— Чыгуначная ахова, ядры іх за ногу,— мармытнуў машыніст і ўжо, не глянуўшы на манометр, паволі, але ўпарта, нібы яму таксама абрыдла чакаць, папхнуў ручку рэверса.
Паравоз, прабуксаваўшы на месцы, нарэшце скрануўся і, цяжкавата падляскваючы, паволі пасунуўся, падбіраючы пад сябе цьмяна-бліскучыя, што адбівалі скупое, прыхаванае хмарамі святло месяца, і раўнютка-тугія рэйкі.
Двое ў доўгіх чорных шынялях і дзюбаносых шапках адскочыліся ўбок пад выступ рампы. Адзін з іх патрос кулаком:
— Ну, Інгілевіч!
Паравоз, грузна, з жалезным скрыгатам завішчаўшы на стрэлках, выйшаў з тупіка на шырокую пасму рэек.
— Цяпер куды? — спытаў машыніст, убачыўшы наперадзе чырвоныя агні хваставога вагона з будачкай для кандуктара.
— Гані назад! — важна, з неадступнасцю ў голасе загадаў Рэпка.— На мост пойдзем, на перагон.
— Мне хоць у пекла,— машыніст прыпыніў паравоз, двойчы падсвіснуў, торгаючы над галавою за дрот з трохкутнай ручкай, і абярнуўся да Рэпкі — лямпачка з невысокай столі сляпучым святлом біла яму ў прыплюшчаныя вочы.— Стрэлку перавесці трэба.
— Ярафееў, пара табе,— Рэпка высунуў голаў у акно, шукаючы вачмі тых двух з чыгуначнай аховы.
Як счуўшы што падазронае, яны стаялі якраз недалёка ад стрэлачнага рэгулятара, у ліхтары якога свяціўся малочна-белы трохкутнік, паказваючы, у які бок адыходзіць стрэлка. Паравоз, пасопваючы і чмыхаючы парай і рытмічна пагрукваючы коламі, усім сваім чорным цяжарам набліжаўся да іх. Рэйкі рабілі нябачны паварот, і колы, тручыся аб жалеза, зноў балюча заскрыгаталі.
Двое з чыгуначнай аховы, асветленыя сляпучым, як пражэктар, верхнім ліхтаром, пастараніліся далей ад паравоза, пераступіўшы яшчэ адны рэйкі.
«Яны не дадуць Ярафееву перавесці стрэлку. Вядома ж, пазнаюць, што гэта не стрэлачнік».— Рэпка ўчуў, як у руках пацяплела цаўё аўтамата. Нейкая сіла магнэзам цягнула і злосна зманьвала яго націснуць на спускавы кручок... Скасіць гэтых двух, укласці напавал тут, каля пакгауза. Але стрэл пачуюць у вайсковым эшалоне, што стаіць насупраць вакзала. Тады ці выведзеш са станцыі паравоз, каб потым вярнуць яго назад і з усяго разгону жарнуць у састаў.
— Як там ні было, трэба перавесці стрэлку. Трэба... Нават калі пачнуць страляць.
Не, спачатку, пэўна, не будуць: пад пучком святла, што б’е ім у вочы, Ярафееў неўпрыкмет успее дабегчы да стрэлачнага рэгулятара, адкінуць рычаг з адвесам. Апомняцца хіба тады, калі ўбачаць і пазнаюць, што стрэлку перавёў нехта чужы. А па кім будуць страляць? Спярша, вядома, па ім, па Ярафееву, а потым — па паравозе.
— Ярафееў, іці тваю!.. Дзе ты?
— Тута...
— Час бегчы да стрэлкі.
— Хлопцы, а можа, счакаць? — хрыплаватым голасам аказаўся машыніст.— Вунь стаяць два д’яблы. Той вышэйшы — з гомельскай паліцыі, што перабралася сюды. Хітры, як выжла.
— Можа, баішся, Кеша? — Рэпка локцем падштурхнуў Ярафеева.
— Да так...— мармытнуў той, бліснуўшы на Рэпку вялікімі, усё ж перапалоханымі вачмі. Узяўся рукою за поручань і пачаў спускацца, ловячы нагамі жалезныя сходцы.
Скочыў на чорна-брудны, зледзянелы снег і пабег ён нечакана.
Усе трое, што засталіся ў паравозе, ужо бачылі, як ён перакінуў цяжкую з адвесам ручку, як перакруціўся яркі ад карбідкі ліхтар і як да яго, да Кешы, ірвануліся двое ў чорных шынялях — па чырвонаармейскай фуражцы, па падперазанай вайсковай фуфайцы, мусіць, здагадваючыся, што гэта партызан.
Заглушаны грукатам паравоза, стрэл са сполахам агню дагнаў Ярафеева каля самага паравоза,— Ярафееў спаткнуўся і пачаў падаць, яшчэ безнадзейна і ў гарачцы працягваючы рукі.
Рэпкаў аўтамат, захлябнуўшыся кароткаю чаргою, паласнуў туды, дзе мільганулі, застаючыся каля доўгага пакгауза, гэтыя ўдвух у чорных шынялях з чыгуначнай аховы.
Паравоз, набіраючы хуткасць і выблытаўшыся з перакрыжаваных стрэлак, ляцеў на перагон, цяжка ўздрыгваў і пахістваўся.
За блізкім пераездам праплыў белы, з доўгім бляшаным комінам і нерухомым флюгерам дамок дварчанскай вадакачкі, далей, на другі бок чорнай з белымі крыллямі лёду рэчкі каля фундамента высокага моста прытуліўся бункер — прысадзісты, накрыты дзярном зруб і акружаны чатырохкутным з проймамі амбразур драўляным валам.
Пачуўшы, мусіць, на станцыі страляніну, каля моста замітусіўся і пачаў збягаць па адкосе ўніз перапуджаны вартавы. Лобаў стрэліў у яго, не ведаючы, пацэліў ці не, бо вартавы, спатыкнуўшыся ўжо да гэтага, па чорных, расталых на адкосе праталінах каціўся пад самую рэчку.