Выбрать главу

— Ты чаго зноў?

— Яго... Царыка прывязлі! — задыхнуўся Міця.

— Не абазнаўся? — Камашыла пазіраў туды, дзе каля дзвюх іржава-гліністых ям разварочваліся чорныя грузавікі.

— Нямецкі афіцэр там.

— Я знаю, начальнік турмы,— Камашыла абцёр свае сонныя вочы.— Зараз падыду... А ты мігам на сваё месца.

— Можа, разам? — падкрадвалася падазронасць, што Камашыла хітруе.

— Яшчэ чаго.

З няпэўнасцю і трывогаю ў сэрцы, што Камашыла абмане, Міця вярнуўся пад лес на ўкатаную грузавікамі дарогу.

Зніякавелы, нервова-нацяты ўжо глядзеў, як з грузавікоў сцягвалі мужчын са звязанымі назад рукамі. У купе распазнаў сівую без шапкі Царыкаву голаў, яго сутулыя плечы.

I знямеў, зяхнуўшы ад вострага болю, што цяжкай гарачынёю аблажыў сэрца,— абедзвюма рукамі ў сутулыя плечы штархаў начальнік турмы, гонячы Царыка першага на вузкую, залітую ліпучай кроўю грэблю, што падымалася між доўгімі ямамі.

З-за пляча з размаху б’ючы прыкладамі мужчын, услед за начальнікам турмы пачалі спяшацца нецярплівыя паліцыянты.

Ад нервовасці, ад страху, што расстраляюць мужчын, што зараз згіне Царык, халодны пот шыбануў Міцю па плячах. Міця азірнуўся на Камашылу — той перазараджваў свой аўтамат, рыхтаваўся, ці што, паласнуць чаргой разам з усімі па гэтых, сагнаных на вузкую сценку між шырокіх ямаў са звязанымі рукамі бязвольных мужчынах. I не стрываў, ірвануўся сам да рыжаватага, гладкага ў твары немца.

— Пан афіцэр, там наш чалавек,— у Міці з гарачкі не хапала нямецкіх слоў.— Вунь ён, сівы... Лаўрын Царык.

Немец нібы здумеўся. Азірнуўся кругом. Нарэшце знайшоў сярод усіх тут старшага па званні — Камашылу. Але Камашыла, зачырванеўшыся і падмахваючы аўтамат, бег сюды ўжо сам.

— Ты што лезеш, я ж сказаў, зраблю ўсё сам. А то падсадзіш лабаціну! — збялелы Камашыла з размаху далоняй ударыў Міцю ў грудзі.

Міця адхіснуўся, але ўстояў на нагах, учуўшы раптам невыносную злосць і агіду да Камашылы, але стрываў, як мог спакойна сказаў:

— Ты ж дакляраваў...

— Іншым разам памог бы, а цяпер не магу,— Камашыла адвярнуўся, схаваў свае вочы.— Тут адныя палітычныя, самыя ворагі...— Угінаючыся, стоячы да Міці сутулаватаю спіною, хрыпла пракрактаў: — А гэты твой Царук пры Саветах актывістам быў і цяпер знюхаўся з імі. Я глядзеў яго справу. Так што Царук...

— Царык ён...

— Ды пайшоў ён к чортавай матары! — рэзка крутнуўся Камашыла і, прыплюшчыўшы вочы, зароў ужо на Міцю: — I ты разам з ім. Марш назад!

— Я не сабака, не гані...— ад нянавісці, дасады ў Міці ўсё гарэла ў грудзях.— Дабром прашу, выручай чалавека.

— Ты глядзі,— нацяўся і зноў збялеў Камашыла,— ён яшчэ грозіцца.

Але тут ужо ўмяшаўся немец, абедзвюма рукамі хватаючыся за жоўтую кабуру і расшпільваючы яе.

Міця павярнуўся і цяжкімі, быдта не сваімі нагамі, быдта несучы што на плячах, паволі пайшоў, нехаця і марудна пераступаў глыбокія, разрэзаныя грузавікамі каляіны і чуў на сабе ненавісны пагляд і немца, і ўсіх, хто стаяў поруч з ім. I ўжо здагадваўся, што ім усім карціць паставіць яго на сценку між доўгімі ржава-гліністымі ямамі, да купкі выгружаных з чорных самаходаў мужчын.

Адышоўшыся на нейкую, як здалося, ужо небяспечную адлегласць, азірнуўся.

Немец, зашчаміўшы ў руцэ кароткі пісталет, гнаў туды на чорную ўтоптаную і залітую кроўю сценку якраз Царыка. Царык ішоў спакойна, намагаючыся падняць вышай сваю сівую голаў і выпростваючы худыя плечы. Турзануўшы за звязаныя рукі, немец раптам прыпыніў яго і прыставіў блізенька да патыліцы кароткі пісталет. Узарваўся слабы і глухаваты стрэл.

Ускінуўшы назад сіваватую голаў, на якой вецер калмаціў валасы, Царык пастаяў, нечакана пахіснуўся і тварам упаў на край рова.

Свет раптам зрабіўся пусты і аглухлы, і Міця ўчуў, як чорная глыбіня абдымае яго.

Немец капнуў ботам, намагаючыся скінуць Царыка ў роў, але, мусіць, не здужаў і са злосці замахаў рукою, паказваючы паліцыянтам, каб гналі туды астатніх.

Дрыжыкі білі, траслі Міцю, у руках калацілася вінтоўка, у пякучым вары млела і білася сэрца: шкадаванне нечакана змяшалася з віною перад Царыкам, што не ўратаваў, не памог яму. Перад вачмі прабеглі Дварчаны і ўбачылася збедаваная, згорбленая, з жаўтлява-худымі, як шчэпкі, цыбатымі нагамі Царыкава Люба. Што ён скажа, калі стрэнецца з ёю? А ці стрэнецца? I што стане з ім, калі будзе стаяць каля гэтых іржава-гліністых, выкапаных смяротнікамі для смяротнікаў доўгіх равоў. Няўжо выратаваўся ён, каб страляць ды катаваць іншых? Няўжо ў гэтым свеце чалавек не можа быць чалавекам?

Міця захадзіў, каб суняць гарачую нервовасць. Да болю ў пальцах сціснуў халодную вінтоўку. Крыўда, злосць, адчай магнэзам цягнулі стрэліць у кучу паліцыянтаў. Альбо туды, дзе стаіць, нарыхтаваўшы аўтамат, прадажны Камашыла. Але ці заб’еш яго? I чым гэта скончыцца? Ці паспееш уцячы? Іх тут разам з ачапленнем каля сотні. I што гэтым зменіш? Хіба перайначыш забойцу, хіба вырвеш тое злое, што жыве ў кожным чалавеку.