Як усё-такі недарэчна да Дня вызвалення Мінска далучылі Дзень незалеж- насці! I аб’явілі галоўным святам краіны — Днём Рэспублікі. Аднойчы, веру, усё стане на сваё месца, “і першым святам Бацькаўшчыны стане Дзень 25-га сакавіка!” Абавязкова стане!..
На многіх ветэранаў глядзець і балюча, і сумна: так нічога і не зразумелі, якія перамены ў свеце і ў нас адбыліся.
19-га ліпеня. Думаў-думаў і ўсё-такі згадзіўся выступіць на Усебеларускім З’ездзе з дакладам (садакладам!) на тэму: “Суверэнітэт і культура” (дакладна будзе: “Дзяржаўная незалежнасць і нацыянальная культура”). Не ведаю толькі, як пры гэтым стане здароўя змагу падрыхтавацца, — каб не абняславіцца.
28-га ліпеня. “ЛіМ” апублікаваў мае публіцыстычныя нататкі (аж чатыры) пад агульнай назвай “Быў час, быў век, была эпоха…” Ну так: гэта — матэрыял для характарыстыкі часу, у якім давялося жыць.
29-га ліпеня. Выступіў на Усебеларускім З’ездзе. Зала прыняла маё слова (а гэта было менавіта слова, а не даклад) вельмі-вельмі горача, з многімі во- плескамі — усеагульнымі і бурнымі. Хоць сам не лічу яго маёй самай лепшай прамовай. Проста — шмат душы і сэрца ўклаў — і ў тэкст, і ў “выкананне”. Думаю, што на вялікай трыбуне і на вялікім форуме — гэта мая лебядзіная песня. Лепш не здолею — выцягнуў на апошнім дыханні. На гэта і трэба настроіцца. Хіба што — дажыву да перамогі над рэжымам? Але тады будзе радасць, а гэта — не тая тэма, мая — боль, смутак, гнеў.
3- га жніўня. “НВ” апублікавала маё слова на З’ездзе, за што шчыра ўдзяч- ны Сярэдзічу. Хай пачытаюць тыя, каму таксама баліць. Сёння ж “Наша Слова” апублікавала мае “Роздумы” — запіскі розных гадоў. Дакладней, сёння прынеслі газету (за 26 ліпеня). Тры месяцы праляжалі ў рэдакцыі! Пры іх вострай надзённасці (асабліва двух апошніх кавалкаў). Нечага не разумею ў паводзінах рэдактара.
24-га жніўня. Двойчы, калі мяне не было ў Менску, званіў чагосьці І.Каравайчык, які ў сваім “Здравом смысле” напісаў, што Н. Г. у палітыцы — як слон у пасуднай краме. Ну, нахаміў, ну а я плюнуў. I што яму трэба? Папрасіць прабачэння хоча? Дык прыму толькі апублікаванае ў ягонай жа газеце, а не вуснае.
4- га верасня. Я памыліўся: Каравайчык не толькі не просіць прабачэння за хамства, але пайшоў у сваіх цынічных прэтэнзіях далей: паласнуў беларускую творчую інтэлігенцыю ў чарговым нумары сваёй газеты — і прыслаў нумар мне. Ён выбраў шасцярых (Быкаў, Гілевіч, Гарэцкі і інш.) і звярнуўся да нас з адкрытым лістом, каб мы асудзілі Усебеларускі З’езд і яго рашэнне, каб не падтрымлівалі радыкальную апазіцыю ў пытанні аб выбарах і г.д. Дзівак чалавек, ці вар’ят? Ці цынічны нахабнік? Аказваецца, дзеля гэтага і званіў. Чакае адказу. Не дачакаецца. Бо — занадта ўсё зразумела.
12-га верасня. Хадзіў на юбілейны вечар Г. Каржанеўскай. Давялося сказаць невялікае слова. Напрацавала яна за чвэрць веку нямала, я нават здзівіўся: кнігі лірыкі, паэзіі для дзяцей, каля 20 п’ес для дзіцячых тэатраў (10 пастаўлена), мноства артыкулаў публіцыстычных, мноства рэцэнзій… I актыўная грамадская дзяячка. Патрыятычнага накірунку. Вось пра гэта я і сказаў. Нагадаўшы, што фактычна і мая зямлячка: школу канчала ў Янушкавічах. Была вельмі рада і ўдзячна, што я прыйшоў, а яшчэ і выступіў. А я быў балюча ўражаны, што на вечары Г. К. не ўбачыў ніводнай паэтэсы (апрача З. Дудзюк з Брэста) і нао- гул ніводнага пісьменніка (апрача А. Петрашкевіча; “ЛіМаўскіх” калег Г. К. і апаратчыкаў СП — не лічу, — гэта па афіцыйнаму абавязку). Вось так, дарагія мае!.. Слова пра жыццё і творчасць Г. К. паспрабаваў сказаць малады (35 гадоў) доктар філалогіі А. Бельскі.
У “Звяздзе” Т. Бондар выступіла з ваяўнічых пазіцый супроць беларускіх пісьменнікаў, якія не хочуць яднацца з Расіяй, а хочуць незалежнасці. Міжволі ўспомніўся 1988-ы, і яе збор подпісаў, каб скінуць Н. Г-ча з пасады Першага сакратара СП. Цяпер яна — апантаны абаронца славянскага адзінства. I пасаду атрымала (апрача таго, што рэдактар): прэзідэнт ці старшыня Міжнароднага Форума “Паслы славянства”. Між іншым, убрыкнула Дударава за негістарыч- ную, занадта вольную трактоўку вобраза Рагнеды ў “Палачанцы”.
13-га верасня. Меў сустрэчу і гутарку з У. Конанам — наконт стварэння Вольнай Беларускай акадэміі (ВБА). Гэту ідэю ён выказаў гадоў 9 назад у адным з артыкулаў у “Полымі”. Я наткнуўся на яго артыкул тыдні два таму — і вельмі загарэўся гэтай задумай, лічу, што трэба абавязкова яе ажыцця- віць. Рэч у тым, што ў НАН буйнейшыя вучоныя-гуманітарыі і пісьменнікі не ўваходзяць, у ёй беларускага духу скора не застанецца зусім. Патрэбна альтэрнатыва. Патрэбна аб’яднанне выдатных, знакамітых навукоўцаў (для пачатку — гуманітарыяў), уваходзіць у якое, быць яго членам — гонар больш высокі, чым быць у НАН. I весці ў ВБА адпаведную навуковую працу (кан- ферэнцыі, даклады, зборнікі і г.д.). Узгаднілі першыя імёны для Устаноўчай групы. Конан будзе думаць, — ён лепш ведае навукоўцаў, — каго запрасіць яшчэ… Наконт некаторых названых мною імён — у яго ёсць “пытанне” (я нават здзівіўся). Гэта мяне трохі занепакоіла: каб не ўзялі курс на “секту”, замест акадэміі. Вядома, проба на беларускасць павінна быць вельмі высокай, але — і давер павінен быць да паплечнікаў па змаганні.