Выбрать главу

Потым я зноў прылёг і паспрабаваў заснуць, але замест гэтага зноўку пачаў змагацца з цемраю. Дождж на двары суняўся, і не было чуваць ані гуку. Я доўга прыслухоўваўся і не мог супакоіцца, аж пакуль не пачуў крокаў на вуліцы   – па ўсім відаць, гэта прайшоў паліцыянт. Пасля я пачаў пстрыкаць пальцамі і смяяцца. Ха-ха! Чорт пабірай! У галаву мне прыйшло новае, небывалае слова. Я прыўздымаюся на ложку і кажу: «кубоа», – такога слова няма ў мове, я сам яго прыдумаў. Як і кожнае слова, яно складаецца з літар… мілы Божа!.. ага, чалавеча, ты стварыў слова… «кубоа»… яно мае вялікае значэнне для граматыкі.

Гэтае слова выразна паўставала перад маімі вачыма ў змроку.

Цяпер я сяджу на ложку, шырока расплюшчыўшы вочы, дзіўлюся сваёй знаходцы і смяюся ад радасці. Я кажу шэптам: мяне ж могуць падслухаць, а я хачу захаваць сваё вынаходніцтва ў таямніцы. Ад голаду мною авалодала трыумфальнае вар’яцтва: боль ужо не меў улады нада мною, думкі зусім парасцугляліся. Я пачынаю разважаць над значэннем новага слова; думкі дзівосна паскакалі наперад.... Не, яно зусім не значыць «Бог» або «Тывалі», і з якой нагоды яно павінна абазначаць «звярынец»? Сашчапіўшы пальцы ў кулакі, я паўтараю: «З якой нагоды яно павінна абазначаць звярынец?» Калі ўдумацца, яно не можа значыць «вісячы замок» або «ўзыход сонца». Але сэнс яго выявіць не так ужо складана. Я пачакаю, гэта справа часу. А пакуль можна паспаць.

Я ляжу на ложку і ўсміхаюся моўчкі, нічога не кажучы ані «за», ані «супраць». Але праз некалькі хвілін я пачынаю хвалявацца: новае слова не дае мне спакою, яно раз-пораз вяртаецца і нарэшце цалкам авалодвае маімі думкамі, праз што я раблюся вельмі сур’ёзны. Я ўжо цвёрда вырашыў, чаго яно не павінна абазначаць, але не вызначыў, што ж яно ўсё-такі значыць. «Гэта неістотнае пытанне!»  – гучна кажу я сабе, ушчаперваюся сам сабе ў руку і паўтараю, што гэта  – неістотнае пытанне. Слова, з Божай дапамогаю, знойдзенае, і гэта – галоўнае. Але думка пра тое, што яно можа значыць, не пакідае мяне, перашкаджае заснуць: перад гэткім выключным словам я бяззбройны. Нарэшце я зноў сядаю на ложак, сціскаю абедзвюма рукамі галаву і кажу: «Не, напэўна ж немагчыма, каб яно значыла «эміграцыя» або «тытунёвая фабрыка»! Калі б яно магло значыць што-небудзь такога кшталту, я даўно б ужо спыніўся на гэтым і зрабіў бы адпаведныя высновы. Не, гэтае слова папраўдзе народжанае для абазначэння чагосьці духоўнага: пачуцця, душэўнага стану… як жа я да гэтага часу таго не зразумеў? Я капаюся ў памяці, шукаю якое-небудзь духоўнае паняцце, і раптам мне здаецца, быццам я чую нечы голас, быццам нехта ўмешваецца ў мае развагі, і я кажу злосна: «Гэта яшчэ што такое? Вось ідыёт, якіх свет не бачыў! Як жа яно можа значыць «прадзіва»? Да д’ябла!» З якой такой нагоды мне пагаджацца, што яно значыць «прадзіва», калі я з самага пачатку быў супраць гэтага? Бо слова прыдумаў я, і я маю поўнае права надаць яму той сэнс, які пажадаю. А я, здаецца, яшчэ не выказаў свайго меркавання…

Але думкі мае рабіліся ўсё больш бязладнымі. Нарэшце я саскочыў з ложка і стаў шукаць водаправодны кран. Піць мне не хацелася, але галава была гарачаю, і мяне цягнула да вады. Напіўшыся, я зноў лёг і вырашыў так ці гэтак, але заснуць. Заплюшчыўшы вочы, я прымусіў сябе супакоіцца. Пасля гэтага я праляжаў некалькі хвілін, не зварухнуўшыся. Я заліваўся потам і адчуваў у сваіх жылах шалёныя штуршкі крыві. Не, падумаць толькі, як выдатна гэта атрымалася, што ён стаў шукаць грошы ў тым папяровым скрутку! Ён кашлянуў разок. Пэўна, што ён да гэтага часу там блукае? Сядзіць на маёй лаўцы?.. Перламутравая сінеча… Караблі…

Я расплюшчыў вочы. Якая была карысць заплюшчваць іх, раз я не мог заснуць! Усё той жа змрок атачаў мяне, усё тая ж бяздонная чорная вечнасць, праз якую не магла прабіцца мая думка. З чым бы яго параўнаць? Я зрабіў адчайнае намаганне, каб вышукаць самае чорнае слова для абазначэння гэтага змроку, гэткае жахліва чорнае слова, каб мой рот пачарнеў, прамаўляючы яго. Божа мой, як жа цёмна! І я зноў пачынаю думаць пра гавані, пра караблі, пра чорных пачвар, што пільнуюць мяне. Яны хацелі прывабіць мяне, схапіць і звезці за моры і землі, у чорныя, нікім не бачаныя краіны. Мне здаецца, быццам я на караблі; вось я паплыў у моры, узняўся да аблокаў і падаю, падаю… Я выдаю роспачны крык і сціскаю рукамі край ложка: гэта быў небяспечны палёт, я са свістам ляцеў долу, не раўнуючы як той мех з камянямі. І калі рукі мае адчулі цвёрды бераг ложка, я зусім не адчуў, што я ўратаваны. «Вось яна, смерць, – сказаў я сам сабе. – Цяпер ты памрэш!» Пэўны час я разважаў пра сваю непазбежную смерць. Потым прыўзняўся на ложку і сурова спытаў: «А хто сказаў, што ты павінен памерці?» Раз я сам прыдумаў слова, то маю поўнае права вырашыць, што яно павінна значыць… Я чуў свой голас, чуў свае ўласныя фантазіі. Гэта было вар’яцтва, трызненне, спароджанае слабасцю і выпетранасцю, але я не страціў прытомнасці. І раптам мяне скаланула думка, што я звар’яцеў. Ахоплены страхам, я саскочыў з ложка. Хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, паспрабаваў іх адчыніць, некалькі разоў стукнуўся аб іх усім целам, каб выбіць, потым уткнуўся лбом у сцяну, гучна застагнаў, кусаючы сабе пальцы; я плакаў, мармытаў праклёны…