Прыглядаючыся да падвод, што з абедзвюх вуліц цяклі на пераезд, сыплючы высокі, разбіты на асколкі грукат і ляскат жалезных шынаў, спадзяваўся ўбачыць каго знаёмага, але, як адзін, ехалі ўсе чужыя. Міця падышоў да запрэжанай у двэйгу коней доўгай фуры, што, ціха парыпваючы, плыла з боку ружаватага бруку ў раз’езджанай пясчанай канаве.
Укленчыўшы, на возе стаяў няголены, зарослы чорнаю шчацінай з сівымі плямамі абапал рота дробны, курносы казак у зношаным нямецкім фрэнчы, падпяразаным вузенькай папружкай з мядзяным наканечнікам, і ў касматай авечай шапцы.
— Здароў, служывы! — махнуў галавою Міця, ідучы водле фуры, зацярушанай ахапкам сена, на якім ляжала бельгійская, з крывою рукаяткай, вінтоўка.
— Здорово, коль не шутишь!
— Не шучу.
— Небось подьехать хочешь? — лыпнуў вокам казак.—
А куды це йдэш?
— У Верасава мне.
— Не могет быть. I я с видтиля. Садись,— казак падбіў з’еханую на вочы кубанку і падсунуўся на перапрэлым, суха-гаркаватым сене.
Міця, узяўшыся аберуч за драбінку, борзда, адным махам пераскочыў у воз. Ямчэй усеўся, і пазіраючы на худы з глыбокаю лагчынкаю карак, загарэлага ўжо на вясновым сонцы казака, з прыхаванай цікавасцю і жартам спытаў:
— А сам з відкіля будзеш?
— Так я ж сказаў,— падагнаў худых з гарбатымі азадкамі коней і абярнуўся смуглявы казак.
— Данец? Кубанец? Ці мо цярской будзеш? — даў зразумець Міця, пра што пытае.
— Откуда уж не буду, а вряд ли на землю русскую вернусь,— казак пакасіўся на бела-стракаты, невысокі бярозавы крыж, на якім цьмяна паблісквала стаўбунаватая каска: за шлагбаумам пераезда, абгароджаны плоцікам і абкладзены дзярном, падымаўся горбік магілкі немца-франтавіка, забітага дварчанскім яўрэем яшчэ ў першае лета вайны.— Большевистская сволочь кладет всех.
— А вы?
— Мы тоже. Жалеть здеся некого,— сказаў і спахапіўся, пагладзіў рукою карак, нібы хочучы абараніцца, гаваркі казак.— Хотя я лично никого не убил. Мне што до кого. У меня своя жизнь.
— I якая ж яна, калі можна спытаць?
— Возделываю кожи. Раз кони есть, нужна сбруя.
А был при кутузке. Нервишки у меня слабые. Пытать, бить не могу. Помню, привели бабенку, раздели. Давай допрашивать на этой самой «дыбе»... Ну скамья такая, к которой привязывают. И мужа привели... И перед ним давай шмарить эту бабенку... После этого я ушел, упросился. Вот нашли занятие — кожаром сделали.— I паволі, асцярожна павярнуў адно плячо да Міці.— А ты, скажи, убил кого?
Міця задыхнуўся, глытаючы перамешанае з цёплым духам гною, затхлае паветра — за шашою на зялёнай мяжы поля, усланага гноем, стаялі белыя палатняныя мяхі. Угнуўшыся, падганяючы сівага каня, за плугам ішоў босы, з закасанымі порткамі мужчына, і дзве жанчыны, раз за разам нагінаючыся, кідалі ў разору рэзаную бульбу.
Памяць, пераляцеўшы поле з белымі мяхамі, грудок з сінявата-сівым высокім жытам, няроўную шчарбатую граду лесу, над якім вісела пухкая хмарка, ачуцілася ў далёкай з сухім закурэлым лісцем дуброве, і Міця зноў учуў востры трэск ломкага спарахнелага галля, і той нечаканы стрэл, што тройчы адбіўся далёкім, расцяжным водгаласам, і тую чарнявую з сінімі, як пралескі, вачмі маладзіцу, што паволі асядала, чапляючыся бязвольнаю рукою за шурпаты з балючай нарасцю ад маланкі старавечны дуб.
— Ты, должно быть, такой, как и я,— цярпліва перачакаўшы Міцева маўчанне, загаварыў казак.
— Не... Я забіў жанчыну. Красівую, халера, маладую.
— Ну небось шутишь? — казак рэзка адкінуўся назад, выкаціўшы жаўтлявыя, у чырвоных жылках бялкі, недаўменна зіркнуў на Міцю. Яго рука з нечаканага перапуду сама намацвала на сене вінтоўку.
— Праўду кажу.
— Должно быть, ненарочно получилось?
— Угадаў — незнарок.
— А то есть такие, что только и думают, как бы человека укокошить. У нас бабенка при кухне была, чумовая, так она любила жертву свою поджарить. Подвяжут кого-нибудь вряжину за ноги, а она и начинает ходить вокруг него с каленым железом. Раз мы на хутор заскочшш, взяли подводу, а там в соломе бухой партизан лежит... Его-то, здоровилу, и подвязали... Вот она ходила вокруг него: и туда порнет каленым железом, и сюда порнёт. Я не утерпел, хвать винтовку и пристрелил его.
— А кажаш, нікога не забіў...
Казак угнуўся, шлёгнуў лейцамі, прыцмокваючы, падганяючы марудных коней. Фуру затрасло, закалаціла на недагледжанай, з выбоінамі, шашы... Праз паўгадзіны паказалася Верасава — шарыя саламяныя стрэхі, прыхованыя маладым салатавым лісцем прысад. Нібы ад вышыні ў Міцевых грудзях нешта раптоўна адарвалася і замлела.