Апрача таго — выдыхся я дарэшты, стаміўся страшэнна, чуць цягаю ногі. Нядаўна было пытанне: Колькі вас у СП? — 500, кажу. — А дзе астатнія 499, што вы адзін на барыкадах? — Не адзін, кажу, але… ну, так, на барыкадах нашага брата мала.
2- га чэрвеня. Дзень нараджэння Ніны “адзначылі” ў бальніцы — прынеслі з сынам ёй кветкі, выпілі мінералкі. Растуць надзеі, што гора нас абмінула.
6- га чэрвеня. Юбілейны вечар А. Дударава. У спектаклі ролю Дабрыні выконваў ён сам, аўтар. Здаецца, зразумеў, чаму А. А. пакінуў у свой час сцэну. Быў сёння ў ролі статычны і нецікавы, асабліва ў параўнанні з Жуком. Затое — вячэра, банкет!.. Чалавек трыста, пры перагружаных бутэлькамі і смакатой сталах. Мне і фальварка, прадаўшы, не хапіла б, каб расплаціцца. Спытаў: “Адкуль і як, А. А.?”. Адказаў: “Приорбанк”. Рэзюмэ: ніколі чалавек, які можа пры гэтым рэжыме так шыкавацца, не пойдзе на барыкады. Будзе змагаром на адлегласці.
Наконт п’есы: зноў думаю, наколькі апраўданае перакантаванне гістарычнай праўды?..
7- га чэрвеня. Вечар Э. Акуліна ў Чырвоным касцёле. Сенсацыя: тыраж яго зборніка “Радно” пайшоў пад нож — з-за верша “Паэт”, прысвечанага Нілу Гілевічу. Далі і мне слова. Сказаў: “Не засмучайся, Эдуард, гэта факт, які ўпрыгожыць тваю біяграфію. Будзеш пасля ганарыцца. Няшмат такіх эпізо- даў было ў гісторыі нашай літаратуры”. Пасля было невялікае застолле, дзе я сказаў М. Скоблу ўсю праўду, хто і як перасяліў філфак на К. Маркса, у корпус былой партшколы. Заслугі А. А. Лойкі толькі тыя, што перавёз, будучы дэканам, дакументацыю, бібліятэку і сёе-тое з мэблі.
8- га чэрвеня. Ніну завезлі ў Гарадзішча. Суправаджаў. Пасялілі не лепшым чынам, з хворай бабуляй. Ёй бы цяпер пабыць адной, без цікаўных і далёкіх ад…
13-га чэрвеня. Запрашаюць на вечар М. Забэйды (100-годдзе) у Дом дружбы, на заўтра, але — не выпадзе. Ды і абураны “маштабамі” вечара. Гэта ўрачыстасць павінна праводзіцца ў Оперным, ці ў Купалаўскім, з удзелам усёй духоўнай эліты… А яны — вузкім колцам у ДД. Дзеля “птушачкі”.
21-га чэрвеня. Забраў Ніну з Гарадзішча. Трохі падужэла. Але яшчэ і тое і тое непакоіць, і давядзецца хадзіць у бальніцу. Вельмі перажывае: як будзе з ёю на факультэце, хацела б яшчэ трохі папрацаваць.
22-га чэрвеня. Занёс у “ЛіМ” новыя чатыры кавалкі з “Быў час, быў век, была эпоха…” Усё цяжэй даецца мне гэта публіцыстыка. Усё менш адчуваю агню і жару. А на тлеючых вугальчыках астылыя душы не сагрэюцца.
27-га чэрвеня. Учора званіў Г. Дзмітрыеў — наконт “Паланеза”. Могуць даць 400 радкоў. А ў ім — 1500. Сёння хадзіў у рэдакцыю, была доўгая размова, выйсця не знайшлі, з вялікім шкадаваннем забраў. Нават безганарарны не атрымліваецца, — нейкія жалезныя правілы не дазваляюць. Вось і “дажыліся палякі”…
30-га чэрвеня. Апошні “ЛіМ” — пусты, як і папярэдні. Чытаць няма чаго. Ні крытыкі, ні публіцыстыкі… Пасля 1987–1996 гадоў — неверагоднае апушчэнне, і чым далей — тым горш. Гэтак можна даехаць і да ўзроўню “ЛіМа” жычкаўскага… Вось вам і “няма цэнзуры”. Цэнзуры нібыта няма, але і свабоднага дыхання няма. Няма размовы пра тое, што баліць. А без гэтага газета мёртвая.
1- га ліпеня. Заходзіў Андрэй Мазько з Янава-Палескага, аўтар кнігі вершаў “Жывы калодзеж”. Паказаў калектыўныя зборнікі паэтаў Берасцейшчыны, галоўны віноўнік якіх — А. Каско. Малайцы, берасцейцы! Асабліва ўразіў “Дзядзінец”.
Г осць — чалавек прыстойны, сціплы. На жаль, адчуваецца адарванасць ад вялікага літаратурнага табару. У правінцыі свае меркі. Даў яму рэкамендацыю ў СБП; чалавек, несумненна, здольны.
2- га ліпеня. Да абеду быў на IV Кангрэсе дэм. сіл Беларусі, далей быць не хапіла сілы: ні стаяць, ні сядзець, і на абмеркаванне рэзалюцый не застаўся. Даклады і прамовы, за выняткам дзвюх-трох жаночых, былі змястоўнымі, палымянымі і галоўнае — мэтанакіраванымі. Усе білі ў адну кропку: у такіх выбарах, якія плануюцца, удзельнічаць нельга. Толькі — калі будуць прыняты чатыры ўмовы апазіцыі! (А яны прыняты не будуць.) Вельмі задаволіла мяне атмасфера на Кангрэсе. Нашы сілы растуць! Час працуе на Беларусь.
А ў 16.00 глядзеў і слухаў Гэнага. Гаварыў на беларускай мове. Увесь час акцэнт на тым, што галоўная задача — умацоўваць суверэнітэт Беларусі. Каб не бачыў, хто на экране і не знаёмы скрыпучы голас, падумаў бы, што сяджу на Кангрэсе ДСБ, адкуль гадзіну назад вярнуўся.
3- га ліпеня. А на плошчы Перамогі Г эны гаварыў зусім іншае. Зноў — тая ж самая песня аб яднанні і аб’яднанні.