Аднак Хрысця падышла, паўзіралася на жаўтлява-зялёны курносы тварок з сіняватымі, звялымі і падсушанымі ад жару губкамі.
— Гэта цётка Крысціна,— Юзэфа павярнула да ложка сваю гладка зачасаную, з цяжкай куклай голаў.— Памагала тут нам, як ты радзілася.
Прыгаслымі, абыякавымі хворымі вочкамі дзяўчынка паволі глянула на Хрысцю.
— Жар, мусіць, прайшоў,— сказала Хрысця, каб суцешыць сябе і Юзэфу.— Адступілася хвароба.
— Дай жа божа, дай жа... Столькі за гэты месяц у хвойнік завязлі,— сказала і, выйшаўшы ў сені, заплакала Юзэфа.— I ты во сваё дзіцятка пахавала.
— Нежывое радзілася, біла мяне паліцыя з вакзала,— Хрысця краем фартуха прыкрыла чырванаваты збаночак, у які Юзэфа наліла тлустага казінага малака, і ступіла за высокі парог. Жвірыстай сцежкай, зацярушанай жоўта-ружаватай лускою ад чорнай старой ліпы, што ўвабралася ў рэдкае салатавае лісце, выбегла за брамку.
Азіраючыся і ціснучыся бліжай да плота, вуліцай прыспешваў, выкідваючы наперад калекую каротшую ногу, усохлы невысокі мужчына. Прыпыніўшыся каля Хрысці і, тужэй нацягваючы круглую сівую шапку, зморана выдыхнуў:
— Маладзічка, пачакай тут. Там жандармерыі поўна...
Хрысця зніякавела, прыпынілася на міг, але падумала, што ў хаце Імполь, што трэба не пакідаць і ратаваць яго, і, не зважаючы на страх, які рос і халадзеў у грудзях, зашоргала велікаватымі парусінавымі туфлямі па цвёрдай утоптанай вуліцы. Са збанка выплюхвалася малако, згортваючыся на пяску ў скалкі.
Пад свой дом падышла якраз тады, калі на ганак з хаты, загадаўшы, мусіць, закласці за спіну рукі, вывелі Імполя двое дварчанскіх паліцыянтаў. Высокі бялявы немец з жоўтым да калена маўзерам стаяў на вуліцы пры крытым грузавіку, што чмыхаў смуродлівым дымам саляркі.
Аднаго з паліцыянтаў — нізенькага, гарбаносага, з чырвонай нарасцю на верхняй, некалі, пэўна, рассечанай губе,— Хрысця пазнала: ён рабіў, здаецца, з Міцем у камітэце, а ў першы год, як з’явіліся немцы, пачаў хадзіць з чорнаю гумай, на зрэзаным канцы якой блішчаў медны, пераплецены дрот. З гэтаю доўгаю гумай ён стаяў найбольш каля пустых яўрэйскіх хатаў і няшчадна сек местачковых падлеткаў, калі тыя ўскоквалі туды, каб што-небудзь там схапіць. Цяпер ён трымаў пад пахаю караткаватую вінтоўку, падштурхоўваючы ў веснікі Імполя.
Хрысця, чуючы благое, немінуча-страшнае, падскочыла да веснічкаў, падняла збанок з казіным малаком, расплюхваючы яго на сябе, на росную, залаціста-зіхатлівую ад сонца траву, бездапаможна ўздыхнула:
— За што?
— Там, дзе трэба, скажуць,— усміхнуўся ў няроўна падстрыжаныя вусы большы ростам і старэйшы паліцыянт, што, грукаючы ботамі, няспешна збег са сходаў ганка.
— А ты не распытвай, а садзіся разам у самаход, бо зачакаліся,— нізкі, з чырвонай нарасцю на губе саўгануў руляю Хрысці ў плячо. Моцна і балюча, ажно ў яе выпаў і, трапіўшы на камень, раскалоўся збанок з казіным малаком.
— Божачка, каб хоць хлеба ўзяць,— Хрысця, абмінуўшы чорную рулю вінтоўкі, памкнулася да веснікаў.
— Мы тут ненадоўга, зараз выпусцім,— ёй зрабіў заступ дарогі вусаты.
— Не штурхайце яе, яна ж пасля родаў! — крыкнуў і спалатнеў Імполь.
— Ліха не возьме,— ад здзеклівага смяшку ў недарослага паліцыянта скрывілася рассечаная, са шрама нарасці, тонкая губа.— Баба рыхтык авечка, прывяла ды пабегла.
Імполя з Хрысцяй падагналі да каратканосага з брызентавым вялікім кузавам грузавіка, што прыглушана вуркатаў маторам, пускаючы з-пад сябе чорна-шызы салярачны дым. Бліскаючы шкельцамі акуляраў, даўгашыі немец разгарнуў тоўсты скручаны сшытак.
— Прозвішча называй,— руля штырханула Імполя між лапатак.
— Верамей ён,— падказаў вусаты і тыцнуў пальцам у тоўсты разгорнуты сшытак.
— Я, я[31],— махнуў седлаватай, крута выгнутай фуражкай нямецкі афіцэр.
— Божа, куды ж нас? — Хрысця ўзялася за Імполеву руку і ўслед за ім улезла ў грузавік, убачыўшы ў слепаватым пасля сонца цяньку і прызнаючы таго-сяго з дварчанцаў, што сцішана сядзелі на папярочных дошках. Учуўшы яе бедаванне, нехта толькі глыбока ўздыхнуў, і ў грузавік ускочылі і селі на заднюю лаўку паліцыянты.
Аднекуль з кутка пацягнула тытунёвым дымам.
— Хто там курыць, сволач!
Акуты жалезам прыклад з усяго размаху гахнуў Імполю ў плечы.
— Гэта ж не ён. Што ты робіш, недавярак?! — Хрысця хапілася за вінтоўку, першы раз учуўшы яе страшны лядовы холад.
Машына, здаючы назад, закалыхалася, потым натужна загула і рванула ўперад. Выехала з ценю на сонца — з прарванага брызенту, з косай дзіркі па зажмураных тварах людзей пабег зайчык, заблытаўся ў чыіхсьці кучаравых рыжавата-залацістых валасах. Хрысця здумелася: няўжо яна, Чэся? Але зайчык споўз на рабаціністы твар незнаёмай дзяўчыны...