Выбрать главу

Я іду і павучаю сябе, а калі гэта мне надакучвае, пачынаю злосна тупаць нагамі і абзываць сябе пнём, на здзіўленне прахожым, якія абарочваюцца і глядзяць на мяне.

Увесь гэты час я жаваў габлюшку і шыбаваў па вуліцы. Я нават не заўважыў, як апынуўся на Вакзальнай плошчы. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказваў палову на другую. Я пастаяў трохі ў роздуме. На ілбе ў мяне выступіў пот – ён пачаў проста заліваць мне вочы.

– А ці не пайсці табе на прыстань? – сказаў я сам сабе. – Зразумела, калі ў цябе ёсць час.

Я пакланіўся самому сабе і пайшоў на прыстань.

Караблі стаялі на рэйдзе, мора крыху зыбілася, бліскаючы пад сонцам. Тут панавала ажыўленне, чуліся параходныя свісткі, гойсалі грузчыкі са скрынямі на спінах, з баржаў даносіліся вясёлыя песні. Непадалёк ад мяне нейкая жанчына гандлявала піражкамі: яна сядзела, схіліўшыся сваім загарэлым носам над таварам… столік перад ёю завалены прысмакамі, і я пагардліва адварочваюся. Праз яе ўся прыстань смярдзіць ежаю: цьху, выветрыце набярэжную! Я звяртаюся да мужчыны, які сядзіць побач са мною, і пераканаўча даводжу яму, як недарэчна гандляваць піражкамі дзе трэба і не трэба… Вы не згодны? Добра, аднак жа вы не будзеце спрачацца, што… Але мужчына адчуў нядобрае, ён не даў мне дагаварыць да канца, падняўся і пайшоў. Я таксама ўстаў і пайшоў за ім, цвёрда вырашыўшы даказаць яму, што ён памыляецца.

– Гэта недапушчальна таксама і з санітарнага гледзішча,  – сказаў я, паляпаўшы яго па плячы.

– Прабачце, я прыезджы і нічога не разумею ў санітарыі,   – сказаў ён, гледзячы на мяне са страхам.

– Ну, калі вы прыезджы, тады справа іншая… Ці не магу я быць вам карысным? Ці не паказаць вам горад? Не? Я з задавальненнем зрабіў бы гэта без усялякай узнагароды…

Але ён відавочна хацеў пазбавіцца ад мяне і хутка перайшоў на другі бок вуліцы.

Я вярнуўся да сваёй лаўкі і зноўку сеў. Я быў вельмі засмучаны, і катрынка, што гучна зайграла воддаль, яшчэ больш усхвалявала мяне. Раз-пораз парыпваючы, яна выдавала нейкія фрагменты з Вебера, і пад гэты акампанемент маленькая дзяўчынка спявала сумную песеньку… І вось надрыўна-пісклявыя гукі катрынкі праймаюць мяне, нервы мае дрыжаць, нібы струны, дакладна наследуючы гэтым гукам, і я ўжо ціхенька напяваю нешта жаласлівае, адкінуўшыся на спінку лаўкі. Якіх толькі адчуванняў не мае галодны чалавек! Я ўсведамляю, як гэтыя гукі авалодваюць мною, я раствараюся ў іх, расцякаюся патокам, выразна сабе ўяўляю, як я ўзношуся патокам увысь, вось ужо ўзнёсся высока над гарамі, нібы кружачыся ў танцы над прамяністымі далячынямі…

– Падайце эрэ! – кажа дзяўчынка, якая спявала пад катрынку, і працягвае металічную талерачку. – Толькі адзін эрэ!

– Зараз, – машынальна адказваю я і, ускочыўшы, абшукваю кішэні.

Але дзяўчынка думае, што я проста смяюся з яе, і сыходзіць, не сказаўшы больш ні слова. Гэтай бязмоўнай пакорлівасці я не ў змозе стрываць: калі б яна аблаяла мяне, мне было б нашмат лягчэй. Мне стала балюча, і я паклікаў яе:

– У мяне няма ніводнага эрэ, але я пра цябе хутка згадаю, быць можа, заўтра ж. Як цябе завуць? Якое прыгожае імя, я яго не забуду. Ну, то да заўтра…

Але я выдатна разумеў, што яна не паверыла мне, хоць і прамаўчала, і я плакаў ад роспачы, што гэтая маленькая дзяўчынка з вуліцы мне не верыць. Я яшчэ раз паклікаў яе, хутка расшпіліў куртку і хацеў аддаць ёй сваю камізэльку.

– Пачакай хвілінку, – сказаў я. – Вось табе ў заклад…

Але камізэлькі на мне не было.

З чаго гэта я падумаў пра камізэльку? Бо вось ужо які тыдзень я хаджу без яе. Што са мною? Спалоханае дзяўчо паспешліва падалося назад ад мяне. Я не мог яе больш трымаць. Вакол збіраўся народ, усе гучна смяяліся, паліцыянт, рассоўваючы натоўп, ішоў даведацца, што здарылася.

– Нічога, – кажу я. – Нічога не здарылася! Я проста хацеў аддаць сваю камізэльку вунь той дзяўчынцы… ці, дакладней, яе бацьку… Вы дарэмна смеяцеся. Дома ў мяне ёсць яшчэ адна.

– Няможна непрыстойна паводзіць сябе на вуліцы! – кажа паліцыянт. – Марш адсюль! – І ён штурхае мяне. А потым крычыць мне наўздагон: – Пачакайце, гэта вашыя паперы?

– Так, чорт пабірай, гэта мой артыкул у газету, надта важны рукапіс! Як я мог дапусціць такую нядбайнасць?..

Я бяру рукапіс, спраўджваю, ці ў парадку ён, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, нават не азіраючыся, іду ў рэдакцыю. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказвае чацвёртую.

Рэдакцыя зачыненая. Я спускаюся па сходах, дрыжучы, як той злодзей, і ў нерашучасці спыняюся каля пад’езда. Што мне цяпер рабіць? Я прытульваюся да сцяны, гляджу сабе пад ногі, на камяні, і думаю. Каля маіх ног ляжыць бліскучая шпілька, я нахіляюся і падымаю яе. Што, калі зрэзаць гузікі з маёй курткі, ці шмат мне дадуць за іх? Але, можа, гэта марная справа? Ды ўсё-ткі гузікі застаюцца гузікамі: я ўважліва агледзеў іх і заўважыў, што яны амаль як новыя. У кожным выпадку, гэта шчаслівая думка: вазьму пазразаю іх сцізорыкам і занясу ў заклад. Спадзяванне атрымаць грошы за гэтыя пяць гузікаў адразу ажывіла мяне, і я сказаў: «Ну вось, усё наладжваецца!» Радасць ахапіла мяне, я адразу пачаў зразаць гузікі адзін за адным. Пры гэтым я сам сабе казаў: