Зводдаль за карычняватым ад перасохлага моху гумном над густой светла-зялёнай старой ліпай, дзе ў чорным шырокім гняздзе бялелі бусляняты, спакойна і разважна, выцягнуўшы чырвоныя ногі, кружыў бусел.
Свет быў ціхі, прымрэлы ў бялёсым мроіве. За маладым грабам і арэшнікам, што раскашавалі на беразе лесу, Міця падышоў да хутара, спыніўся каля ружаватых, ссунутых з поля да лесу старых валуноў. Затоена слухаў: ёсць на хутары сабака ці няма. Але прычуў толькі галасы дзяцей — большага, гадоў дзевяці, хлопчыка і меншай — дзяўчынкі. Бачачы, што дзеці заняты забаўкаю, Міця высунуўся на вузкую, зарослую кучараваю мяккаю дзяцелінкаю сцежку, што бегла з лесу да адзінокага смутнага хутара, атуленага толькі шапаткім, рэдзенька-марным тут, на пяшчаным грудку, жытам.
Дзеці, падняўшыся ад круглых, гладкіх, як каровы, каменняў, што ляжалі ў загарадках шчыльна набітых калочкаў, што абазначалі хлеў, і згледзеўшы Міцю, палахліва турзаніуліся. «Немец ідзе»,— сказаў большы хлопец і раптам схапіў за руку дзяўчынку, што скрывілася і пачала ад страху плакаць. :
— Я не немец,— працягнуў руку Міця, асцярожна абыходзячы густа набітыя на сцежцы калочкі.— Я сваяк ваш з Верасава. Я ведаю вашу маму Ганну.
— Якая ж яна мне мама, я вунь з той хаты,— падняў з вачэй велікаватую, ушытую з тыльнай стараны, каб была трохі меншаю, злінялую кепку рабаціністы хлопец.— Я памагаю во ёй пільнаваць кураводку, каб не вадзіла куранят у жыта.
— I дзе ж твае кураняты? — Міця агледзеў зялёны ад калматага спарышніку надворак.
— Гы-ы,— хікнуў і адвярнуўся хлопец, яшчэ ўсё не выпускаючы худую, ценькую ручку дзяўчынкі ў доўгай чырвонай сукенцы, што трохі паспакайнела і падазроным косым вокам зіркала на Міцю,— вунь за гумном у загарадцы сядзіць.
— А гаспадары дзе?
— У гародах... Там пад рэчкаю.
— I скора прыдуць?
— Не ведаю...
— А можа, ты...— Міця наважыўся папрасіць хлопца паклікаць Ганначку і спахапіўся, што наробіць бяды, бо што і каму скажа неразважны хлопец, і загадаў ужо вынесці кубак вады.
Міцю папраўдзе смажыла і хацелася піць.
— Дзверы засунутыя ў іх. Я мігам збегаю да калодзеся.
— Пачакай. Вунь ці не гаспадар ідзе,— Міця ўбачыў, як затравелаю сценкаю, агароджанаю абапал акоранымі, што ляжалі на вілаватых слупках, дубовымі жэрдкамі з дзяружкаю зелля на адным плячы, накульгваючы, ставячы неяк бокам на костачку калекую ногу, з вёскі сюды на блізкі хутар падымаўся сам гаспадар.
Згледзеўшы Міцю, яшчэ каля гумна ціха спусціў з пляча ружавата-злінялую ў балонкі радзюжку і напуджана, ужо нават моцна спатыкаючыся на ўкалечаную нагу, увайшоў У двор.
— Сваяк ваш восьдзека,— апярэдзіў Міцю хлопец.
— Які сваяк, што ты гародзіш,— калекая падвернутая нага заблыталася ў спарышніку, і даўганосы падслепаваты мужчына спатыкнуўся зноў.
— Гэта я тут вінаваты,— усміхнуўся Міця,— што назваўся сваяком. З Верасава я.
— А-а-а,— павесялеў нарэшце, і скінуў сваю здранцвеласць гаспадар, і папрасіў хлопца: — Збегай, Коля, пакліч маю дахаты.
Міця ўжо, каб не выдаць сваю насцярогу, што не варта пасылаць хлопца, толькі спытаў:
— Казакаў часам няма ў вёсцы?
— Не, не стаяць... У Барышыне іх поўна,— мужчына пагладзіў па доўгіх бялява-кучаравых валасах дзяўчынку, што прытулілася да яго ног.
Міця папрасіў вады і, ужо услед за гаспадаром ўвайшоўшы ў звінючую ад мух, затхла-кіславатую неправетраную хату, сказаў:
— Мне каб пераадзецца як.
— Уцёк адкуль? — здагадаўся гаспадар, боўтаючыся кубкам у вядры, што стаяла пры акне на калодзе.
— Уцёк,— не хочучы прызнаўся Міця,— не мог глядзець, як страляюць людзей.
— Цяперашнім часам так. Людзі гінуць як мухі. Днямі ў нас старога чалавека да воза прывязалі і гналі, покуль дух вон. Застрэліць, дак гэта кароткая смерць. А то скуру дзяруць. Во да чаго дайшло,— і, скрыва павярнуўшы голаў у акно, здзівіўся: — Глядзі, і мая ўжо ідзе.
Міця таксама зіркнуў у нізкае ў чатыры балонкі акно, убачыўшы, як за сіваватым жытам мільгае стракатая, у гарошак, хустка.
Прапускаючы наперад сябе дзяўчынку, Ганначка ў хату ўвайшла задыхана і са страхам, што сцінаў і перакошваў яе загарэлы смуглявы твар. Шарыя лупаватыя вочы з дзівам і няверай, што гэта ён, Міця, пазіралі на яго.
— А я думаю, што гэта за немец у хату прыйшоў,— яна ўскінула ўгору кароткія рукі ўспляснула імі.— Адно ж гэта ты, Міця!
— Я, Ганначка. Забег па дарозе. Мо пераадзецца што знойдзецца?