6-га траўня. Вечарам — на прыёме ў пасла Турцыі Шуле Соймал; яна ад’язджае, развітальны (грандыёзны!) банкет. Шкада, што не будзе такога сімпатычнага Пасла.
7-га траўня. З раніцы — у Скарынаўскім Цэнтры. Круглы стол “Дзяржава і культура”. Мала пачуў радаснага. Або “дзяжурнае”. афіцыйнае, або — баязлівае. Пабыў да абеду.
15-га траўня. Пасля абеду — у Нацыянальнай Бібліятэцы. Гартаю беларускія часопісы 1942–1944 гадоў: “Беларуская школа” (па якім я вучыўся), “Жыве Беларусь”, “Беларус на варце”, “Новы шлях”. Неймаверна цікава! Раблю шмат выпісак — у разліку на скарыстанне ў публіцыстычных артыкулах.
17-га траўня. Шаўчэнкаўскі вечар у Музеі Коласа (у двары пад дожджыкам). Гаварыў і прачытаў вершык пра Кабзара. Быў пасол Украіны А.А. Дронь — слаўны чалавек, сябар Беларусі, вялікі патрыёт, сапраўдны сын Бацькаўшчыны. Як выдатна ён разумее нашу беларускую сітуацыю! І колькі зрабіў для ўмацавання нашай дружбы! Як непадобны на яго нашы амбасадары (у бальшыні сваёй)!
18-га траўня. Ездзіў у Ліду (з дзяўкамі Лапцёнка) прапагандаваць выданні “Кнігі”. Трохі лепш, чым было ў Салігорску, але зноў жа — трафарэтна і… нават не ведаю, як сказаць. Свята не было — ні для мяне, ні для прысутных. Бо “прысутныя” — прыгнаныя ў залу навучэнцы нейкага ПТВ. Як раней прыганялі роты дзве-тры салдат (з іх палавіна — нацмены і беларускай — ні бе-моль). Ну, а як іначай? Свабодны вечар паэзіі па аб’яве? Прыйдзе 10–15 чалавек — як было летась у Зэльве. Была такая ганьба — што хоць засілься.
16-га чэрвеня. Быў, па запрашэнні (па вялікай просьбе!), на Сойме Маладога Фронту. Вядома ж, папрасілі выступіць. Сказаў пра самае істотнае — што ўсе надзеі на моладзь. І прачытаў “Кліч да беларускай моладзі”. А моладзь — ёсць!
19-га чэрвеня. Прэзентацыя кнігі “Шчыра як на духу” ў бібліятэцы імя Купалы. Усе (і Законнікаў, і Кудравец, і Вярцінскі) добра гаварылі. І добра пасля пілі віно. Але браў слова і адзін спартсмен, шабліст, чэмпіён, удзельнік “Споведзі” — о, якой дыхнула імпершчынай! Адкрытай і нахабнай. “Пушкин превыше всех! Вы что же — не понимаете? Язык Пушкина изучает весь мир, а вы тут…” і г. д.
1-га ліпеня. Званілі з СП, запрашалі на свята ў гонар Купалы ў Вязынку — каб выступіў на эстраднай пляцоўцы. Не паеду. Каб не трапіць у пастку. Хоць і крыўдна — страшна!
17-га верасня. Хадзіў да рэктара БДУ А.У. Казуліна — прасіў аб вяртанні на кафедру філфака Н.І. Вырашыў у маёй прысутнасці — імгненна. А то дзякаваць Богу!..
21-га верасня. Ездзіў на магілу М. Матукоўскага, а пасля быў і ў яго хаце ў застоллі. Хораша пра яго гаварылі Бураўкін, Сухарукаў, Глебава (вельмі хораша!). Паўспамінаў трохі і я. Побач сядзеў І.М.Л. Усё ў той жа іпастасі — ні то патрыёт Беларусі і беларускай культуры, ні то халуй Масквы. Яшчэ “далазіў”, што я думаю пра Гэнага.
24-га верасня. Адбыўся ХІV з’езд пісьменнікаў. Старшынёй выбралі А.Пашкевіча — не без маёй дапамогі (у сваім слове я заклікаў: даць лейцы маладым!). Выбары ішлі ў аўдыторыі, напалавіну п’янай, і вёў пасяджэнне п’яненькі У. П. У арганізацыйным плане З’езд зусім не падрыхтаваны — відаць, І-ва, ведаючы, што ёй нічога не свеціць, наўмысна самаўхілілася ад падрыхтоўкі З’езда. Яна вельмі хацела, каб ён не адбыўся, каб застацца на пасадзе (як бы цяжка ні было). На маё здзіўленне — я атрымаў толькі 35 галасоў супроць (Быкаў і Барадулін — 59 і 62, Бураўкін — 43). 35 — гэта дробязь, гэта адных запраданцаў столькі было ў зале (да нават больш!).
Слова маё ўспрынялі так, як я і хацеў бы — усё зразумелі і засведчылі сваю салідарнасць, — і ў зале, і пасля ў кулуарах.
20-га кастрычніка. Колькі дзён таму быў на першым пасяджэнні Рады выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Вельмі прасіў увайсці ў Раду дырэктар Мачульскі. Паразважыў — і даў згоду. На нейкі час. Калі толькі што-якое — калі будзе гнуцца не туды, — наша вам!..
30-га кастрычніка. Хадзіў на аргкамітэт па падрыхтоўцы Усебеларускага Сходу інтэлігенцыі, некалькі разоў браў слова ў спрэчках (усё яшчэ лезу, не ўгаманіўся). Быць адным з дакладчыкаў — як ужо размеркавалі, — адмовіўся. Не выцягну. Так і сказаў: не выцягну. Выдыхся да астатку.
Сказаў Б-ну, што пра мяне (якую няпраўду) нясе па “Свабодзе” Быкаў, — зрабіў выгляд, што нічога не чуў, не ведае. А няпраўды, вельмі крыўднай для мяне, абразлівай, — шмат: і Адамовіча я выгнаў з Беларусі, і супроць утварэння БНФ выступіў (заадно з Краўчанкам), і ад сораму за Закон аб мовах галаву апускаў (побач з Дземянцеем!) і сёе-тое яшчэ. Ах, Васіль, Васіль! Як жа ты паблытаў аднойчы мяне з некім! Як жа гэта сталася?!