Выбрать главу

Божа, які ж прыемны быў адпачынак! Я выцер пот з твару і глыбока ўдыхаў свежае паветра. Як я бег! Але жалю да сябе я зусім не адчуваў – так мне і трэба. Навошта я надумаўся прасіць крону? Цяпер вось, атрымлівай! Потым я памякчэў, загаварыў з сабою больш ласкава, угаворваў сябе, не раўнуючы як маці ўгаворвае дзіця. Мяне гэта кранула, бо я так стаміўся, быў знясілены і ўрэшце заплакаў. Гэта быў ціхі, прытоены плач, унутранае галашэнне без слёз…

Я праседзеў на адным месцы, можа, з чвэрць гадзіны ці нават болей. Людзі праходзілі побач, але ніхто не чапаў мяне. Вакол гулялі дзеці, на дрэве, на другім баку вуліцы, спяваў нейкі птах.

А потым да мяне падышоў паліцыянт.

– Чаго вы тут седзіце? – спытаў ён.

– Навошта сяджу? – паўтарыў я. – Проста так, дзеля ўласнага задавальнення.

– Я сачу за вамі цэлыя паўгадзіны, – сказаў ён. – Бо вы ж седзіце тут паўгадзіны, не менш?..

– Ну, недзе каля таго, – адказаў я. – Ну і што?

Я ўскочыў і пайшоў прэч.

Выйшаўшы на плошчу, я спыніўся і стаў глядзець уздоўж вуліцы. Дзеля ўласнага задавальнення! Хіба гэта адказ? Трэба было сказаць як мага жаласлівей: я сяджу, бо стаміўся. Дурань ты дурань, ніколі не навучышся некага ўдаваць з сябе. Бо я стаміўся! І дыхаць трэба было цяжка, як дыхае загнаны конь.

Падышоўшы да пажарнай варты, я зноў спыніўся, бо ў галаву мне прыйшла новая фантазія. Я пстрыкнуў пальцамі, на здзіўленне прахожым гучна зарагатаў і сказаў:

– Не, табе, відаць што, трэба схадзіць да пастара Левісана. Конча. Спроба не караецца. Губляць няма чаго. Ды і пагода стаіць.

Я зайшоў у кнігарню Пашы, даведаўся з адраснай кнігі, дзе жыве пастар Левісан, і пайшоў да яго.

– Ну, цяпер трэба ўзяць сябе ў рукі, – сказаў я. – Досыць тых жартаў! Сумленне, кажаш? Глупства, ты занадта бедны, каб насіцца са сваім сумленнем. Ты галодны, ты ідзеш па важнай справе, прасіць самае неабходнае. Ты павінен схіліць галаву да пляча і казаць пранікнёным голасам. Не хочаш? У такім выпадку я табе больш не таварыш, так і ведай. Вось што: ты пашкуматаны трывогаю, змагаешся па начах з сіламі цемры і з велізарнымі, нямымі пачварамі, ты гінеш ад голаду, прагнеш віна і малака, але ж не маеш нічога. Справы твае дрэнныя. Вось ты стаіш, і нічагуткі няма ў цябе за душою. Але ты, дзякуй Богу, верыш у міласэрнасць, ты ўсё ж такі не страціў веры! І каб верыць у міласэрнасць, ты павінен скласці рукі і верыць у Боскую ласку не горш за самога сатану. А мамону ты ненавідзіш у кожнай іпастасі, іншая рэч – атрымаць малітоўнік і дзве кроны на памяць…

Я спыніўся каля пастаравых дзвярэй і прачытаў абвестку: «Прыём ад 12-й да 4-й».

– А цяпер без глупстваў! – сказаў я. – Вазьмі сябе ў рукі! Такім чынам, схілі галаву да пляча, крыху яшчэ…

Я пазваніў.

– Ці можна мне бачыць пастара? – сказаў я пакаёўцы, але не мог дадаць – «у імя Госпада Бога нашага».

– Ён выйшаў, – адказала яна.

Выйшаў! Сышоў! Планы мае ў адно імгненне праваліліся, усе загадзя падрыхтаваныя словы аказаліся непатрэбнымі. Што была мне за карысць ісці гэтак далёка? Я не мог скрануцца з месца.

– У вас важная справа? – спыталася пакаёўка.

– Ды не! – адказаў я. – Зусім драбяза! Проста сёння такая пагода, таму я вырашыў прагуляцца і засведчыць сваю пашану спадару пастару.

Я не рухаўся, яна таксама. Я знарок выпнуў грудзі, каб звярнуць яе ўвагу на шпільку, якой была закладзеная мая куртка, я маліў яе позіркам зразумець, навошта я прыйшоў, але небарака нічога не зразумела.

– І праўда, пагода стаіць з ласкі Божае.

– А шаноўнай спадарыні таксама няма дома?

– Спадарыня дома, але ў яе рэўматызм: яна ляжыць на канапе і не можа падняцца…

Можа, я хацеў бы пакінуць цыдулку?

– Ах, не! Проста я часам выходжу прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. А сёння такі цудоўны дзень.

І я пацягнуўся назад. Што было карысці балбатаць? Да таго ж у мяне пачало круціцца ў галаве – гэта быў не жарт, я мог упасці. Прыём ад 12-й да 4-й, я спазніўся на цэлую гадзіну, час міласэрнасці скончыўся!

Дайшоўшы да Вялікага рынку, я прысеў каля царквы на лаўку. Божа, якою змрочнаю ўяўлялася мне мая будучыня! Я не плакаў: у мяне не было на гэта сілы; дарэшты зняможаны, я сядзеў без ніякае мэты, нерухома – сядзеў, пакутуючы ад голаду. Усярэдзіне ў мяне нясцерпна пякло, можа, тое было нейкае запаленне. Я спрабаваў жаваць габлюшку, але гэта больш не дапамагала: сківіцы мае стаміліся ад марных намаганняў, і я ўжо не турбаваў іх. Я скарыўся лёсу. Да таго ж ад кавалка пачарнелай апельсінавай лупіны, які я падабраў на вуліцы і тут жа праглынуў, мяне цягнула на ваніты. Я быў хворы, на руках у мяне выпіналіся сінія жылы.