Ярафееву ды палоннаму ваенфельчару, што трапіў недзе аж са смаленскага ў дварчанскі нямецкі шпіталь, знайсці дарогу да партызанаў падказала Хрысця.
Ваенфельчар — бялявы, сарамяжлівы лейтэнант — не вярнуўся з першага задання, калі іх з невялікай групай партызан паслалі здабыць сабе зброю і яны, падпільнаваўшы між грудкоў на шашы нямецкі грузавік, дадумаліся, разяпы і дурні, захапіць яго разам нават з наваградскім ляснічым, не здагадваючыся, вядома, што ўслед за грузавіком з-за абсаджанага маладым хвойнікам пагорка высунецца нямецкая танкетка.
З пецярых партызан, якіх і пачаў касіць на адкрытай шашы нямецкі кулямёт, выратаваўся ён, Кеша, ды немалады, нават трохі клыпаты, былы дырэктар маслазавода, як назнарок і адпаведна дзеля гэткай пасады падабраным прозвішчам — Смятаннікаў, што быў тады за старшага групы.
Як там, каля нямецкага грузавіка, ён пакінуў сваю адзіную, з двума нерастрачанымі патронамі, бельгійскую вінтоўку, Смятаннікаў не помніць. Знайсці ружжо, але ўжо другое, яму памог Жэнік Рэпка, напытаўшы ў недалёкіх Ведравічах мужчыну, які яшчэ ўлетку сорак першага разам з трупамі байцоў закапаў, накрыж кінуўшы на іх, некалькі вінтовак.
Адну з іх у воспах ачышчанай іржы і нёс цяпер, трымаючы за самаробны вузкі рэмень, як носяць іншы раз за абодва доўгія кручкі каромісла, няспешны, трохі таўлуяваты Кеша Ярафееў.
Яна, вядома, не страляла, але вясковых цётак ды дзядзькоў палохала гэтаксама, як спраўная зброя, асабліва на хозаперацыях, калі прыходзілася ў слязлівага, лішне скупаватага гаспадара, што пачынаў плакаць, нібы па нябожчыку, па звязаным і ўкінутым у сані баранчыку ці парсюку.
На хозаперацыях была і чарка, была і скварка, але чагосьці не далягала, душа смылела па іншым. Ярафееў з Лобавым прасіліся ў Рэпкі, каб ён узяў іх з сабою ў Дварчаны — там было страшна, але і цікава: адтуль яны варочаліся ў атрад, маючы на сваім рахунку ці абстраляную будку з паліцыяй, ці спалены склад, ці падарваны мінай спальны вагон. Сёння, як і заўсёды, ішлі наўгад.
Ноч была чуйная — сцішэў вецер і пачаў зманвацца марозік. З высокіх сіва-жаўтлявых хмар выглядала і хавалася зноў голабелаватая, як бессаромная, поўня. Сіняе святло яе на шарай дарозе, што нібы ўкрадкам убегла ў лес, здавалася маладым, нярушаным і лёгкім, як першы снег.
У лесе з нечаканым шоргатам, разганяючы маўклівы, пануры поцемак, падала, яшчэ не атрэсеная ветрам, звінюча-шкляная снежная наледзь.
Шарая хрумсткая дарога, вышмыгнуўшы з-пад хмурых, калматых елак, згубілася на абветраным полі, і партызаны прыпыніліся, азіраючы белы прастор, што мяшаўся з далёкімі голымі хмызнякамі.
На грудку чорнай няроўна-зубчатай паласою вышчарыўся зноў пералесак. За ім былі Дварчаны. Туды недзе, працяжна і баязліва гукнуўшы, з сіняватай, падазрона-чуйнай, абветранай ночы спяшаўся цягнік — нёс за сабою рытмічны перастук колаў.
— Такі доўгі таварняк, сам у рукі просіцца,— сказаў Жэнік Рэпка, пераступаючы грэбень накарэлага лёду і прытрымліваючы правай рукою павешаны ўпоперак грудзей свой ППШ.
— Да, подкачал наш Аверьянов,— азірнуўся Пашка Лобаў, першым убіраючы пад сябе шараваты, зацярушаны за зіму саломаю і конскімі яблыкамі пасак дарогі.
— А што, сёння на жалезку пайшоў хіба ён? — Жэнік Рэпка задзёр сваю суконную кепку з даўгаватым брылём.
— Он,— Лобаў прыпыніўся і паслухаў, як там за шчарбатаю палоскаю лесу радзее шчодры перастук колаў.
Прыпыніліся і ўсе трое — цягнік, завішчаўшы жалезам, тармазіў на дварчанскай станцыі.
Далей ішлі, покуль не абрыдла, маўчучы. Першым зноў аказаўся Жэнік Рэпка, прыпыняючыся каля Кешы Ярафеева:
— Пара, скажы, што такое тайга?
Кеша, мусіць крыўдýючы на сподзе душы за гэтую мянюшку, памаўчаў, цярпліва і доўга, потым ужо марудна пераступіў на другі бок раз’езджаных каляін ад Рэпкі.
— Тайга, спрашиваешь?.. Сплошной лес. Ночью там не пойдешь. Там летом солнца не видно.
— Скажаш.
— Точно говорю. Ель, пихта, сосна, лиственница — все сплелось.
— Ваўкоў, пэўна, шмат?
— Волков нет, медведи по вырубам за малиной под самые дома подходят.
— Камарыльлі там поўна,— умяшаўся ў гутарку Пашка Лобаў, падтрасаючы на плячы сваю дзесяцізарадку.
— Гнусу да, не продохнешь.
Але гэтую нязначную, трохі пустую гавэнду перапыніў далёкі, глухавата-тупы стрэл, што ўслед за трасіруючай ружовай куляй даляцеў з-за наміткі лесу на седлаватым грудку. Спярша, як падаючая зорка, пакідаючы нават ясны пасачак, праляцела запальная куля, а потым, счакаўшы, бабахнуў гэты баязлівы стрэл. нібы спалохаўшыся яго, за хмару заплыў белы месяц, але нейкае святло ішло ад заснежанага поля.