Выбрать главу

16-га траўня. Ніне кепска, а яе перавялі ў агульную палату. Маўляў, пяць дзён прайшло — хопіць, вызвалі ложак іншым. А ёй — вельмі кепска. Быў з 17 да 19 — чатыры разы падводзіў да ракавіны, выклікала — у страшэнных муках — штучныя рвоты. У 19.00 яе паглядзеў урач С.С. Сцебуноў, неадкладна загадаў піць барый, каб у 24.00 зрабіць рэнтген. Западозрыў спайку тонкіх кішок. Гэта часта здараецца пасля аперацыі на брушной поласці.

17-га траўня. Вечарам, з 18 да 20.30, Ніне зрабілі паўторную аперацыю — убіралі спайку кішок. Перад гэтым тройчы на працягу дня вазілі (за 300 метраў, у другі корпус) на рэнтген — і кожны раз нічога новага: барый не праходзіць. Спайка. Марудзіць нельга ні трохі. Узялі з мяне і Ніны згоду на аперыраванне — бо гарантый, што арганізм вытрымае, ніякіх — і ў 6 гадзін вечара павезлі ў стары корпус рэзаць нанава… Прафесар Рычагоў Г. П., урачы Рубашэнка В. П., Сцебуноў С. С. і Калядка А. М., — каманда самая моцная, якую можна ўявіць… Аперацыя, па словах усіх удзельнікаў, прайшла добра, Ніна вытрымала яе гераічна, цяпер — усе надзеі на Бога. Каб толькі ніякіх нечаканасцяў! Божа прамілы, прасветлы! Памажы нам! Яві сваю літасць і ласку! Яна ж — святая жанчына!.. Ну я — грэшнік, можа, і вялікі, ну пакарай мяне! А яе — завошта? Завошта ёй такія мукі трываць?..

18-га траўня. Усе надзеі — на Бога. Кажу так, бо ўрачы — перш за ўсё тыя, што рабілі аперацыю, — робяць усё для маёй Іванаўны, як для сваёй роднай маці. Стан пакуль што — крайне цяжкі, крытычны. Усё акрэсліцца ў бліжэйшыя два-тры дні.

19-га траўня. Пра нейкія, хоць маленькія, зрухі да лепшага гаварыць рана. Малюся і плачу.

20-га траўня. На працягу дня — нібыта нейкае троху паляпшэнне. Але пасля таго, што здарылася, у душы — адзін страх, і верыць у паляпшэнне проста баюся. Ды і ці ёсць яно? Прыйшоў у 17 — нібыта крыху павесялелая, адыходзіў у 20.30 — выгляд зусім-зусім нядобры.

21-га траўня. Раніцою нічога хоць трохі суцешнага, чаго я чакаў, урач не сказаў. Да абеду быў там Сяргей з Таняй, з 17 да 19.30 быў я, затым і сын прыйшоў. І стала мне так трывожна, аж пачало сэрца млець. Нават учора Ніна пачувалася і выглядала лепш. Амаль не гаворыць, нічога не кажа. Адно прашаптала: ці званіў Багдан? У 19 А. М. Фурсевіч выцягнуў зонд — па яе просьбе… Кажа, што чуе перыстальтыку, можа, і чуе, але ж чаму яна ў такім цяжкім стане? У 23.00 пазваніў медсястры. Адказала: змен ніякіх. Пад кропе- льніцай. І — не хвалюйцеся так, у яе ж добрыя сённяшнія аналізы. — Якія? — Біяхімічны. Не ведаю, што там за добрыя аналізы. Ведаю, што сну ў гэту ноч мне не будзе ні трохі — не знаходжу сабе месца.

22-га траўня. Ніна, здаецца, чуць-чуць павесялела. Божа прамілы-прасветлы, злітуйся і дапамажы, вярні нам надзею на радасць чалавечую!..

23-га траўня. Падобна, што міласэрны Бог пачуў мае малітвы: Ніне сёння яшчэ трохі палепшала. Але, але!.. Да спакою яшчэ далёка.

Заходзіла дачка А. Жамойціна Зарына; вярнулася з Югаславіі, прывезла ад М. Джэркавіча два яго зборнікі і бутэльку віньяку. Просіць прыслаць най- ноўшыя вершы. Я сэнсу не бачу ў гэтым: нічога ён не зробіць. Зрэшты, перадаў жа яму праз З. свае апошнія кнігі — “На высокім алтары” і “Ёсць зямля”.

24-га траўня. Да абеду быў на ІІІ Кангрэсе беларусістаў, выступіў з прывітальным словам, а па сутнасці — з вострай палітычнай прамовай. Адам Мальдзіс ажно спужаўся і на правах старшыні зрабіў да майго выступу ўда- кладненне, што мая крытыка не датычыць прысутных расійскіх беларусістаў. Ну чаму ж не датычыць? Таварыша Сураўцава (і калі ён стаў беларусістам?) вельмі нават датычыць.

Пад вечар хадзіў у бальніцу. Гутарыў з урачом. Суцяшае, што ўсё будзе добра, ідзе на папраўку. Пачалі даваць адвар і сок.

25-га траўня. З раніцы быў на сустрэчы з гімназістамі (№ 24), па просьбе К. М. Смірновай, там вучыцца яе ўнучка. Слухалі вельмі ўважліва, задавалі пытанні, і не толькі нейтральныя.

А ў 14.30 сустракаўся з настаўнікамі, якія ў Мінску на курсах пера- падрыхтоўкі. Застаўся задаволены, поўнае ўзаемаразуменне па асноўных набалелых пытаннях жыцця.

Учора з Венетай Г еоргіевай (была на Кангрэсе) адправіў у Софію артыкул пра кнігу Н. Радзева, — для газеты “Български писател”. Сёння перачытаў копію і ўсумніўся: ці патрэбна было мне гэта рабіць? Балгарскі “цягнік” даўно пайшоў. Што — даганяць буду? У маім сённяшнім стане?.. А вось жа нейкі чорт падбіў, і некалькі вечароў ахвяраваў на “старую песню” сваю, якая стала ўжо сумнай-сумнай.

30-га траўня. А 17-й быў у бальніцы. Пагаварыў з урачом С. Сц. Сцебуновым, якому найбольш веру. Запэўнівае, што працэс зажывання і выздараўлення ідзе “па плану”, як трэба. Праз тыдзень, сказаў, адправіць у Гарадзішча.

1- га чэрвеня. У “Народнай волі” апублікаваны мае чарговыя кавалкі “роздумаў аб жыцці-быцці нашым”. Здаецца, трэба ўжо мне спыніцца, досыць. Хоць людзі кажуць, што ім маё слова вельмі патрэбна. Баюся вось чаго: мае кавалкі ствараюць ілюзію, што ідзе змаганне, і людзі чакаюць, спадзяюцца. І самі маўчаць, і сядзяць, як мышы пад венікам.