Выбрать главу

— Божачка, не ўгаворыш цябе,— Алеся ўміг зняла з цвіка руды шарачковы жакецік, выбегла ўслед за ім на двор.— Аднаго ж не пушчу, пайду следам.

— Дзе ж бацькаў конь? — спытаў ён, падыходзячы да гумна і чуючы, як адтуль пахне ўжо стайняй.

— Следчы ездзіць, што ў Дзямяна стаіць... Але лепш вернемся, Змітрычак. Цюрму ж у Юзікавай хаце зрабілі. Ты ж не ведаеш?

— Не ведаю, сястра.

За гумном, каля паграбка, падымаліся складзеныя пірамідай цюкі злінялага, з плямамі белай плесні, старога сена. Чарнеў, нібы тарфянішча, здратованы конскімі капытамі прыгумень, знябожана пахіліўся разломаны, з адарванымі штыкецінамі плот.

У сутоках між хлявом і хатай, дзе расла дзікая, падсаджаная бацькам і зраджайная грушка, бялеў шурпаты невысокі пень. Там уціснулася зробленая на скорую руку няшчыльная дашчаная прыбіральня з цёмным ромбікам у дзвярах.

Млявая гарачыня абліла Міцева сэрца: раптам зрабілася шкада і бацькі, і дзікай, заўсёды белай ад цвету грушкі, і здратаванага да чарнаты конскімі капытамі надворка.

На шарай страсе ніжай коміна старчма стаялі жаўтавата-залацістыя пукі саломы.

— Бачыш, Змітрычак, гэта ж ад куль. Як выстраляць у хаці, так куля і падымя салому.

— Во знайшлі сабе забаўку, падлюкі.

Учуўшы гутарку, у няшчыльнай прыбіральні нехта заварушыўся, забялеў сподняю кашуляю, і дзверы адчыніліся: прыгінаючыся, адтуль высунуўся асадзісты, мардаты чырвона-ліловы ад перапою казак у шарай з зялёным верхам кубанцы.

— Во брыда, доктар іхні,— Алеся прыціснулася да Міці.

— Я чуў, да цябе чэпіцца.

— Ці ён адзін... Як нап’юцца, ратунку няма. З рэвальверам за мною бег, што не села з імі піць, ганьбу дала.

Пакаўзнуўшыся на азызлым палене, асадзісты казак нарэшце выбраўся з сутокаў, прымружваючы чорныя запухлыя вочкі пад густымі, хмура навіслымі бровамі, прыцікоўваўся да чужога, падазронага салдата і нарэшце азваўся першы, каб збіць Міцю з тропу:

— Ты кто будешь?

— Ды брат яе,— Міця напружыўся, сцяў кулакі.— I хачу спытаць, чаго вяжашся да сястры?

— Что ты! — палахліва адступіўся казак, падсоўваючы з вачэй кубанку.— Жена у меня есть.

— Ну, глядзі,— Міця чуў, што звярэе ад злосці да гэтага з насупленымі бровамі мардатага казака.— I дом не вельмі паскудзь, мой гэта.

— Дом был твой, а тепериче мой,— казак абцягнуў пад шырокім рэменем цёмную дыяганалевую гімнасцёрку.— Немцы нам здесь все отдают.

— Як усё? — Міця азірнуўся на раптоўныя галасы з вуліцы.

Трое ўстрывожаных спацелых казакаў, на тварах у якіх сачыўся і пабліскваў пот, пакрэктваючы, уносілі ў расхрыстаныя веснікі акрываўленага, з адкінутаю назад лысаватаю галавою доўгага худога мужчыну.

— Что случилось? — забыўшыся пра Міцю, насустрач ім хісткавата ступіў непрацверазелы доктар.

— Да рыбки побольше хотел наловить, передержал гранату,— сказаў маладзейшы з трох, што трымаў у руцэ яшчэ адну кубанку.

— Ой, Змітрычак, я баюся,— Алеся турзанула Міцю за рукаво.— Пойдзем! Яны тут кожны дзень рыбу ў завоні глушаць. Во і самыя заглушыліся...

На магілкі да жоўтага пясчанага капца з высокім ачасаным дубовым крыжам, што, распластаўшы крыжавіну, абдымаў прымрэлы малады хвойнік у аградках і замшэлых каменных помніках з жалезнымі заржавелымі крыжамі, Міця прыйшоў таксама з Алесяй. Пад дубовым крыжам схілілася недагараная свечка, жоўты насып наўкруг уквочвала надоечы пасаджаная паласатая шоўкавая трава. На чужой магіле, пахіліўшыся крывым чорна-зеленаватым камлём на свежы капец, цвіў марны, заглушаны цяньком бэз. Смутна і жалосна цвірчэў над блізкім у ліловай ярыне полем адзінокі жаваранак і вілася з несціханым плачам кнігаўка.

Невідушчымі вачмі, якія слязіў вецер, Міця Корсак глядзеў на жоўты васпаваты горб магілы, на строгі і маўклівы крыж, чуў, як зрываўся Алесін стогн, як душылася яна слязьмі, а самога абдымаў лядовы холад, нібы ён стаяў у глыбокай цёмнай яме.

Абудзіў яго хрыплаваты сплаканы голас, але не Алесін — чужы. Міця азірнуўся — сюды бегла і, сарваўшы з галавы хустку, махала ёю хворая на голаў Лёлька з Прылуцкіх хутароў.

Дабегшы да васпаватага магільнага капца, яна ўпала на яго і, распластаўшы рукі, пачала грабці пальцамі пясок.

— Не будзіце іх, а то ўстануць! — застрасліся ад плачу і крыку яе плечы.

— Хадзем! — нецярпліва прыспешыла Алеся.— Як спалілі сям’ю, ёй горай стала. Кажуць, яна і начуе тут каля магілкі.

Але маруднасць і бязволле, аглушыўшы, трымала Міцю. Ён пазіраў то на распластаную Лёльку, што драла жоўгы насып, то на чэзлы нізкі хвойнік, што плямістым, разарваным цяньком укрываў магілкі, і сэрца шчымела ад млявага, задушлівага болю.