Там, на банкеце, даведаўся, што ўчора вечарам прапаў Ганчар. Пайшоў з сябрам у лазню - і не вярнуўся. Схапілі! Схапілі і Ганчара, нелюдзі! Што ж будзе далей? Хто наступны? І хто спыніць гэту крывавую вакханалію, якую чыняць камандзір Беларусі і яго спадручныя?..
20-га верасня. Занёс Сярэдзічу невялікі роздум “Гэта быў самы што ні ёсць генацыд”. Напісаў пад уражаннем кнігі-альбома “Валеры Маракоў”, выдатна складзенай пляменнікам паэта Л. У. Мараковым. Кніга выйшла накладам 100 асобнікаў, адзін з іх аўтар падарыў мне.
21-га верасня. Начальнік дзяржавы ўсё больш вылазіць са скуры, усё страшней пагражае ўсю апазіцыю (“их всего сто человек каких-то”) сцерці ў парашок. Назваў “нацменамі” на нарадзе сілавікоў (я глядзеў гэту перадачу). Ці ад злосці збіўся на слове (“нацдэмамі”), ці ўжо сапраўды лічыць нас за нацыянальную меншасць?..
22-га верасня. Напісаў адну забойчую эпіграму - для “прачытай і перадай другому”. Цікава, як будзе ўспрынята хлопцамі?
30-га верасня. Дзякуючы “правакацыі” “Народнай волі” - паведамленні пра мой дзень нараджэння - столькі было званкоў віншавальных - як ніколі нават у круглыя юбілейныя даты. Што значыць СМІ! Лейтматыў усіх пажаданняў: “вы нам патрэбны! Вы вельмі патрэбны Беларусі!..”
5-га кастрычніка. Сустрэча ў педуніверсітэце. Як заўсёды ў іх - на высокім эмацыйным уздыме. Больш гадзіны падпісваў Другі том Збору твораў - купілі 90 экз. (па 310 тысяч 1 экземпляр!). Некалькі дзясяткаў запісак з пытаннямі - разумнымі, вострымі, смелымі. Вось і думай: якая ж яна - наша сучасная моладзь? А выдатная! З такой не загінем!..
12-га кастрыічніка. Юбілейная канферэнцыя на філфаку. Выступіў з прывітальным словам. Быў з Англіі А. Макмілін - трохі пашапталіся (у прэзідыуме), падарыў яму свае кнігі, у т. л. “Любоў прасветлая”. А пасля была дзікая п’янка ў кабінеце дэкана, у якой прыняў удзел, аб чым бясконца шкадую. Усё яшчэ думаю, што ў такіх застоллях можа быць нешта цікавае. Факультэт трапіў у рукі далакопаў беларускай мовы.
14-га кастрыічніка. Канферэнцыя (чытанні?), прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння А. Бабарэкі. Выказаў свае думкі пра гэтага выдатнага крытыка і я. Акцэнтаваў увагу на трагічнасці яго лёсу - яго і ўсяе беларускай літаратуры. Трэба будзе гэтае маё слова дзе-небудзь апублікаваць. Дзеля вастрыні тэмы. Каб многія яшчэ раз задумаліся, які жахлівы генацыд тварыўся на беларускай зямлі пры бальшавіках.
29-га кастрыічніка. Святочны юбілейны вечар філфака. Лепш бы мае вочы не бачылі, а вушы не чулі! Каб хоць як-небудзь заявіць пратэст супроць ганебнага балагану - не дачакаўся канца, дэманстратыўна пайшоў з залы. Дамоў. Ай-я-я- яй! - на якім “інтэлектуальным” узроўні падавалася гісторыя філфака!..
10-га лістапада. Доўгі час актывіст ТБМ на аўтазаводзе І. І. Спосабаў агітаваў мяне сустрэцца з навучэнцамі тэхнікума, - іхняга, завадскога. Запэўніваў, што збярэцца ўвесь тэхнікум. Угаварыў. Паехаў - сёння апаўдні. Ужо на месцы “арганізатар” прызнаўся: прыдзе на сустрэчу толькі 15-20 чалавек, адна група падлеткаў, - больш маштабнай сустрэчы з Н. Г. дырэктар не дазволіў. Яшчэ і папярэдзіў: калі паэт хоць слова скажа супроць рэжыму - паляціш з работы. Вярнуўся дадому прыніжаны і абражаны.
16-га лістапада. Рада ТБМ. Прынялі пастанову аб удзеле ў стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта. У аргкамітэт увялі і мяне. Прынялі пастанову аб юбілейнай канферэнцыі - 10 гадоў Закону аб мовах (26.1.2000). Дамагаліся, каб я быў дакладчыкам — не згадзіўся. Хоць ведаю, як рыхтаваўся і прымаўся Закон, мабыць, лепш за іншых. І менавіта таму не я павінен гэты даклад рабіць. Зробіць А. Б. і дакажа, што Закон падрыхтаваў і прыняў Чыгрынаў (уся заслуга, што на сесіі, як адчуў, куды хіліцца, сказаў: “да, нада прыняць”).
18-га лістапада. Адбылася прэзентацыя майго другога Тома ў кнігарні “Светач” (арганізаваў Г. Чарказян). Хораша сказалі пра маю міласць Вярцінскі, Пісьмянкоў, Мятліцкі. Хораша вёў сустрэчу Левановіч. Быў і дырэктар М., які зрэзаў 6 тамоў на 4. Давялося патлумачыць, чаму гэта зроблена. Каб выдаць не 6, а 15. (Дадаць 3 тамы публіцыстыкі, 3 - паэзіі славянскіх народаў, 1 том для дзяцей, 1 том крытыкі і літаратуразнаўства, 1 том фалькларыстыкі.)
24-га лістапада. Юбілей “Бярозкі” ў дзіцячай бібліятэцы на Урыцкага. Выступіў з трактоўкай некаторых праблем літаратуры для дзяцей. Чаму так слаба развіваецца? Прычына - у духоўным (бездухоўным) стане грамадства. Знік культ дзіцяці, павага і любоў да малыша. Грамадства абыдлела.
Пасля абеду быў на пасяджэнні Рады СП, прымалі ў Саюз. У тым ліку Г.Аўласенку, якому я даў рэкамендацыю. Прайшоў аднагалосна.