Выбрать главу

I сёння зранку перад паласатым шлагбаумам ужо сталі ў чорных, з дзюбавата доўгімі брылямі шапках двое паліцыянтаў, ружова разамрэлых, бо ўскоралі глынуць палкага, як агонь, першака, і ўзбуджаных, з перагарэлым нутром, што пасмоктвала і бурчала ад прагі; і паліцыянты нецярпліва і ўпарта думалі, як перахапіць зноў шклянку гары.

Сціраючы з пачарсцвелых сіваватых губ вялую ўхмылку, яны ўжо з важным, непадступным гонарам падыходзілі да саней, што пад’язджалі да пераезда, і давалі рукою знак з’ехаць на абочыну.

Пашморгваючы за рэмень вінтоўку, няспешна, з цяжкім шахканнем ялавых жоўтых ботаў, па раз’езджаным, перамешаным з сіняватым вугалем снезе падыходзілі да саней: адзін, каб праверыць, ці ёсць у фурмана аўсвайс — жаўтлявыя, пераломленыя кардонныя вокладачкі з наклеенай картачкай і фіялетавай прадаўгаватай плямкай — адбіткам пальца; другі, каб тым часам перавярнуць у лазовым палукашку пыльна-пяршывую канюшыну ці мяшок з аўсом і знайсці аплецены буталь з самагонам.

Як знарок, сёння ім доўга не шанцавала. Перабраўшы падвод шэсць, яны, раздражнёна-злыя і помслівыя, нарэшце запынілі чорны вазок калекага пана Бернацкага: разбітага паралічом гадоў сарака мужчыну, што, трасучыся як у ліхаманцы, ледзьве мог хадзіць і балбатліва, пырскаючы слінай, гаварыць,— без прывычкі і не разбярэш што. Баючыся ўжо таго, што сённяшнім ліхім часам магло здарыцца ў фальварку, ён са сваёй пакаёўкай, якая слугавала яму хвораму, а цяпер стала жонкай, перабраўся ў мястэчка. На ўладны жэст паднятай рукі яго чырванаватая, нават сіняя ад прыроды Юдаля, што была і за фурмана, сапучы ў руды, што абкручваў шыю, лісіны каўнер, скіравала каня бліжай да канавы, поўнай зеленаватай, у бурбалках, талай вады.

Высокі, худы, нібы з начэпленымі чорнымі пад носам вусікамі, паліцыянт сігануў да вазка, крыкнуўшы здалёк:

— Дакумент!

— Які ж сённяшнім часам дакумант? — кабета недзе з боку каля сябе знайшла карміновы абшморганы рыдыкюль, дастала складзены ў чатыры столкі лісток у зялёную клетачку з чырвонай тоненькай лініяй.

Паліцыянт разгарнуў яго, паўзіраўся на фіялетавы штэмпель, прачытаў, мінуўшы нямецкі, толькі беларускі тэкст пасведчання: «...Выдана ў тым, што Бернацкі Казімір, яго жонка Бернацкая Адольфіна з’яўляюцца жыхарамі мястэчка Дварчаны».

— А дзе фотакартка? Хто гэта паверыць, што гэта вы жыхары, хіба толькі сам гмінны бурмістр спадар Казакевіч.

— Які далі дакумант, такі маем.

— Далі...

I тут нешта пачаў балбатаць, калоцячыся і крывячы адвіслую мокрую губу, пан Бернацкі.

— Праверка, не мыкай,— паліцыянт, паляпаўшы рукою па зялёнай у чорныя вазончыкі радзюжцы, раптам падсунуў пад яе руку, намацаў і выцягнуў «гусака» з чысценькай, ажно сіняватай, гнанай, як для сябе, самагонкай.

_ Міна? — зацвякаў падкоўкамі ботаў, ідучы да вазка, другі паліцыянт — ніжэйшы, з даўгаватым, панура апушчаным носам.

— Яна,— прыскаліў адно вока той, што трымаў за доўгае рыльца «гусака» з папяровым размоклым заткалам.— У камендатуру прыдзецца адвезці.

— Хлопчыкі, на лякарства яму вязу.

— Не дурыся, кабета, праязджай!

— Хлопчыкі...

— Скарэй, сказана,— рука ляпнула па боку дагледжанага гладкага каня, і сані, дастаючы шынамі да бруку, з едкім віскам паплылі на пераезд. На санях азіраўся і, крывячы мокрую адвіслую губу, сіліўся нешта сказаць пан Бернацкі.

Да другога воза паліцыянты падышлі ўжо на добрым падпітку: перад гэтым яны ўкрадкам бегалі за чорны куст бэзу і там пацягвалі гэты моцны, выгнаны, мусіць, з жытняе мукі самагон проста з «гусака», ставячы яго назад у снег між пазелянелых старых камлёў бэзу.

Да пераезда якраз набліжаліся розвальні, на якіх сядзеў, ганарыста падняўшы голаў у аксамітнай камілаўцы, настаяцель дварчанскай царквы Амвросій Дэконскі. Уперадзе яго на мяшку з аўсом курчыўся ад сыраватага адлежнага холаду і хаваў белыя вусы ў чорны аб’інелы каўнер кажушка Язэп Карыба.

Згледзеўшы паліцыянта, што высунуўся з-за шарага пераплеценага пруцця голага бэзу з чорным каўпачком леташняга гнязда, Карыба вяла шлёгнуў мокрай сырамятнай пугай, каб падагнаць каня і скарэй мінуць паліцэйскі пост, але тут няждана з-за спіны напярэймы каню выйшаў другі паліцыянт — высокі, бліскаючы асалавелымі, сінімі вачмі.

— Стой! — гукнуў ён, падымаючы чорную руку з сівым закарвашам і стараючыся злавіць каня за цуглі.

Карыба нібы незнарок праехаў трохі і тады ўжо турзануў на сябе лейцы:

— Тыр-р-р!

— Ты што? — паліцыянту нешта закусала за каўняром, і ён, жмурачыся, пакруціў доўгай худой шыяй.— Паліцыянта не бачыш?