— Жонку, цётку,— перакрывіў, перадражніў Міцю і мякка заскрыгатаў зубамі Камашыла.— Нашто, спытай, лішнія сведкі? Нашто, каб бачылі нас з табою?
— Гэта не ўтоім,— Міця скорым крокам завярнуў назад, ужо думаючы, казаць устрывожанаму, узнерваванаму, што адыходзіў ад памяці, Імполю ці не казаць.
I не сказаў, глянуўшы ў ашалелыя, чырвоныя, як у навязанага быка, Імполевы вочы. Знайшоўся, выдумаў пра Нямеччыну.
Нібы трохі акрыялы, але нейкі яшчэ бязвольны, асалавелы Імполь пасунуўся, шоргаючы чаравікамі, па жвірыстай дарозе, пад навіслыя лапы ружаватых хвоек, дзе пагойдваўся, кружыў голаў плямісты цень.
Міцю здалося, што ў Імполевай душы, як у набрынялым зярнятку, прабіўся крохкі расток спадзявання, што Хрысця папраўдзе засталася жыва.
Як і самому яшчэ ўсё не верылася, што ў яме папраўдзе ляжыць яна, забітая Хрысця. Міця нават не паспеў распытаць у Імполя, як і калі яны абаіх апынуліся ў турме. За што? Падумалася раптам пра іншае, што Імполь вернецца да Алесі, паходзіць, як адбіўшыся ад хлява авечка, і прыйдзе назад.
Нечакана перад вачмі, нібы з глыбокай вады, паволі пачало выплываць Верасава, вузкая, зарослая бэзам вуліца, свая хата за шарым плотам, і ўбачыўся бацькаў твар — худы, жоўты і зблажэлы. Успомніліся Дварчаны, той цагляны дом, дзе іх з Царыкам трымалі ў настылым вільготным падвале дварчанскай паліцыі і куды прыходзіў з падаянкай і мок на нудным дажджы, затаіўшы сваю крыўду, смутны бацька. Яны з Міцем бачыліся тады астатні раз, і ў той астатні раз Міця нават з нейкім грахом падумаў, што бацька доўга не пажыве.
Але ніколі, вядома, не гадаў, не думаў, што здарыцца самае найгоршае — бацька памрэ нечуванай, нялюдскай, гвалтоўнай смерцю.
Няўжо свет такі злы і нелітасцівы? Няўжо не было і няма ў ім дабра? I ён, Міця, дарма шукаў справядлівасці, высокага чалавечага розуму, светлага кахання, дабраты між людзьмі. Няўжо ён так горка абмыліўся? Няўжо пануе толькі звярыны закон: ірваць адзін аднаго, трымаць у няволі, з асалодаю біць, рэзаць, заваёўваць, узвышацца адзін над адным, род над родам, нацыя над нацыяй, дзяржава над дзяржавай.
За светлым чубком лесу блізіўся і рос, і нібы валіў сваім натужным гулам дрэвы нізкі рокат чорных грузавікоў. Адтуль з густым пудкім фуркатам плыла стракатлівая хмара ненажэрна-крыклівых маладых шпакоў. Яна коса завілася над Міцем і, пераляцеўшы яго, імкліва ўпала на ружаваты ад вобаратніку і смолкі вільготны лужок.
Міця рвануўся да дарогі. Непаваротныя грузавікі, вяла пахістваючыся доўгімі крытымі кузавамі на ямах і каранёвых гарбах, выпаўзалі з-пад навіслых калматых лап, з шоргатам чаплялі іх. Пярэдняя машына, зварочваючы далей ад навісі хвоек, наязджала тупаватым рылам на пруткія кусты маладога грабу і арэшніку, што светла зеляніў на другі бок дарогі. Вецер ірваў і віхрам круціў сашморгнутае лісце.
Высокія колы, з’язджаючы на край дарогі, падміналі спярэшчаную жоўтым люцікам траву, пакідаючы на ёй прылізаны, нібы вадою, след.
Гулка трапятаў і ляскаў чорны брызент з трыма маленькімі, на пядзю, аконцамі.
Міця адступіўся — крыты грузавік, ажно задрыжала ўсё ўсярэдзіне, з гарачым гулам пранёсся міма. Услед за ім, абдаючы Міцю цёмна-сівым дымам саляркі, цяжка і натужліва роў другі.
У кузаве поруч з шоферам тросся на пружыністым сядзенні рыжавата-чырвоны немец, у незавешаным кузаве з краю лавак, трымаючы між каленяў вінтоўкі, насцярожана надзьмуліся ў чорнай форме паліцыянты; з-за іх вызіраў зарослы чорна-сіваю шчацінаю немалады твар. Ці не Царыкаў? Міця спярша скорым крокам, а потым ужо і подбегам пайшоў за грузавіком, што нечакана сцішыў ход, загамаваў перад каламутнаю карабатаю лужынаю.
Няголены чорна-сівы твар яшчэ больш выцягнуўся, падымаўся над галавою ў курносага, з худою доўгай шыяй, маладзенькага паліцыянта Грузавік, аб’язджаючы лужыну, павярнуўся, і пад чорны брызент коса зіркнула веснавое парнае сонца — і на галаве ў чалавека заблішчалі, засерабрыліся сівыя валасы.
Па сівай упартай чупрыне і па гарбаватым носе Міця цяпер добра распазнаў, што гэта быў ён, Лаўрын Царык. Як Царык пазнаў і яго, устаючы на ўвесь рост і памахваючы няголеным чорным тварам з белаватымі ніжай куткоў рота плямамі сівізны.
Паліцыянт, убачыўшы Міцю і яго паднятую руку, павёў вачмі за плячо і, нечакана схапіўшы вінтоўку, штырхануў ёю Царыка ў грудзі, асаджваючы яго зноў на лаўку.
Міця, падмахваючы цяжкаю вінтоўкаю, прыспешыў крок і крута завярнуў з дарогі, падбег да купкі салдат, дзе стаяў, шырока расставіўшы ногі, абыякавы, здаецца, да ўсяго, што тут рабілася, з кіславата-п’яным, дурнаватым смяшком Камашыла.
Ухмылка раптам слізганула з яго твару, і ён пачаў налівацца кроўю: