Выбрать главу

— Ці падыдзе яго табе? Ты ж гэткі высокі.

— Гэта праўда,— засмяяўся, паказваючы ў кутку рота чорную шчарбіну, нізкі Ганначчын мужык.

— Вот не выскаляйся, а прынясі са стопкі суконны каптан,— яна пляснула босаю нагою ў гліняны ток.— I не марудзь! Вунь у вёсцы ліхаты поўна.

— Хто ж там? — спытаў Міця, расшпільваючы куртку.

— Парцізаны, кажуць, прыйшлі.

Міця паспеў яшчэ разуць чаравікі, як на сценцы, што збягала каля сівага з ружаватым коласам жыта да высокай, з бусловым чорна-шырокім гняздом ліпы, з’явіліся двое. Іх вёў той самы хлопец у велікаватай, ушытай ззаду, выцвілай кепцы.

— Во, пра воўка памоўка... А яны ўжо ідуць,— адскочыла ад акна і збялела Ганначка.

У адчыненых дзвярах, пераступіўшы калекаю нагою парог, застыў ад гэтай навіны, трымаючы ў сагнутай руцэ стары, паточаны моллю суконны каптан, Ганначчын муж.

У хату, пастараніўшы самазарадкаю гаспадара, убег толькі ён, Жэнік Рэпка, распарана-чырвоны, раз’юшаны, пабліскваючы сінявата-вільготнымі, асалавелымі вачмі; другі, мусіць, на выпадак чаго, для падстрахоўкі застаўся на надворку.

Нечаканая радасць нібы перасмыкнула скамянелы, з падцятымі кіслымі губамі Рэпкаў твар, калі ён убачыў, што на заслоне сядзіць без мундзіра і босы, у блакітна-шарай трыкатажнай кашулі Міця Корсак.

— Гэ-э, я так і думаў,— яго калючы, злы, недаверлівы зірк абабег хату,— што сюды прыбіўся свой сабака.

— Што ты кажаш, які ён сабака? — лекатлівымі рукамі Ганначка падгладзіла пад хустку рассыпаныя валасы.

— Уйдзі! Не падлазь! — ён саўгануў вінтоўкаю і азірнуўся на рабаціністую кучарава-белую дзяўчыну.— I дзіця забяры з хаты!

— Што ты, Жэнік! — Ганначка прытуліла да сяое худую ў доўгай сукенцы дзяўчынку.— Пабойся граху.

— Чаго хочаш? — узарваўся з заслона Міця, чуючы, як нейкая гарачка, злосць, дасада гарыць у душы.

— А таго, сволач, што сустрэліся нарэшце на вузенькай дарожцы,— Рэпка адскочыўся, спешна заклацаў замком самазарадкі.

— Ая-ё-ой! — заенчыла і шмыганула ў сені Ганначка.

За ёю, выставіўшы наперад кульгавую ногу, пераваліўся цераз парог мужык.

Міця здагадаўся — Рэпка быў на падпітку. Гаварыць з ім, прасіцца ў яго, Міцю ўжо не давала нейкая пагарда, нават агіда, як была гэтая агіда да Камашылы. Раптам успомніўся яго, Камашылаў, хрыплаваты голас, што цадзіўся праз зубы: «Нас яны пашкадуюць... Скуру будуць драць». Якія, зрэшты, яны аднакавыя: той — там, каля ржава-гліністай ямы, гэты тут — у счарнелай нізкай хаце з малымі аконцамі. Той там быў храбры, гэты — тут. Міця сцяўся, залекацеў увесь і ўжо, шалеючы ад здзеку, ад гарачай і нечаканай прагі жыць, ратавацца, ірвануўся да Рэпкі, але яго апярэдзіў моцны ўдар у лапатку. Гэта быў той, што стаяў напагатове ў адчыненых дзвярах,— рослы, таўста-губы, з выгаралым чубам, які выкручваўся ўпартымі кольцамі з-пад кепкі. Міця нават плячмі ўчуў, як блішчыць смерцю трохкантовы штых у яго на доўгай вінтоўцы, а адскочыўшы да печы, з гарачкі хапіўся рукою за слупок.

— Выходзь, падлюга! — Рэпка трасянуў галавою і заплюшчыў сінія, зацягнутыя блішчастай вільгаццю вочы.

— Нікуды не пайду,— як мог спакойна сказаў Міця, чуючы ўжо, як замірае ўсё ў душы.

Холад страху, нібы скразняк, абвеяў усяго, што смерць будзе тут, пры гэтым лесе, пры гэтай чужой вёсачцы. Так неспадзявана... Для сябе і для яе, для Чэсі. Як усё скончылася: радасць кахання, сонца, увесь свет. Так горка і так крыўдна, што смерць прыходзіць ад свайго. Няўжо смерць тваю носіць твой блізкі?

— Ідзём, гад, а то выпушчу кішкі тут, каля печы! — куток рота ў Рэпкі расцягнуўся, бліснуў радком белых зубоў.— Шкуру нямецкую на сябе нацягнуў, прадаўся з вантробамі! Думаў, што мінецца ўсё.

Клубок чорнай звар’яцелай злосці перавярнуўся ў Міцевых грудзях:

— Ды пайшоў ты, паршывец!

Нешта бяспамятнае пад’юшчвала і нават салодка зманвала вырваць у гэтага неданоска, курачага выліўка вінтоўку, а там ужо што будзе, а там ужо — бог бацька.

I тут зноў рэзка і нечакана гарачым агнём паласнуў удар. Па правай ужо руцэ, ажно хруснула косць. Якраз вышай костачкі. У Міцевых вачах пырснулі залаціста-чырвоныя, а потым цёмныя іскры. На які міг, быдта пасля зыркай маланкі, хлынула чарната. Міця ледзьве ўстояў, страціўшы, мусіць, на якую хвіліну прытомнасць. Адкрыў вочы, убачыўшы, як плыве, кружыцца ясны правал маленькага акна і пабеленыя, абшморганыя плячмі сцены малой, з нізкай столлю хаты.

На руцэ, што бездапаможна аб’язджала са слупка, шараватае рукаво трыкатажнай кашулі вострым ражком падымала пераломаная косць.

Падскочыўшы ззаду, прыкладам ударыў той самы, з белаватым выгараным чубам і таўставатымі губамі.