– Аб адзінаццатай паспрабую зазірнуць да рэдактара.
Стоячы каля балюстрады, я назіраю, як пада мною віруе жыццё, а ад маёй вопраткі ідзе пара. Голад зноў прачнуўся ўва мне: ён болем сціскае грудзі, прабягае сутаргамі па целе, слаба, але адчувальна прабірае мяне. Няўжо мне не знайсці ніводнага прыяцеля ці знаёмага, – нікога, да каго б я мог звярнуцца? Я капаюся ў памяці, намагаюся прыдумаць, хто даў бы мне дзесяць эрэ, але такога чалавека не знаходжу. А дзень такі цудоўны! Вакол столькі цяпла і святла, неба пяшчотна расплылося над галавою, нібы тое мора над горнаю градою…
Незаўважна для сябе я пайшоў дахаты.
Я быў вельмі галодны і, падабраўшы з зямлі трэску, пачаў жаваць яе. Гэта дапамагло. Чаму я не падумаў пра гэта раней!
Брама была адчыненая, конюх, як звычайна, пажадаў мяне добрага дня.
– А і пагода ж сёння! – сказаў ён.
– І праўда, – адказаў я.
І больш я не знайшоўся, што сказаць. Ці папрасіць у яго якія пяць крон? Ён ахвотна дасць, калі толькі ў яго ёсць. Да таго ж я аднаго разу напісаў на яго просьбу ліст.
Ён стаяў, відавочна маючы намер нешта сказаць.
– Сёння і праўда пагодна. Гм… А мне таксама сёння плаціць гаспадыні, то не ці будзеце вы ласкавы пазычыць мне пяць крон? Толькі на некалькі дзён. Вы ж адзін раз ужо выручалі мяне.
– Напраўду, ніяк не магу, Енс Улай, – сказаў я. – Цяпер у мяне ў самога няма. Можа быць, пазней, увечары…
І я пацягнуўся сходамі да сябе.
Я кінуўся на ложак і рассмяяўся. Якое шчасце, што ён мяне апярэдзіў! Мой гонар уратаваны. Пяць крон – Бог з табою, шаноўны! З такім жа поспехам ты мог бы папрасіць у мяне пяць акцый грамадскай сталоўкі або загарадную вілу ў Акеры.
Думаючы пра гэтыя пяць крон, я смяяўся ўсё гучней і гучней. Ну хіба ж я не малайчына? Пяць крон! Знайшоў адпаведнага чалавека! Я не мог даць рады сваёй весялосці: яна захапіла мяне ўсяго. Цьху, чорт пабірай, як пахне ядою! Пах гарачага з самага абеду, цьху! Я адчыняю акно, каб выветрыўся гэты агідны пах. Пане кельнер, палову біфштэксу! Звяртаючыся да стала, да свайго стала, які я, пішучы, падтрымліваў каленямі, я кажу з нізкім паклонам:
– Ці не магу я ў вас спытацца наконт келіха віна? Не? Я Танген, дзяржаўны радца Танген. На жаль, я крыху заседзеўся… і згубіў ключ ад брамы…
І думкі мае, вырваўшыся на волю, зноў панесліся, як вар’яцкія. Я разумеў, што кажу абы-што, і ўважліва прыслухоўваўся да сваіх слоў. Я сказаў сабе: «Вось ты зноў вядзеш гаворку не ў склад і не ў лад!» І ўсё ж я нічога не мог з сабою зрабіць. Я не спаў і ўсё ж размаўляў, як у сне. Галава мая была лёгкая, я не адчуваў ані болю, ані цяжкасці, і ніводнае воблачка не азмрочвала мне душу. Я плыў па волі стыхіі.
Заходзьце! То заходзьце ж! Як бачыце, тут усё зроблена з рубіну. Юлаялі, Юлаялі! Прыгожая, дзівосная шаўковая тахта! Як бурна яна дыхае! Цалуй мяне, мой каханы! Яшчэ! Яшчэ! Твае рукі залацістыя, як бурштын, твае вусны палыхаюць… Кельнер, я замовіў біфштэкс…
Сонца свяціла ў акно, я чуў, як коні ўнізе жвякалі аўсом. А я грыз сваю трэску і цешыўся ад душы, як тое дзіця. Раз-пораз я абмацваў свой рукапіс, я ні разу не падумаў пра яго, але нешта падказвала мне, што ён тут: мая кроў нагадвала пра яго.
Ён сур’ёзна падмок, я разгарнуў яго і паклаў на сонца. Потым пачаў хадзіць узад-уперад па пакоі. Якое ж было гнятлівае відовішча вакол мяне! На падлозе і там, і тут дробныя растаптаныя абрэзкі бляхі, і няма ніводнага крэсла, ніводнага цвіка на голых сценах. Усе адпраўленае ў ламбард «да дзядзькі», усё праедзенае. Колькі аркушаў паперы на стале, пад тоўстым пластом пылу, складалі ўсю маю маёмасць, старую, зялёную коўдру на ложку мне пазычыў Ханс Паўлі шмат тыдняў таму. Ханс Паўлі! Я пстрыкаю пальцамі. Ханс Паўлі Петэрсэн дапаможа мне! І я намагаюся ўспомніць яго адрас. Як гэта я мог забыцца пра Ханса Паўлі! Ён, вядома, вельмі пакрыўдзіцца, што я не адразу звярнуўся да яго. Я хутка насоўваю капялюш, збіраю спісаныя аркушы паперы і збягаю ўніз па сходах.
– Паслухайце, Енс Улай, – крыкнуў я ў дзверы стайні. – Я цвёрда ўпэўнены, што ўвечары здолею вам дапамагчы!
Падышоўшы да ратушы, я бачу, што ўжо колькі хвілін на дванаццатую, і вырашаю тут жа адправіцца ў рэдакцыю. Перад рэдакцыйнымі дзвярыма я спыняюся, каб спраўдзіць, ці ў парадку складзеныя старонкі рукапісу. Я старанна разгладжваю іх, ізноў кладу ў кішэню і стукаюся ў дзверы. Увайшоўшы, я чую, як б’ецца маё сэрца.
Чалавек-нажніцы, як звычайна, быў заняты сваёю справай. Я нясмела спытаўся пра рэдактара. Ён не адказаў. Усё сядзеў ды вышукваў дробныя навіны ў іншагародніх газетах.