Усё было ціха, адно мой голас кідаўся сюды-туды ў камеры, бяссільны пераадолець тоўстыя муры. Усё, ногі больш не трымаюць мяне, і я падаю на падлогу. Высока над сабою я ўжо цьмяна бачу ў сцяне шэры квадрат, ён набывае белаватае адценне, і ўва мне ўспыхвае прадчуванне: гэта ж дзённае святло. Ах, з якою палёгкаю я тады ўздыхнуў! Я распасцёрся на падлозе і плакаў, радуючыся пробліску святла, гэта былі слёзы ўдзячнасці, я пасылаў з акна паветраныя пацалункі і паводзіў сябе як вар’ят. Але і ў гэтай хвілі я разумеў, што раблю. Уся мая прыгнечанасць адразу знікла, роспач і боль прайшлі, мне нічога больш не было трэба, я не мог згадаць аніводнага няспраўджанага жадання. Я сеў на падлогу, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і цярпліва чакаў надыходу дня.
«Якая жахлівая была ноч! Дзіўна, што ніхто не пачуў галасу», – са здзіўленнем думаў я. Але ж я быў у рэзервовай камеры, размешчанай нашмат вышэй за ўсе астатнія. Беспрытульны дзяржаўны радца, калі можна так сказаць. Цяпер у мяне быў выдатны, нічым не азмрочаны настрой, я пільна ўглядаўся ў акно, за якім усё мацней бралася на дзень, і забаўляўся, уяўляючы, нібыта я важная асоба, я называў сябе фон Тангенам і намагаўся выказвацца так, як належыць высокаму чыноўніку. Фантазія мая па-ранейшаму працавала, але я стаў нашмат спакайнейшым. Праклятая безуважлівасць: праз яе я забыўся дома мой кашалёк. Ці не зробіць мне спадар дзяржаўны радца вялікі гонар, ці не дазволіць ён прапанаваць яму ложак? З надзвычайнай важнасцю, вельмі цырымонна, я падышоў да ложка і лёг.
Зрабілася ўжо гэтак светла, што я мог выразна бачыць сцены камеры, а праз пэўны час разгледзеў на дзвярах цяжкую клямку. Гэта супакойвала мяне: аднастайны змрок, такі раздражняльна шчыльны, што я не бачыў самога сябе, рассыпаўся, кроў у маіх жылах цякла павольней, і неўзабаве я адчуў, як у мяне зліпаюцца павекі.
Мяне разбудзіў стук у дзверы. Я ўскочыў і хуценька апрануўся; мая вопратка яшчэ не высахла з учорашняга вечара.
– Калі ласка, уніз, да дзяжурнага, – сказаў паліцыянт.
«Значыць, мяне зноў чакаюць усякія фармальнасці!» – з жахам падумаў я.
Я спусціўся ўніз, у вялікі пакой, дзе сядзелі трыццаць або сорак бяздомных людзей. Паводле запісу ў пратаколе іх па чарзе выклікалі і давалі ім талоны на абед. Дзяжурны, які стаяў побач з паліцыянтам, раз-пораз пытаўся ў яго:
– Талон выдадзены? Не забывайце выдаваць талоны. Бо яны, як відаць, галодныя.
Я глядзеў на ўсе гэтыя талоны і марыў таксама займець адзін.
– Андрэас Танген, журналіст!
Я выйшаў наперад і пакланіўся.
– Паслухайце, а вы якім чынам сюды трапілі?
Я растлумачыў, як яно ўсё было, расказаў тую ж гісторыю, што і ўчора, я хлусіў, не павёўшы вокам, хлусіў цалкам шчыра: заседзеўся ў кавярні, згубіў ключ…
– Ах, так, – сказаў ён і ўсміхнуўся. – Вунь яно што! Ці добра вам удалося ў нас выспацца?
– Як дзяржаўнаму радцу, – адказаў я. – Як дзяржаўнаму радцу!
– Вельмі рады! – сказаў ён, устаючы. – Да пабачэння!
Я пайшоў.
Каб жа і мне, каб жа і мне талончык! Я не еў доўгія тры дні і тры ночы! Хоць бы адзін кавалачак хлеба! Але ніхто не прапанаваў мне талона, а папрасіць я не наважыўся. Гэта адразу выклікала б падазрэнне. Яны б пачалі капацца ў маіх асабістых справах і шукаць, хто я такі ў сапраўднасці, і арыштавалі б мяне за фальшывыя паказанні. Высока падняўшы галаву і засунуўшы рукі ў кішэні, я выйшаў з ратушы ганарліва, нібы мільянер.
Сонца ўжо ладна пачынала прыграваць, была дзясятая, плошчу запоўнілі экіпажы і пешаходы. Куды пайсці? Я пляскаю сабе па кішэнях, намацваю свой рукапіс: