Прыйшла дадому, паглядзела, як на засыпанай трэскамі дрывотні ён адзін, узваліўшы на козлы, пілуе тоўсты, нават ў зялёных пасынках камель яшчэ зімою зломанай вярбы, і сказала ў яго прыгорбленую, нібы баязлівую спіну:
— Запрагай каня, паедзем па Міцю.
Імполь марудна атрос з закарвашаў белыя пілавіны, падняўся ад калоды, выцягнуў з глыбокага прарэзу пілу і, бліскаючы ёю, паслушна пайшоў да хлява.
Дарогаю ўжо, ловячы ружавата-сінія каласы з марнага, заглушанага гаркавата-пахучым румянкам жыта, што чаплялася за воз, неспадзявана сказаў:
— Бачыў я яго.
— Каго гэта?
— Каго, пытае? Міцю, кажу, бачыў.
— Дзе ж гэта? — насцярожылася і зніякавела Алеся.
— Там, дзе людзей стралялі. За кашарамі, пры ляску,— ён адвярнуў свае вочы, падкідваючы ў растапыранай жмені пустыя пляскатыя каласы.
— Яшчэ выдумаў, што людзей страляў.
— Людзей-то не страляў, а ў ачапленні быў.
— Дзе ні быў, а дадому во не дайшоў,— не стрываўшы, са злосцю перабіла ўжо Алеся, пазіраючы на Імполя, на яго зарослы доўгімі валасамі карак, на ўсяго яго, худога і зблажэлага.— А ты болей мянці языком.
— Я кажу, што бачыў, што было.
— Што было — прайшло. Глядзі вунь, што будзе — казакі едуць.
Насустрач ім з-за грудка з боку шашы па мяккай, што зарасла нізкай, бела-ружаватай дзяцелінкай, дарозе узводным калонным намётам ехалі казакі, з-за плячэй выглядалі чорныя дулы вінтовак, пры сёдлах паблісквалі похвы і эфесы шабляў.
Не пускаючы каня на мяккую дарогу, Імполь пагнаў яго няроўнаю, у выбоінах шашою. Конь наравіўся, непаслушна адварочваў голаў, але бег, трасучы збруяю. Чарнавусы казак у шарай кубанцы, у сітцавай касаваротцы навыпуск, падпяразанай вузенькім рэменем у медных заклёпках, злёгку падскокваючы на падушцы сядла, адлучыўся ад калоны і завярнуў да шашы. Астатнія спыніліся, стоячы ў тройках і стрымліваючы за павады неспакойных, зацятых аваднямі коней.
— Кто такие? — прыжмурыў вузкаватыя татарскія вочы казак і прыпадняўся на страмёнах.
— Верасаўскія мы,— Імполь прыпыніў свайго разагналага каня.
— Распрягай лошадь!
— Як, гаспадзін казак? — Імполь азірнуўся на Алесю.
— Распрягай, мать твою черт! — казак узмахнуў кароткаю і крутою, як гадзюка, плёткаю.
Імполь саскочыў з воза, рассупоніў хамут.
Алеся маўчала, ведала, што нічога не выпрасіш, ды нават язык не паварочваўся загаварыць да гэтых злыдняў, што спалілі бацьку. Думала пра іншае: у каго ж яна пазычыць каня прывезці Міцю і хто цяперашнім светам дасць, хто паспагадае.
— Эй, Степа, лошадь-то какая. Беги сюда, тебе попалась красивейшая, офицерская.
— Я зараз,— з каня, на якім сядзелі двое, злез і, касалапа ставячы ногі, падышоў нізкарослы, шыракароты казак.
Яны, Імполь з Алесяй, доўга і маўкліва стаялі над пустым возам, і нарэшце Імполь пачаў яго разбіраць, каб упрэгчыся ўжо самому ў лягчэйшы перадок.
Да Янава, калі звярнуць з шашы, асталося вярсты са дзве. На грудку ў круглаватых, як царкоўныя купалы, кустах ялаўцу жаўцеў лапік топкага пяску. Алеся, як магла, трохі памагала Імполю праехаць яго. Каб не паказвацца ў вёсцы, завярнулі на ўтравелую палявую сценку. Алеся толькі збегала ў першую нізенькую, на тры аконцы хату, спытаць, бо, не ведаючы, прыйдзецца паблудзіць, дзе ляжыць тут надоечы забіты хлопец.
— Маладзічка,— разагнулася каля грады вострай цыбулі бязгрудая кабета,— не ведаю я, нічога і не чула, каго забілі. Не, што вы, не чула. Мо хто іншы.
Да іншых Алеся не пайшла, падумаўшы, што таксама не скажуць: цяпер кожны тоіцца, сцеражэ сябе.
Толькі ўжо на полі, перастрэўшы рабаватага з чырвонымі недаспанымі вачмі пастушка, што гнаў падласную карову і сівую з падвешанаю качалкаю, каб не магла бегчы, авечку з двума чорнымі лысенькімі ягняткамі, распыталі, дзе ляжыць забіты Міця.
Пастушок падцвердзіў тое самае, што перадавала Ганначка: трэба ехаць за вёску ў хвойнік, і, як спусціцца з грудка, у Воўчых ровішчах пры дарозе натрапіш на труп: там ляжыць забіты немец, яны, дзеці, учора пасля полудню бегалі туды, думалі чаравікі зняць, але нехта ўжо яго разуў.
Спускаючыся ў марны, сіва-замшэлы хвойнік, Алеся першымі і ўбачыла босыя пасінелыя ногі, а потым ужо ў перавеяным ветрам жоўтым пяску між чубкоў шорсткай асакі, дзе валяліся шарыя, высушаныя сонцам бяззубыя конскія пашчэнкі (тут, мусіць, былі магілкі для жывёлы), нібы зачапіўшыся за гарбаваты крывы корань, што выпаўз ад прысадзістай недарослай хвойкі, ляжаў ён, Міця: правая рука хапіўшыся за гарачыя, навылет праткнутыя штыхом грудзі, левая сударажна разграбла ў сыпкім пяску глыбокую ямку.