Чаго я, уласна кажучы, чакаў? Цэлы дзень я спрабаваў здабыць крону, якая магла б падтрымаць ува мне жыццё на некалькі лішніх гадзін. А ўрэшце, якая розніца, адбудзецца непазбежнае на дзень раней ці на дзень пазней? Прыстойны чалавек на маім месцы даўным-даўно пайшоў бы дадому, лёг і змірыўся. Мае думкі раптам праясніліся. Цяпер я павінен памерці. Стаяла восень, свет быў скаваны дрымотаю. Я паспрабаваў усе сродкі, звярнуўся да ўсіх крыніц, якія толькі ведаў. Я бегаў з гэтаю думкаю і шторазу, калі ўва мне яшчэ ажывала надзея, з сумам шаптаў: «Дурань, ты ўжо паміраеш!» Трэба было напісаць сякія-такія лісты, прывесці ўсё ў парадак, падрыхтавацца. Трэба было б добра вымыцца і прыбраць ложак. Пад галаву я пакладу два аркушы белай паперы – гэта самае чыстае, што ў мяне заставалася. А зялёнай коўдраю я мог бы…
Зялёная коўдра! Я раптам страпянуўся, кроў ударыла мне ў галаву, і сэрца маё моцна забілася. Я ўстаў з лаўкі і спяшаюся наперад, жыццё зноў прачнулася ўва мне, і я раз-пораз паўтараю адрывіста: «Зялёная коўдра! Зялёная коўдра!» Я іду ўсё хутчэй, дакладна імкнуся кагосьці дагнаць, і неўзабаве зноў апынаюся ў сваім жытле – майстэрні бляхара.
Не марудзячы і не вагаючыся ў сваім рашэнні, я падыходжу да ложка і згортваю коўдру Ханса Паўлі. Якая выдатная думка прыйшла мне ў галаву; цяпер я ўратаваны! Я пераадолеў сваю ганебную нерашучасць, я махнуў на ўсё рукою. Бо я не святы, не які-небудзь дабрадзейны ідыёт. У мяне нармальны клёк…
Узяўшы коўдру пад паху, я адпраўляюся на Стэнерсгатэн, у дом нумар пяць.
Я пастукаў і ўвайшоў у вялікі незнаёмы пакой. Дзвярны званок у мяне над галавою празвінеў гучна і трывожна. З суседняга пакоя выйшаў нейкі чалавек з напханым ротам і стаў за прылавак.
– Дайце мне паўкроны за гэтыя акуляры! – сказаў я. – Праз некалькі дзён я іх абавязкова выкуплю.
– Што? Аправа ж проста сталёвая?
– Сталёвая.
– Не, я не магу іх узяць.
– Зразумела. Бо я, папраўдзе, пажартаваў. Вось у мяне тут коўдра, якая, па сутнасці, мне больш не патрэбная, і я хацеў бы ад яе пазбавіцца.
– На жаль, у мяне цэлы склад коўдраў, – адказаў ён, а калі я разгарнуў коўдру, толькі зірнуў на яе і ўсклікнуў: – Прашу прабачэння, але гэта мне таксама без патрэбы.
– Я знарок адразу паказаў вам выварат, – з другога боку яна нашмат лепшая.
– Усё роўна я яе не вазьму, бо ніхто не дасць за яе нават дзесяці эрэ.
– Зразумелая справа, яна асабліва нічога не вартая, – пагадзіўся я. – Але мне здавалася, што разам з іншымі старымі коўдрамі яе можна прадаць.
– Не, не, то марная справа.
– Можа быць, дасце хоць дваццаць пяць эрэ? – спытаў я.
– Не, напраўду, я не магу яе ўзяць, шаноўны, яна мне зусім ні да чаго.
Я зноў схапіў коўдру пад паху і пайшоў дадому.
Як нічога-ніякага, я разаслаў коўдру на ложку, старанна расправіў яе, быццам нікуды і не насіў. Наважыўшыся на гэтую авантуру, я, здаецца, быў не ў сабе, і чым больш я думаў пра гэта, тым больш недарэчным уяўляўся мне мой учынак. Відавочна, гэта быў прыступ слабасці, нейкае ўнутранае атупенне. Але я адчуў, што гэта пастка, зразумеў, што вар’яцею, і перш за ўсё прапанаваў ліхвяру акуляры. А цяпер я быў так рады, што не зрабіў злачынства, якое б атруціла апошнія гадзіны ў маім жыцці.
Я зноў пайшоў блукаць па горадзе.
Каля царквы Збаўцы я зноўку сеў на лаўку, апусціўшы галаву на грудзі, змардаваны нядаўнімі хваляваннямі, хворы і змучаны голадам. А час ішоў.
Я праседзеў гадзіну пад адкрытым небам; тут было святлей, чым дома, акрамя таго, мне здавалася, што на свежым паветры не так пакутліва ныла ў грудзях; я не спяшаўся вяртацца дадому.
Я драмаў, разважаў, і мне было вельмі цяжка. Я падабраў каменьчык, абцёр яго, сунуў у рот і пачаў смактаць; пры гэтым я амаль не варушыўся і нават не міргаў. Паўз мяне праходзілі людзі, чуўся грукат павозак, стук падкоў, галасы…
Чаму б усё ж не паспрабаваць шчасця з гузікамі? Вядома, з гэтага нічога не выйдзе, і, акрамя таго, я па-сапраўднаму хворы. Але калі добра ўсё ўзважыць, то ўсё адно па дарозе дадому я прайду каля крамы ліхвяра, таго самага, да якога я так часта заходзіў.
Нарэшце я ўстаў і павольна, ледзьве перастаўляючы ногі, паклыпаў па вуліцы, па адной, другой… Лоб у мяне гарэў, пачыналася ліхаманка, і я спяшаўся як мог. Я зноў прайшоў каля пякарні, дзе ў вітрыне быў выстаўлены хлеб.
– Ну вось, спынімся тут, – сказаў я з ненатуральнай рашучасцю. – А калі зайсці і папрасіць кавалак хлеба? – Гэтая думка была мімалётная, яна ўспыхнула, як іскрынка; у сапраўднасці я пра гэта як бы і не думаў. – Цьху! – прашаптаў я, патрос галавою і пайшоў далей, смеючыся з самога сябе. Я выдатна ведаў, наколькі марна было заходзіць у краму з гэткай просьбаю.