29-га снежня. Паэт з Берасцейшчыны Іван Лагвіновіч прыслаў мне два свае зборнікі вершаў — “Разлукі выраёвыя” і “Піліпаўка” (2000 і 2001; блаславілі ў свет — Пракаповіч Мікола і Алесь Каско, малайцы хлопцы, што заўважылі і падтрымалі гэтага таленавітага паэта). Лагвіновіч больш трыццаці гадоў ахвяраваў Данбасу, палавіну з іх, калі не болей, у падзямеллі, калоў вугалёк для Радзімы, нажыў цяжкую хваробу лёгкіх, у 50 гадоў выйшаў на пенсію і вярнуўся на Бацькаўшчыну, з 1992-га жыве ў Баранавічах. Вярнуўся паэтам — сталым, моцным, самабытным і — з добрай беларускай мовай (у Данбасе шмат друкаваўся на данбаса-рускай).
Лагвіновіч пытае парады, ці варта яму ўступаць у СБП. Сам я гатоў выйсці з гэтага СБП, але рэкамендацыю яму напішу, — пакуль у Саюзе ёсць Каско, Пракаповіч, Мацяш і… я, грэшны, — ён будзе з намі.
30-га снежня. Не зусім дарэчы, бо — пераднавагодняя мітусяніна, зайшлі з “рабочым пытаннем” Андрэй і Алена Лапцёнкі. Яны будуць складальнікамі зборніка паэзіі пра Беларусь, які мяркуецца выдаць у серыі “Народная бібліятэка”. Задума гэта належыць Лапцёнку-бацьку; я горача яе падтрымаў: абавязкова такую кнігу трэба выдаць, — кнігу, якая будзе істотна адрознівацца ад ранейшых (часоў СССР) тым, што не мецьме слядоў хваласпеву бальшавіцкай імперыі, што адлюструе самае шчырае і самае запаветнае слова беларускіх паэтаў пра сваю “краіну-браначку”. Натуральна, у ёй будуць прадстаўлены паэты новых пакаленняў і — што асабліва важна — паэты з беларускай дыяспары, паэты-эмігранты, слова якіх пра Беларусь раней на радзіме не гучала. Гэта я і сказаў сёння “на кансультацыі” ўкладальнікам будучай кнігі.
31-га снежня. Вось і завяршыўся 2002-гі — чорны, нядобры, неспрыяльны год. Нядобры і для маёй Радзімы, і для майго народ, а значыць — і для мяне. Нічога, што хоць бы трохі ўсцешыла душу, ён не прынёс.
А што напісаў за год? Жменьку “танкаў” ды дзесятак публіцыстычных цыдул? У такім узросце, калі трэба даражыць кожным днём? На што ж я зблоціў 52 тыдні? Да таго ж і здароўе ссадзіў — у нейкую разваліну ператварыўся… І ад Новага — анічогачкі не чакаю. Анічагусенькі!..
Завяршыўся 2002-і — завяршыўся і дзённік майго жыцця. Больш запісаў не раблю. Не бачу сэнсу. Каб нехта некалі зразумеў, у які час я жыў і як лёс са мной і з намі абыходзіўся, — дастаткова таго, што напісана: і ў дзённіку, і ў артыкулах, і ў вершах…
Бывай, мой самы шчыры суразмоўца! Сказаць “да сустрэчы”, на жаль, не магу. Бывай!
Ніл Гілевіч