення сваю перапіску з бюракратамі.

1- га траўня. Па “Свабодзе” прагучала доўгая перадача пра “Лысую гару”, — шмат лухты і ніякага набліжэння да ісціны, да высвятлення аўтарства. Наогул, уражанне такое, што задумана гэта размова для таго, каб абясцэніць паэму, прынізіць яе значэнне і ролю. Відаць, упэўніліся нарэшце, хто аўтар. Не той, зусім не той, якога б яны хацелі і маглі пахваліць. У іх вялікае расчараванне! Таму давай будзем патроху бэсціць!

2- га траўня. Ніну паклалі ў бальніцу. На аперацыю. На гэты раз — рэальна. Назначылі на наступны тыдзень. Тут святаў шмат: і Перамога, і Радаўніца.

4- га траўня. Аперацыю назначылі на 11 — га, чацвер. Будзе рабіць стары прафесар Герасімовіч. Вельмі трывожна на душы.

5- га траўня. Быў у “маёнтку”, закончыў падборку роздумаў для “НВ”. А “Звязда” трэцяга кавалка штось не дае. Два апублікавала ў канцы красавіка — пра нямецкія цукеркі і пра верасень 1939-га, а водпаведзь тым, хто агулам бэсціць беларускую паэзію савецкай эпохі, не даюць. Што здарылася? Хто затармазіў?

11-га траўня. Ніне зрабілі аперацыю. З раніцы рабілі. У 17.30 урач сказаў: нармальна, без ускладненняў, павінна быць усё добра. Каб жа ды даў Божа! Бедная, бедная мая Іванаўна!..

12-га траўня. Ніна трохі адышла ад наркозу, але чуецца кепска. Трымаюць на кропельніцах.

13-га траўня. Нібыта трохі павесялела мая пакутніца, але, але!..

“НВ” змясціла чатыры мае кавалкі пад агульнай назвай “Ганебныя ўгодкі”. Апошні — пра крывавыя расправы над беларускімі пісьменнікамі. А дома ў мяне яшчэ чатыры кавалкі — у працяг гэтых. Занясу і іх Сярэдзічу.

14-га траўня. Не падабаецца мне самапачуванне маёй беднай Іванаўны. Ташната і рвоты, якія яна выклікае штучна. Якое ж гэта выздараўленне?!.