19-га снежня. Дні чатыры назад успомніў, што паабяцаў Пісьмянкову падборку балгарскага гумару і сатыры для рубрыкі “Класікі смяюцца”. Уткнуўся ў зборнік “Смешки и болежки”, і неспадзявана для сябе зачапіўся за адну “болежку” вокам і глуздом і — і пагнаў і пагнаў, на сёння ўжо эпіграм дваццаць гатова. Як бы знайшоў аддушыну ад чорных думак, ад беспрасветнай скрухі.
Прыкладна а паўтрэцяй, як і дамаўляліся, зайшла Н.М. Санько — з навагоднім падарункам: аж чатыры кнігі выдавецтва “Тэхналогія”, сярод якіх неацэнны том “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. Сапраўды, кнізе няма цаны. Што яны зрабілі, Санько і Саверчанка! І, вядома ж, Яўген Кулік, — асабліва, што датычыць афармлення (і не толькі!). І, вядома ж, Наталля Міхайлаўна Санько — і рэдактар, і карэктар, і стыліст, і макеціроўшчык… Пакуль што перагартаў толькі абегла, але магу пэўна сказаць, што здзейснены творчы і грамадзянскі подзвіг. Калі б гэту кнігу выдаць накладам 500 тысяч асобнікаў — каб у кожнай беларускай сям’і стала настольнай, — за адно дзесяцігоддзе ўсё насельніцтва Беларусі стала б нацыянальна свядомым і патрыятычным, і праблема нашага суверэнітэту і незалежнасці была б вырашана назаўсёды. Вядома ж, гэтая Кніга працавала б на душу і свядомасць народа не адна, а ў сукупнасці з іншымі (іх, дзякаваць Богу, нямала), але яна была б галоўнаю, тою, што “вядзе рэй”, што цягне самы цяжкі плуг нашага нацыянальнага адраджэння. Як жа зрабіць гэта — як аддрукаваць і распаўсюдзіць 500 тысяч паасобнікаў?
20-га снежня. Прыйшла пошта з Балгарыі — газеты і лісты. У Сафіі, паведамляе Найдзен, выйшаў том-трыпціх: Купала, Колас, Багдановіч. Брава, сябры-браты балгары! Адбылася ўжо і прэзентацыя, як я зразумеў — досыць прадстаўнічая. Былі Рыма Германава і сын Давыдкава Яраслаў, апошні чытаў пераклады бацькі, што мяне кранула амаль да слёз. Дарагія, мілыя людзі!..
Апаўдні зайшоў В. Болтач, прынёс абяцаныя газеты з праўдай пра партызан Лагойшчыны (два нумары “Беларускай газеты”) і расказаў пра ўчарашні агульны сход Літфонда Беларусі. Як і было задумана, да кіраўніцтва Літфондам прыйшлі лукашэнкаўцы. Тое, што расказаў Болтач, а пасля брат Мікола (па тэлефоне), паставіла ўсе кропкі на сваё месца. Узяты магутны рэванш за з’езд. А галоўнае… галоўнае, што і выйсця няма: Літфонд даўно голы, ад “Іслачы” засталіся рожкі ды ножкі, ён даўно не дзейнічае, пустуе. Банда (іначай не назавеш) зрабіла сваю цёмную разбойную справу. Дзеля гэтага яна і прыбрала да рук Саюз пісьменнікаў, — з уласцівым ёй цынізмам і пагардай да беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Ну, а бедныя, няшчасныя капыловічы ды слаўковічы — ім абы хоць нейкая костка са стала, хоць абгрызеная.
Ну, што ж, праз колькі месяцаў гэтага СП, што здабыў перамогу на з’ездзе, не стане. Адбудзецца новы сход (кангрэс, з’езд), будзе выбрана новае кіраўніцтва, — хто не падзяляе ідэйныя пазіцыі і агульны палітычны курс Урада, — прэч, вон, каб і духу не смярдзела! Або — сядзіце і не шкніцеся!.. Дык хоць пуцёўку са скідкай атрымаеце ў Дом творчасці, калі, вядома, ён будзе наш.
21-га снежня. Прачытаў учарашні “ЛіМ”. Пра юбілей А. Васілевіч і У. Рубанава (было б 50 усяго). Добра напісаў пра А.С. Б. Бур’ян — справядліва. Усё-такі пісьменніца яна выдатная — і адметная. Чым? Інтэлігентнасцю, высакароднасцю таленту, а г. зн. сваёй чалавечай сутнасцю, “светлая Панна” ў нашай літаратуры, — сказаў Бур’ян. Правільна. Святло, дабрыня, любоў — у аснове. Можна і так сказаць: паэзія. Яе проза вельмі паэтычная. Такія апавяданні, як “Мыс Добрай Надзеі”, — гэта ж паэма. Дый усе яе аўтабіяграфічныя аповесці. І эсэістычныя нататкі.
У маштабнага пісьменніка вырастаў таленавіты Рубанаў. Некалі я падтрымаў яго добрым словам, — яшчэ пасля першага апавядання ў “ЛіМе”. Пісьменнік моцнай унутранай культуры думання і пісьма, уважлівы да стылю, прынцыпова строгі ў пошуках свайго слова, ды і мысляр цікавы, аб чым сведчаць апублікаваныя ў свой час яго афарызмы і дзённікавыя занатоўкі. І трэба ж! — на 42 годзе памёр, ды і з-за нейкай недарэчнасці, нібыта. Трэба будзе ўдакладніць у Масарэнкі.
22-га снежня. Каля 9 патэлефанаваў Алене Сямёнаўне — павіншаваў, пажадаў здароўя, падзякаваў. Падзякаваць ёсць за што. Хай Бог будзе міласэрны і дасць ёй “затрымацца” доўга-доўга.