— Не ведаю,— спаткнуўся на няроўным гліняным току Міця.
— Дзіва што,— зноў выставіла крывыя, заеханыя адзін на адзін і шыракаватыя зубы гаспадыня.
З затравелай у пухірах пераспелага малачайніку сценкі здзіўлены і ўражаны Міця нават саступіў на мяккую раллю, дзе, распластаўшы цёмна-зялёнае лісце, прытаілася нізенькая, не акучаная яшчэ бульба. Наўпрасты выйшаў да жоўтых і высока абгароджаных калючым дротам казармаў.
На ганку, зачакаўшыся Міцю і перагараючы нутром, ужо стаяў нервова-чуткі Камашыла. Па скорай і пругкай Міцевай хадзе і неспакойна-нацятым твары змеціў, што Міцю таксама нешта дацяло і ўстрывожыла.
— Ты чаго скрывіўся, як серада на пятніцу?
— Чуў? Нас на фронт адпраўляюць.
Камашыла выпнуў губы, скоса паглядзеў на Міцеву флягу, не адказваючы, спытаў:
— Прынёс?
Міця кіўнуў галавою.
— Зойдзем у каморку, нешта скажу.
Міця нехаця і ўжо са злосцю пайшоў услед за Камашылам, думаючы, што да батальённага, каб пагаварыць наконт Царыка, яны сёння наўрад ці сходзяць — Камашыла зараз нап’ецца, упадзе як сноп і будзе спаць.
Зашчапіўшы на добры кованы крук дзверы, Камашыла, праўда, схапіўся за Міцеву флягу, выцягнуў яе, карычневую, абліцованую слаіста-прыгожым, як чачоткавая бяроза, дрэвам, з суконнага чахла і адкруціў алюмініевы каўпачок:
— Можа, прычасцішся і ты?
— Не.
— А пра фронт не думай,— Камашыла задраў голаў і забулькаў сабе ў разяўлены рот, скалануўся, алюмініевым кубкам чарпануў у вядры жаўтлявай, з аселай рудою вады і нарэшце з радасцю выдыхнуў:— Во, трохі акрыяў.
I зноў пакруціў пласкабокую карычневую флягу:
— Ты знаеш, што наша рота астаецца тут. Пад Барысаў мы не едзем. Будзем чысціць турму, так што знойдзем там твайго, як яго?.. Цара.
— Царыка,— падказаў Міця і, узіраючыся на п’янавата павясялелы Камашылаў твар, папрасіў:— Трэба яго ратаваць сёння, покуль не загналі ў чорны грузавік і не завязлі за нашыя кашары пад дуброву.
— Не ўбівайся. Чуеш, стральба ўжо сціхла. Значыцца, астатнія застануцца на нашу долю. Ён трапіць сам да нас у рукі.
— Праўду ты кажаш? — Міцю ўжо нават закалаціла ад таго, што заўтра ці паслязаўтра ён пойдзе чысціць турму — расстрэльваць людзей і стрэне там, напэўна, каго знаёмага ці нават блізкага.
— А ты думаў, немец дурны, каб цягаць трупы. Прыгналі вунь гомельскую зондэркаманду,— Камашыла зноў пакруціў флягу, нібы самагон, перад тым, каб выпіць, трэба было разбаўтаць, і лінуў сабе ў рот.— Заўтра раніцай заступаем, так што не прапусці свайго Царыка.
Камашыла пахіснуўся і аб’ехаў на нізкі, збіты з яловых, у касаватых вочках сукоў, дошак нешырокі палок.
Міця зняў з прабоя заржавелы, выкаваны кавалём самаробны крук і выйшаў з каморкі.
У вочы засвяціла зеляніна маладога, яшчэ зморшчанага лісця на чорных ліпах, што раслі сцішнаю чародкаю за невысокім і доўгім будынкам канюшні. Там, нібы дома, нібы ў зарэчным ляску, вясёла стракатала сарока,— салатавая засень укрыла і схавала цэлы ахапак яе гнязда — і Міця думкамі апынуўся ў Верасаве, раптам убачыўшы сваю хату, п’янага казака у ганарыста падбітай на патыліцу каракулевай кубанцы з зялёным верхам, заплаканую Алесю, над тым вялікім, падзёўбаным, як воспаю, прыбітым дажджамі капцом, у якім разам з прылуцкімі мужчынамі, бабамі і дзецьмі ляжаў бацька. На вачах запяклі, завільгатнелі слёзы, і ў іхнім мроіве скалыхнулася бялёсае неба, высокія ліпы, што едкай зелянінай засланялі свет.
Гучна-працяжны, цяжкі стрэл, што знянацку прашыў замярэжаную нізкаю смугою далечыню, вярнуў Міцю назад да жоўтай казармы, дзе ён стаяў пад кароткім казырком на шарых цэментавых сходцах. Блізка адсюль за седлаватым, сівым ад роснага жыта грудком, за карычневым, яшчэ не густым дубам, што маўкліва азіраў зыркі свет вясны, услед за гэтым працяжным стрэлам кароткімі вострымі чэргамі адазваліся аўтаматы. Там, перад цёмнаю сцяною зубчатага, няроўнага, як шчарбатая піла, лесу, стоячы на грэблі між двума гліністымі ровамі, мусіць, зноў падалі скошаныя кулямі людзі.
«Няўжо там Лаўрын Царык? — Міцю закалаціла злосць, адчай і роспач пякучай гарачынёю аблілі сэрца.— Няўжо няможна ўратаваць яго?» I Міцю ўбачыліся зноў нервовыя і худыя, пераплеценыя сінімі набрынялымі жылкамі Царычышыны рукі, што схапілі яго загрудкі, і ўчуўся яе стогн — пакуты і роспачы: «Ратуй майго Лаўрына, Змітрычак!»
Міця правёў рукою па лобе, сцёршы гарачы, што выступіў ліпучай расою, пот.