— А майго не ведаў? Коля называўся. Высокі... Можа, і за цябе высшы.
— Не, не ведаў,— пакруціў галавою Імполь і памалу пайшоў пад навіслыя лапы хвоек — стракаты плямісты цень пабег у яго па спіне.
— Апомніся, хлопец! — крыкнуў чалавек у Імполеву спіну, па якой збягалі то цёмныя, то светлыя плямы.— Не лезь сампапростам пад кулі.
Імполь азірнуўся на адчайны крык і ўбачыў, як плакаў гэты стараваты мужчына, стоячы па калені ў карычневым дыме мятліцы.
Халаднаваты скразняк, што чутка зашалясцеў вярхамі бярэзін, абвеяў Імполя, суняў гарачы боль у галаве, што налівалася і брыняла цяжарам, заглушыў у вушах тонкі, калі прыслухаешся, абрыдлы звон.
З-пад пруткага невысокага грабніку дарога раптам выкруцілася да зялёнага лужка, спярэшчанага малінавай смолкай, выпрасталася, і сінявата-шарым паскам пабегла туды, дзе варушыліся салдаты ў мышастай форме і круглых касках, дзе цямнелі дзве шырокія і доўгія з іржава-гліністымі берагамі ямы, а на вузкай папярочцы між іх, закрываючы рукамі грудзі, енчылі, скавыталі голыя жанчыны. Воддаль ад ям, растапыраўшы ножкі, шарокае дула задраў ручны кулямёт.
Імполь, засланяючыся далонямі ад сонца, хмурыў слепавата вочы, але яе, Хрысці, не пазнаваў.
Нечаканы рэзкі вокрык з-за ялаўцовага куста запыніў Імполя:
— Стой! Куды ідзеш?
I адтуль, ускідваючы на руках жоўтую вінтоўку, высунуўся салдат. Імполь зніякавеў, чуючы, як з яго сплывае раптоўны страх — перад ім у зеленкаватым убранстве стаяў Міця. Да Імполя падкрадаваліся агіда і неўтаймаваная злосць. I ён, адступаючыся назад, ад неспадзяванасці, ад болю, ад сораму, злосці, перамешаных з агідаю, перапытаў:
— Гэта ты, Змітрык?
— Я, Імполь,— у Міці таксама змяніўся, захрас у горле голас, і ён апусціў цяжкую, з сіняватым дулам, вінтоўку.— А ты чаго тут ачуціўся?
— З турмы выпусцілі... Хрысця ж там.
— Няўжо? — Міця паволі, не верачы, яшчэ не разумеючы ўсяго, азірнуўся на ямы, дзе бялелі нейкім страшным прывідам раздзетыя кабеты.
— Памажы, Змітрык. Як можаш — памажы! — Імполь закалаціўся, сцяў кулакі і падняў іх да падбародка. Вочы ў яго шалёна гарэлі. Твар перакошвала балючая міна.— Напрамілы бог ратуй!
— Ты адыдзіся толькі. Вунь у лясок... Я зараз...
Імполь, адступаючыся спіною да лесу, чапляючыся за зялёныя бароды сушніку, бачыў, як Змітрык бег туды, як нехта ніжэйшы і тоўсты перапыніў яго, як нарэшце Міця падышоў да ям і пачаў адыходзіцца назад.
Імполь не ўтрываў, выскачыў з лесу, сутаргава глытнуўшы паветра, спытаў:
— Дзе яна?
— Няма яе там.
— Як няма?
— Во так — няма. Іх павязлі ў Дварчаны на станцыю, адправяць у Нямеччыну. Так сказаў наш ротны.
— Махлюе ён! — Імполь зноў сцяў кулакі, у бяссільнай, бездапаможнай злосці падняў іх да падбародка.— А ты сам ці праўду сказаў? — Яго ўскалмачаная з накарэлай кроўю галава пакутна адвярнулася, як адварочваецца ад агню ліст.
— Праўду. У Нямеччыну Хрысцю адправілі,— і Міця схаваў свае вочы ад шалёна-чырвоных Імполевых вачэй, што зноў касавата і зняверана азірнуліся на яго.
XXIV
Міця балюча ўразіўся і да непрытомнасці зніякавеў, убачыўшы ў доўгай з іржава-гліністымі берагамі яме на грудзе мёртвых, сінявата-белых цел забітую Хрысцю. Яна ляжала якраз наверсе, на залітай цёмнаю кроўю пажылой сівавалосай кабеце, нібы жывая, утаропленая карымі вачмі ў сіняе неба з нізкімі пухірамі белых хмар, што наплывалі з-за высокай грады лесу, несучы на зялёнае поле цёмны смутны цень. На маладых набрынялых грудзях коса чырванелі і надзіва нават не сачыліся кроўю тры невялікія ранкі. У пякучай муцы штырханулася і зайшлося Міцева сэрца, анямелі і падагнуліся ногі.
Зводдаль ад ямы глыбокімі зацяжкамі глыталі слабы сігарэтны дым п’янавата-расчырванелыя і вясёла-абыякавыя паліцыянты. Нешта расказваючы, сыта рагаталі. У драбнаватага з прыгожым тварком на пярэдніх зубах паблісквала залатая каронка.
Міця яшчэ раз азірнуўся на доўгую з іржава-гліністымі берагамі яму, каб упэўніцца, што там ляжыць яна, Хрысця, і яго заванітавала, нешта гідкае падвярнулася пад грудзі, і скоранька пайшоў пад здзеклівы рогат нізкага мардастага паліцыянта, што стаяў зводдаль купкі:
— Чаго ўцякаеш? Ёсць нічога дзеўкі. Магу ўкласці да іх, будзеш ляжаць на цыццы.
Да Міці падбег, перастрэўшы, і дыхнуў перагарам у твар кіславата-злы, нахмураны Камашыла:
— Меней швэндайся тут. Стаіш у ачапленні, дак стой. Знойдзецца твой Царык. Хто там яшчэ з табою? Гані вон!
— Жонку яго тут застрэлілі.