— А хіба паліцыянт не знае бацюшку? — Карыба азірнуўся на Дэконскага, але той, панура звесіўшы свой немалы чырванаваты нос, маўчаў.
— Знаю, што з раю, але як зваць — не знаю,— густым атрутным пахам тытуню і самагону дыхнуў прыгорблены высакаваты паліцыянт.— Паказвай дакумент!
— Вы што? — прыўзняўся на мяшках насуплены Дэконскі і задраў сваю горка-аксамітную камілаўку — вока ў яго турзалася і касіла ад нервовасці.— Хіба мы падлягаем праверцы?
— Не падлягае толькі войска, паліцыя ды нямецкія дзяржаўныя службоўцы,— да саней, сплёўваючы з губы кантарык размоклай белай цыгарэткі, падыходзіў яшчэ адзін паліцыянт — драбнейшы, з бледна-зялёным худым тварам, і Дэконскі, крышку асядаючы на мяшок, пачаў пазнаваць басякаватага, распуснага свінабоевага сынка, што гадоў колькі назад на прастольнае свята Іаана Хрысціцеля, калі Дэконскі з урачыста-набожнай працэсіяй прыхаджан, над якімі вецер пакалыхваў залацістыя харугві, падышоў да блізкай, схаванай у старых чорных алешынах рэчкі, каб высвенціць Іардан, з-пад берага з аеру, вымазаўшыся сіняватай гразёю і дзіка пасмехваючыся, высунуўся ён, сын Пясэцкага. Тады нехта з прыхаджан шпурнуў у яго сухою трухлявай ламачынай. Пясэцкі, бліснуўшы голым сінявата-худым азадкам, даў нырца і выплыў каля другога берага і во гэтаксама, крывячы мокрыя таўставатыя губы, дурнавата зарагатаў.
— У мястэчку ўведзены паліцыйны выняткавы стан. Мы правяраем кожнага. Прашу падсунуцца,— і чырвоная змерзлая, з пакрэплымі пальцамі рука адчыніла вечка ў лазовым кошыку — якраз там, дзе ляжалі сыры і паляндвіца.
— Уга-а! — выцягнуў губы высокі, з падбрытымі вусікамі і пляскаватым носам паліцыянт і выхапіў з кошыка паляндвіцу.
— Буду скардзіцца ў раён,— бацюшка Дэконскі ад злосці скуб вялікаю жменяю сваю падстрыжаную сіваватую бародку.
— Якая скарга, на каго, калі загад даў штурмбанфюрэр СС,— дыхнуў на Дэконскага густаватым перагарам высокі, з худавата-ўпалымі шчокамі паліцыянт.
— Гіцлі, што скажаш больш, настаяшчыя гіцлі,— сцебануў каня пугаю і рашуча падняўся на каленях Язэп Карыба. Конь нехаця зрушыў з месца.
— Гані, гані,— Пясэцкі падтрос на плячы вінтоўку.— А то зараз агрэю кульбаю па плячах.
— Не праракайся, едзем з богам,— загадаў ужо і Дэконскі, закідваючы сабе на калені шырокую паласатую стужку епітрахіллі.
— Ну, што ты скажаш, гіцлі,— не мог яшчэ ўсё аціхнуць і супакоіцца царкоўны стараста Язэп Карыба.— Брыда, як кажуць, з брыды. Усё падаянне, ці, як грыцца, прынашэнне, забралі б.
Дэконскі маўчаў, слухаў, як балюча, жалезам па рэйках пераезда, скрыгаталі палазы саней, і калі гэты едка-балючы віск сціх, задраўшы кароткую, з белаватым плешыкам бародку, сказаў: «Делайте не брашно гиблющее, но брашно пребывающее в живот вечный»[3].
III
Паабапал дзвюх глыбокіх санных каляін, крышачы нагамі хрумстка-звінючы, шкляны лёд-шарпак, ішлі трое: старшы над групаю, але меншы за ўсіх ростам Жэнік Рэпка, стройны ў паставе, высокі, як трасціна, і прыгожы з твару Ярафееў з нязвыклым і трохі брыдкаватым сібірскім імем — Кеша і гэтакі самы хударлявы і дробны, як малады певень, Пашка Лобаў.
Ён, былы вайсковы шофер, з-за Беластока ўлетку сорак першага даехаў толькі да Зэльвы, а там ужо, пакінуўшы заглухлы паштовы «газік» з кароценькім кузавам «пікап», адступаў пеша, покуль пад Дварчанамі не наткнуўся на немцаў.
Звярнуўшы з бойкай шашы на глухія, зацішныя палявыя дарогі, знясілены, змораны дзвюма бяссоннымі начамі Пашка папрасіўся ў невялікай вёсачцы на начлег, якраз у хаце занадта спагадлівай, што жыла з старою глухаватай мацераю і гадоў сямі дзяўчынкай, прынадлівай, раздабрэлай маладзіцы.
Цяжка ўжо сказаць, хто каго ўпадабаў, але гараджанін Пашка застаўся за гаспадара ў вясковай хаце.
Увосень сорак другога, калі партызаны, ідучы на дварчанскую шашу рэзаць тэлефонныя слупы, паднялі яго з пасцелі, сярод хаты стаяла, хаваючы пад наспех накінутым караткаватым каптанікам свой выпуклы жывот нябрыдкая з твару, трохі сумеўшыся ад начных гасцей, чарнявая маладзіца. Яна зацяжарала другі раз, каб другі ўжо раз нарадзіць дзіця без бацькі — Пашку партызаны не адпусцілі, забраўшы як кадравага вайскоўца да сябе ў атрад.
Другі з гэтых трох Кеша Ярафееў, па мянушцы Пара, якая прыліпла да яго ад нязвыклай сібірскай гутаркі: заміж «Слушай, парень», ён казаў: «Чуй, паря»,— прыйшоў у атрад з чыгуначнай аховы, што жыла пры рэчачцы ў бункеры, вартуючы жалезны мост, недалёка ад дварчанскага пераезда.
3
Працуйце ж не дзеля ежы, што зніштажаецца, але дзеля ежы, што астаецца ў жыццё вечнае» (бібл.).