Выбрать главу

27-га верасня. Сустракаўся з настаўнікамі ў Ыстытуце ўдасканалення. Звычайна, як і раней. Без энтузіязму — і з іх боку (не адчуў), і з майго. Усе яны — як у ваду апушчаныя. I не да паэзіі ім. Пра кавалак хлеба думаюць. А тут паэта прывялі…

30-га верасня. Споўнілася 69. Чуюся на 79. Задыхаюся, асабліва ноччу. Віншаванняў было больш, чым мог спадзявацца (у асноўным — па тэлефоне). Ад сяброў — адно-два. Ну і яно сабе. Усё ідзецца, як і мае быць. Без ілюзій.

3- га кастрычніка. Званіў Матукоўскі, сказаў, што Быкаў перадаваў мне прывітанне. Паверыць? Не ведаю. Усё схлусілася ў гэтым свеце. Можа, і пе- радаваў. “За кампанію”.

6- га кастрычніка. Быў — па запрашэнні Я.Д. Грыгаровіч — на юбілейнай інаўгурацыі ў БУК. Уражанне — самае добрае. Можа, нават і выкажу свае думкі ў друку.

17-га кастрычніка. Сустрэча са студэнтамі педуніверсітэта. Традыцыйная (ужо гадоў пяць сустракаемся). Моладзь — усё такая ж: настроена вельмі патрыятычна. I разумее паэзію, што таксама радуе.

18-га кастрычніка. Аддаў У. Лапцёнку рукапіс зборнічка “Лірычныя мінія- цюры” (назва будзе іншая, можа, па нейкім вершы). Гэта — для серыйнага выдання “малютак”, галоўным рэдактарам якога ён папрасіў быць мяне. Я ж і склаў яму (яшчэ вясной) праспект усяго выдання — па тэмах і па імёнах, агулам больш 70-ці кніжачак. Не ведаю, як будзе ажыццяўляцца гэта яго задума, ці хопіць пораху. Ужо адчуў, як умешваюцца і дыктуюць яму волю гэтыя — усюдыісныя.

23-га кастрычніка. Сустрэча са студэнтамі тэхналагічнага (па “Знічу”). Ужо другая ў гэтым месяцы. Надзіва хораша ўспрымаюць і паэзію і “пуб- ліцыстыку” (адказы на запіскі) тэхнолагі, будучыя інжынеры, спецыялісты не гуманітарных прафесій.

24-га кастрычніка. Пазваніла Н. Семашкевіч, што ёсць карэктура майго 3-га тома. А я, па шчырасці, ужо і карэктуры не чакаў. Ну, што, памажы Божа! Каб і кніга, хоць да Новага года, паявілася. Каб хоць трохі весялей на душы стала. Але пэўнасці няма ніякай. Ніякай! Пры такіх няпэўных парадках у краіне… чакай, чаго хочаш.

25-га кастрычніка. “Звязда” апублікавала трэці, апошні, кавалачак маіх нататак пра неабыдзённае. На тыя два першыя былі добрыя званкі — нібыта “на тваім узроўні”.

Яшчэ адна сустрэча ў Тэхналагічным. Апошняя. Вычарпаўся да астатку. Усё. Перадыхнём. Схаджу яшчэ на ўжо запланаваныя сустрэчы ў Мінскі ін- стытут кіравання (недзяржаўны) і ў Ыстытут перападрыхтоўкі спецыялістаў с/г тэхнікі — і пасля нікуды ні кроку. Вычарпаўся.

26-га кастрычніка. Зранку гадзіны дзве забраў Я. Я. Крыцкі — рэдактар “Книжного колейдаскопа”. З яго гаварлівасцю мог бы забраць і цэлы дзень. Хоча зрабіць часопіс цікавым, чытэльным і кідкім. Можа, і зробіць, энергіі, бачна, шмат. А вось ці зробіць яго беларускім (хоць бы напалавіну) — сумняваюся: у штаце рэдакцыі людзі, далёкія ад беларускай літаратуры і культуры, і зусім не сябры, мякка кажучы, нашага Адраджэння. Будуць гнуць сваё, эсэсэраўскае. Першыя пяць нумароў, прынамсі, для іншай высновы падстаў не даюць. А выдае “КК” — А. П. Аношка, вельмі мне сімпатычны беларус з Лепельшчыны (летась ён выдаў дзве паэмы — Дамавіка і Раскапэнды).

30 кастрычніка. Сустрэча ў Мінскім інстытуце кіравання. Самая цікавая з усіх за гэты год.!нстытут уразіў незвычайна! Перш за ўсё тым, чаго можна дасягнуць прыватнай ініцыятывай, калі прыкласці розум (вялікі!), сэрца і рукі, адным словам — творчую энергію, натхненне. Што ўжо яны паспелі зрабіць, пабудаваць, а якія планы, перспектывы! А як пастаўлены вучэбны працэс! Першая скрыпка — сам рэктар Мік. Вас. Суша. Ён усё цягне, — з калектывам, вядома. Выдатны арганізатар, думаю, што і навуковец таленавіты. Асоба. Не абы-якая асоба. Гутарылі з ім доўга. I да пачатку, і пасля. Мог бы спакойна кіраваць усім міністэрствам, а то і гаспадаркай усёй краіны. I быў бы лад. Дарэчы, сам быў на сустрэчы да канца — і адкрыў, і закрыў. Ужо гэта пра многае гаворыць (да яго — ніхто нідзе). Ну, і ганарар мне выдалі — амаль як Еўтушэнку ў Амерыцы.

1- га лістапада. Сустрэча ў Ыстытуце перападрыхтоўкі пры БДАТУ. Не ўзрадавала. Дзеля птушачкі. Планавая. Запрашалі філосафаў, гісторыкаў, ну і мяне, — для лекцыі, а не для паэзіі. Такой казёншчынай старых часоў дыхнула! Між іншым, і ганарар — у 20 разоў меншы, чым быў заўчора. Таму што тут дзяржаўная стаўка, а там — ацэнка па якасці, ведаюць, каго запрасілі.