— Во каго бог прынёс. А я не чакала... Змітрычак! — у хаце паднялася з шытвом на каленях і ўзмахнула рукамі з пацямнелым напарсткам на пальцы зблажэлая, з глыбокімі жаўтлявымі вачаніцамі, з падфарбованымі хною і парадзелымі валасамі, праз якія брыдка свіцілася ружаватая галава, зблажэлая, усохлая Царычыха.
— Прысядзь, раскажы пра сябе,— з-пад накрытага плюшавым у доўгія кісці абрусам стала яна выцягнула лёгкае крэсла.
— Няма калі. Адпусцілі на паўгадзінкі. Ледзьве ўспеў заскочыць... Як дзядзька Лаўрын?
— Не пытай лепш,— яна палажыла шытво на стол, уваткнула туды іголку з доўгай ніткай.— У Наваградак яго завязлі. Во торбачкі шыю на падаянкі, мо якіх сухарыкаў перадам. Ты скажы, што за лёс выпадзе чалавеку: якая ўласць не прышла, што ні змянілася на свеці, а ён усё нікому не патрапіць. Ці ўжо свет такі, ці ён гэтакі ўдаўся. Божа мой літасцівы!
— Ці гэта толькі яго лёс? Усіх нас.
— Усіх, ды не ўсіх,— махнула рукою Царычыха.— Вунь Бортнік: і пры Польшчы раскашавалі, і пры бальшавіках мануфактуру прадавалі, і цяпер іхняе права...
— Мы з дзядзькам Лаўрынам не з таго цеста. Вы праўду кажаце — мы нікому не патрапляем.
— А як жа ж выбавіць яго з цюрмы? Золата няма, не выкупіш, як робяць іншыя...— голас у Царычыхі задрыжаў і змяніўся. Яна паднялася, бездапаможна апусціўшы рукі, пастаяла і, чуючы гул машыны, падышла да акна, праз рэдкія вочкі гардзіны зіркнула на двор.— Паехаў нарэшце той самаходзік... Я ж чакала і халадзела ад страху, баялася, што зараз і да мяне зойдуць. Гэта ж во тры дні і тры ночы трасуць хату Жалязоўскіх.
— Вайтовіча арыштавалі,— сказаў Міця, успамінаючы, як той, прыгорблены і знябожаны, кінуўся да яго.
— Выкруціцца гэты шпікулянт... Ты пра сябе кажы.
— А што казаць... Грозьба мне ўжо ідзе адусюль, і я, зняверыўшыся, падрыхтаваўся да ўсяго.
— Няма чаго рукі складаць! — закрычала Царычыха і, абышоўшы кругом стала, нечакана схапіла худою ў сіняватых жылках рукою Міцю загрудкі:— Ратуйся сам і ратуй майго! Няма чаго жыўцом класціся ў труну! Зайдзі ў Наваградку да каго,— і яна страсянула Міцю.— Сваіх пашукай.
— Свае, што былі — сплылі. З бядою чалазек астаецца сам-насам.
— Гэта праўда. Я ўжо дзе ні кідалася, да каго ні хадзіла, нават да гебітскамісара дайшла. Прыняў і нават, паслухаўшы цераз перагаворшчыка, сказаў: «Раз невінаваты, выпусцім».
Пальцы расчапіліся, і худая кіпцяватая рука бязвольна аб’ехала на Міцевых грудзях:
— I во, не выпусцілі...
Царычыха прысела на лёгкае рыпучае крэсла, што падстаўляла Міцю, і сказала, падымаючы чырвоныя, павільгатнелыя ад слёз вочы:
— Немяц хоць прыняў, а свае звярамі пазіраюць... Але, Змітрычак, напрамілы бог прашу, дайдзі да каго. Я чула, усіх, каго вывезлі ў наваградскую турму, перад адыходам нямцэ расстраляюць.
Яна падхапілася зноў і зноў, але ўжо за плечы, закалаціла Міцю:
— Ратуй майго Лаўрына, Змытрычак!
Варочаючыся назад у школу, ці, праўдзівей,— у казарму, ужо нават подбегам, каб не спазніцца, Міця яшчэ ўсё адчуваў, як яго хваталі загрудкі і турзалі нервовыя, з набрынялымі сінімі жыламі рукі, а ў вушах ныў і не аціхаў, як доўга не аціхае грукат прабеглага поезда, слязлівы спакутаваны голас Царычыхі.
Вуліца была ціхая, шапаткая толькі ад Міцевых ног, і прапахлая гаркаватасцю рабін, мокрымі замшэлымі платамі, падпаранай у гародчыках чорна-тлустай зямлёю, дзе ўжо натапыранымі пучкамі выпырснула цыбуля. Чыста і светла адсланілася ад нізкіх дажджавых хмар высокае неба. Над нерухомымі лужынамі, у якіх дахамі ўніз перавярнуліся атынкованыя местачковыя дамы, імкліва, як згледзяць, шмыгалі, адліваючы сіняватасцю, вастракрылыя ластаўкі. На жаўтлява-зялёным, што распускаўся пазней, пад першы маёвы гром, высокім ясені залівіста свіргатала і цвірчэла невядомая Міцю пташачка.
Шукаючы вачмі яе, гэтую пташачку, і задзіраючы голаў на мокры ясень, з якога сцякала, густа б’ючы па драпастым лісці і пераліваючыся ружовасцю на сонцы, дажджавая вада, Міця знячэўку наткнуўся на гнілаваты плот і, адпіхваючыся ад яго рукою, учуў, як крохка трэснуў збуцвелы слупок. I на гэты трэск за плотам нехта ціха, ажно Міця сумеўся, і не вельмі разборліва загаварыў. За адчыненыя веснікі высунулася калатлівая растапыраная рука.
— Хто тут? Я ж не бачу, толькі цень ледзьве ўгадваю заміж чалавека. Аслеп саўсім. Але чую, што нехта падышоў да мяне,— аслабелым голасам гаварыў невысокі стары мужчына, увесь калоцячыся: дрыжала яго галава, рукі, трасліся ў каленях і ногі.
Узіраючыся ў сівы, з упалымі шчокамі і зарослы даўно няголенай шчацінай худы твар, Міця пазнаваў і не пазнаваў старога Ладзімера, колішняга Алесінага малацьбіта.