Выбрать главу

«Што ж, бачыце, я крыху дайшоў да жабрацтва, у мяне часовыя цяжкасці… Вы кажаце, яны пацёртыя? Вы недакладна фармулюеце. Запэўніваю вас, ніхто на свеце гэтак не беражэ гузікі, як я. Куртка ў мяне заўсёды расшпіленая, хачу вам паведаміць, гэткія ўжо ў мяне правілы, я звыкся… Ну, калі вам не падыходзяць, што ж… Але мне трэба атрымаць за іх хоць бы дзесяць эрэ… Не, Божа, хто кажа пра вас? Адкасніцеся, зрабіце ласку, пакіньце мяне ў спакоі… Што ж, выдатна, клічце паліцыю. Я пачакаю, пакуль вы паклічаце паліцыянта. І нічога ў вас не скраду… Ну добра, да пабачэння, да пабачэння! Вось жа, маё прозвішча Танген, – я трохі заседзеўся…»

На сходах чуюцца крокі. Я адразу вяртаюся да рэчаіснасці: гэта чалавек-нажніцы, і, пазнаўшы яго, я хутка хаваю гузікі ў кішэню. Ён хоча прайсці паўз мяне, ён нават не адказвае на мой паклон і раптам пачынае дбайна разглядаць свае пазногці. Я спыняю яго і распытваю пра рэдактара.

– Ён не прыходзіў.

– Вы маніце! – кажу я. І з нахабствам, якое ўразіла мяне самога, працягваю: – Мне неабходна з ім перамовіцца. Неадкладная справа. Важныя звесткі наконт каралеўскай рэзідэнцыі Стыфсгордэн.

– А ці не маглі б вы расказаць мне?

– Не! – адрэзаў я і абвёў яго позіркам.

Гэта падзейнічала. Ён адразу запрасіў мяне наверх і адчыніў дзверы. Хваляванне душыла мяне. Каб сабрацца з духам, я моцна сціснуў зубы, пастукаўся і ўвайшоў у кабінет рэдактара.

– Добры дзень! Гэта вы? – прывітаў ён мяне. – Сядайце, калі ласка.

Калі б ён адразу паказаў мне на дзверы, мне было б нашмат лягчэй. Я адчуў, што слёзы засцілі мне вочы, і сказаў:

– Прашу прабачэння…

– Сядайце, – паўтарыў ён.

Я сеў і растлумачыў, што напісаў новы артыкул, які мне вельмі важна змясціць у ягонай газеце. Я шмат працаваў над ім, гэта каштавала мне вялікіх высілкаў.

– Я яго прачытаю, – сказаў ён і ўзяў артыкул. – Усё, што вы пішаце, патрабуе ад вас вялікіх намаганняў, але вы занадта імпэтны чалавек. Калі б вы маглі быць трохі спакайнейшым! У вас занадта шмат запалу. А артыкул я абавязкова прачытаю.

І ён зноў нахіліўся над сваім сталом. А я ўсё сядзеў. Ці нельга папрасіць у яго крону? Патлумачыць, адкуль гэты мой заўсёдны запал? Ён, вядома, дапаможа мне, бо гэта ж не першы раз.

Я ўстаў. Гм! Але калі я быў у яго апошні раз, ён скардзіўся на фінансавыя цяжкасці, нават пасылаў некуды касіра па дробязь для мяне. Мабыць, і зараз будзе тое самае. Не, гэта недапушчальна! І хіба ж я не бачыў, што ён заняты працаю?

– Вам будзе заўгодна яшчэ што-небудзь? – спытаў ён.

– Не! – сказаў я, імкнучыся надаць свайму голасу цвёрдасць. – Калі загадаеце зайсці?

– Ну, як-небудзь пры нагодзе, – адказаў ён. – Скажам, дні праз два.

Я не мог вымавіць сваю просьбу. Здавалася, ветлівасць гэтага чалавека бязмежная, і я не мог яе не аддаць ёй належнага. Лепш ужо няхай я памру з голаду. І я пайшоў.

Я не пашкадаваў, што сышоў з рэдакцыі, так і не папрасіўшы крону, нават за дзвярыма, калі голад зноў пачаў нішчыць мяне. Я выцягнуў з кішэні другую габлюшку і сунуў яе ў рот. Мне зноўку стала лягчэй. Чаму я не рабіў гэтага раней?

– Сорам і ганьба! – гучна сказаў я. – Няўжо табе магло прыйсці ў галаву прасіць у гэтага чалавека крону і ставіць яго ў няёмкае становішча? – І я стаў сурова дакараць сябе за сваю бессаромнасць. – Напраўду, я ў жыцці не чуў нічога больш гнюснага! – сказаў я. – Накідвацца на чалавека, ледзьве не выдрапаць яму вочы толькі таму, што табе, варты пагарды сабака, патрэбная нейкая там крона! Прэч адсюль. Жвавей! Жвавей, дурань! Вось я табе пакажу!

І каб пакараць сябе, я кінуўся бегма прэч: пралятаў вуліцу за вуліцаю, гнаў сябе наперад, у думках пакрыкваючы, шалёна пакрыкваючы на сябе, калі я запавольваў свой бег. Тым часам я апынуўся ўжо на Пілестрэдэт. Калі я нарэшце спыніўся, гатовы заплакаць ад лютасці, бо ўжо больш не мог бегчы, усё маё цела хадзіла ходырам, і я прысеў на нейкую прыступку.

– Не, пачакай! – сказаў я. І каб як след пакараць сябе, я зноў падняўся з месца і прымусіў сябе стаяць, і смяяўся з сябе, і цешыўся з уласнага бяссілля. Нарэшце праз некалькі хвілін я кіўнуў і дазволіў сабе прысесці, але пры гэтым абраў самае нязручнае месца на прыступцы.