Праз негусты алешнік была відаць чародка пярэстых і чырвоных кароў, што прыпалі да травы, адмахваючыся ад заедзі вушамі. Каля іх стаяў не то падлетак, не то мужчына ў злінялых вайсковых штанах, у смешнай, з адарваным брылём вайсковай фуражцы.
За стракатым ад люціка лужком роўным нешырокім паскам бялела шаша. За ёю, нібы магілкі з замшэлымі памятнікамі ды каменнямі, шарэлі тоўстыя пні высекі, што зарастала ўжо маладым асіннікам ды грабам. Лес, адступіўшыся на метраў дзвесце ад шашы, уздымаўся высокаю сцяною маладых гонкіх дубоў, асін ды елак.
На светлы прагал да палявой дарогі заварочвала марудная фурманка.
Міця ўбачыў, што выйшаў якраз на Янава. Калі перабегчы шашу і гэты падсечаны лес і звярнуць трохі ўлева, то ў глыбокай лагчыне шарымі будынкамі распаўзецца вёсачка. На грудку, як помніць, пры самым лесе пад старою вялікай і густою грушай схавалася хата са скасабочаным старым гумном — хутар іхняй верасаўскай Ганначкі, што выйшла сюды замуж за недарослага ды яшчэ і кульгавага ўдаўца.
Нібы за поручань на хісткай кладцы, Міця ўчапіўся за здагадку, што трэба забегчы на хутар, папрасіць у Ганначкі якія-небудзь транты ды пераапрануцца, скінуць форму, а заадно распытаць пра Верасава: ёсць там казакі ці няма, бо астатнюю навіну, якую чуў, нібы яны, збудаваўшы бункер, перабраліся сюды ў прылесныя вёскі. А калі што якое, то застацца на хутары і наказаць Алесі, што ён тут.
Покуль цішыня, покуль ніякага руху не чуваць на шашы, трэба ў міг вока пераскочыць.
Міця адапхнуўся ад тоўстага вярбовага камля, дзе ў цёмным дупле раптам запішчалі пташаняты, і, асцярожна кідаючы вокам на белы пасак шашы, пайшоў уздоўж быстрай звілістай рэчкі, каб мінуць пастуха. На завароце, дзе перад карчамі рэчачка вымыла сінявата-цёмную бухту, учапіўшыся лапкамі за сухі алехавы пруцік, сядзеў, звесіўшы цяжкі дзюб і нерухома пазіраючы ў воду, зялёна-блішчасты, нібы райская пташка, караткахвосты і таўставаты, як шпуля, зімародак.
Забыўшыся пра трывогі, пра зацішны страх, што заміраў на сподзе душы, Міця сцішыў хаду і залюбаваўся пташкаю. У душы ачуцілася і затрапятала нешта даўняе, радасна-дзіцячае. Успомнілася раптам тое забытае дзіва, калі падлеткам першы раз убачыў зімародка — зялёны з чырвоным брушкам, ён ляцеў над самаю вадою — Міцю здалося, што папраўдзе ўбачыў райскую пташку.
Міця памалу і асцярожна адступіўся назад, але пташка, мусіць, ужо даўно счуўшы яго, куляй ірванулася з сухога, што струнка задрыжаў, пруціка і знікла на завароце рэчкі, за высокім карчыстым берагам.
Дайшоўшы да гразкай лагчынкі, Міця з разгону пераскочыў на другі бераг рэчкі, заглушаны невысокай, яшчэ без парасонаў жоўтых кветак, горка-пахучай лодзьмай і, паглядаючы на пастуха, што, упершыся барадою на кій, стаяў спіною да яго, высунуўся з алешніку.
Шоргаючы чаравікамі па сухавата-шорсткіх лісцях чэмеру, пабег да шашы, неспадзявана ўчуўшы за падсечаным лесам натужлівы вуркат матораў.
Міця ляпнуўся між чорных, наточаных кратом тарфяністых кучаў, плячмі чуючы блізкі гул: з-за чубка маладога ў залацістых стрэлках хвойніку высунулася зеленавата-рабая, як жаба, танкетка і гэтакія ж рабаватыя ад зялёных прадаўгаватых плямаў два крытыя грузавікі.
Пакінуўшы смярдзючы пах саляркі і горка-сухога пылу, яны прасунуліся выбоістаю шашою і заціхлі на другім баку лесу. Счакаўшы, ці не чуваць яшчэ каго, Міця падхапіўся з вільготнага, што яшчэ не ўсмактаў дажджавую ваду, лужка і, не зважаючы на пастуха, што, мусіць, ужо згледзеў яго, перабег шашу. Коўзаючыся па тоўстых карэннях шарых, аблушчаных пнёў высекі, ускочыў нарэшце ў лес і, разводзячы рукамі разложыстыя кусты гарэшніку, схаваўся ўжо ад усяго.
Малаезджаныя з глыбокай ціхай вадою ў каляінах дарога, што гарэла ад жоўта-сіняга мар’янніку, вывела яго з парнага старога і рэдкага дубняку на груд да палетка жоўта-зялёнага яшчэ не зацвіўшага лёну і нізкай, што толькі паказала вушы, усходзячы цёмна-зялёным лісцем, картоплі. У блізенькай лагчынцы, у густой зеляніне прысад, завешанай сіняватай соннай смугою, хавалася вёска, там-сям, шарэючы салямянымі стрэхамі высокіх гумнаў і нізкаватых з пабеленымі сценамі хатаў. У гародах, абнесеных жардзяною загараддзю, бялелі хусткі жанчын.
Далёка наводшыбе пад самым лесам, схаваўшыся пад грушу і затуліўшыся кустамі язміну, высунулася саламяным без шчыта лобам нізкая, з двума цёмнымі аконцамі палахлівая хата. Ніжай пад ёю да крутога спаду груда прыціснулася касабокае гумно.