30-га лістапада. Зранку быў на Вайсковых могліцах ускладалі кветкі Купалу і Коласу. Затым — у Вязынцы, дзе А.А.Дронь даў “прыём”, і мы развіталіся з украінскімі сябрамі (з Вязынкі яны падаліся прама на Кіеў — “рафікам” еўрапейскай вытворчасці, цудоўным мікрааўтобусам, якім і прыехалі ў Мінск). Кожнаму з гасцей падарыў сваю кнігу ці кніжыцу, перадаў і томік для Тамары Каламіец.
3-га снежня. Ну, дык не памыліўся, пачалося! У сённяшняй “Звяздзе”. У маёй яшчэ нядаўна любімай “Звяздзе”! Пачала Бондар. Як сука, што з ланцугу сарвалася. Не сумняваюся, што гэта толькі пачатак, толькі сігнал да атакі. “Звязда” не апублікаваць не магла (жывёльны страх паралізаваў), але хоць бы адным радком адмежавалася ад гэтай гнюснай брыдоты! Не! Пагадзілася з фашыстоўкай цалкам. “Атрымаў па заслугах. Так яму і трэба!” Ну, што ж, віншую! І дзякую.
5-га снежня. За тры дні — 3-га, 4-га і 5-га — толькі адзін чалавек, Алесь Траяноўскі, пазваніў, выказаў абурэнне і папрасіў не браць да сэрца “брудную пісаніну смярдзючай пачвары”. Раблю выснову, што мае сябры “Звязду” не выпісваюць і не чытаюць.
6-га снежня. “НВ” змясціла рэдакцыйны артыкул у абарону Н.Г-ча. “Чытайце: пякучая праўда”. Артыкул моцны, пачвара атрымала па зубах як трэба. У нумары — і яе фашыстоўская вылазка, — каб чытачы пабачылі на свае вочы. Змешчаны яшчэ раз і мае вершы, якія трапілі не ў брыво, а ў вока.
З гэтае нагоды патэлефанавалі: чытачка Ір. Рыч, чытач Ал-др Ал-др., кампазітар Смольскі, мастак Вашчанка, Арсень Ліс і Ніна Мацяш. І ўсё… Болей ніхто не азваўся, не падтрымаў добрым словам, не асудзіў паскудніцу. Раблю выснову, што мае сябры і “Народную волю” не выпісваюць і не чытаюць.
9-га снежня. За апошнія тры дні пазванілі і падтрымалі мяне добрым словам Я. Мальчэўская (з Віцебска) і П. Місько.
Вечарам быў у Музеі Багдановіча — якраз Дзень Максіма. Запрасіў Э.Акулін, і я не сумняваўся, што вечарына прысвечана Вялікаму Паэту. Ашукаўся: сустрэча была прысвечана творчасці Эдуарда.
Дарэчы, ніхто з прысутных паэтаў (а былі і ўсе кіраўнікі СП, апрача Кудраўца) ні слова не сказаў мне наконт пасквіля Бондар у “Звяздзе”, ды і наконт водпаведзі ёй у “Народнай волі”. Як бы і не бачылі, і не чыталі. Не разумеюць, што публікацыя Пачвары — гэта пачатак таго страшнага, што ўжо аднойчы было ў Беларусі і кончылася 37-м? Ці, можа, яшчэ горш — думаюць: “а такі і варта, надта ж ужо… гэта самае!”? Ну, добра. Думайце, сябры, як знаеце. Але хто будзе наступны?
10-га снежня. Азваўся, нарэшце, і Янка Брыль. Пахваліў “абарончы” артыкул у “НВ”. Параіў мне плюнуць на пасквіль…
11-га снежня. Сёння раніцой памёр Грахоўскі. Званіў унук Андрэй з СП, прасіў дапамагчы знайсці каго з начальства, у СП ні душы няма. Я знайшоў Акуліна, усё яму растлумачыў, той паабяцаў тэрмінова адшукаць Пашкевіча. Пазваніў Маруку, папрасіў перадаць Мачульскаму (сам не здымае трубку — нарада, так патлумачыў Марук). Пазваніў на кватэру С.І., пагаварыў з дачкой Тацянай. Калі будзе пахаванне, яны яшчэ не рашылі.
12-га снежня. Днём больш трох гадзін праседзеў у “Кнізе” ў Лапцёнка. Быў і старшыня Таварыства Прыгодзіч. Трымалі справаздачу кіраўнікі абласных аддзяленняў. Карціна зусім бязрадасная, фактычна арганізацыя кнігалюбаў развальваецца і гіне. Больш-менш весялейшая сітуацыя на Віцебшчыне. На Гомельшчыне засталіся дзве суполкі — Гомель і Мазыр. Тое ж і на Берасцейшчыне.
Усе ў адзін голас: няма беларускай кнігі! Наладзілі землякі свята паэзіі ў гонар Ан. Грачанікава — а ніводнай кнігі паэта на свяце не было. А адкуль быць? Ужо гадоў дзесяць яго творы не выдаваліся. Між іншым, маглі б узяць на сябе гэты абавязак улады вобласці. Само Таварыства памагло выдаць кніжыцы паэзіі Т. Мельчанцы і Н. Шкляравай.
Прапаганда беларускай кнігі сіламі дзяржавы нідзе не вядзецца. Зусім і ніяк! А рускіх (расійскіх) кніг усюды навалам, і рэклама на кожным кроку. Гэта і зразумела: гаспадар кнігарні мае расійскай літаратуры на сотні мільёнаў рублёў, і яе трэба прадаць. Дык яна і рэкламуецца. А беларускіх кніг у яго — на 6 %, гэта ў лепшым выпадку. Дык і ліха з імі! Ці хто купіць ці не купіць — такой бяды, адзін працэнт пагоды не робіць (калі і гэты “адзін” ёсць — што сумнеўна).
У час пасяджэння зайшлі два агенты нейкай дзяржаўнай фірмы па распаўсюджанні расійскіх ілюстрацыйных часопісаў — два беларускія хлопцы, якія такім чынам зарабляюць грошы, у спадзяванні “скалаціць капітал” (што натуральна). Пакінулі ўзоры гэтых глянцавых размазюканых выданняў: “Разгадай” і “Сделай паузу”. Такіх расейскіх выданняў — сотні, і завозяцца яны ў Беларусь мільёнамі экземпляраў. Тысячы кіёскаў і кнігарань забіты расейскай прадукцыяй, забіта, завалена ўся Беларусь! Не прадыхнуць! Пад гэтым навалам гіне беларуская душа, а значыць і сама Беларусь. Вось што значыць — антыбеларускі, антынацыянальны рэжым! Вось што значыць — нянавісць да “беларушчыны” ў душах кіраўнікоў краіны! Вось што значыць — рабска-халуйская прырода і парода тых, хто захапіў у Беларусі ўладу!..