— А во што перадасі яму.
— Каменданту, ці што?
— Ага, яму.— Жэнік Рэпка з-пад даўгаватай суконнай курткі, падпяразанай шырокім рэменем з начышчанай пражкай, дастаў ужо свой новенькі ППШ, нібы пахваліўся ім, ляпнуўшы рукою па прыкладзе: — Скажаш Бортніку, каб у нядзелю па палудні быў у дамоўленым месці.
— Дзе?..— не разабраўся Імполь.
— Ён знае,— па куртцы, ловячы гузікі і зашпільваючы іх, забегалі кароткія Жэнікавыя пальцы.— Знойдзеш яго і скажаш...— пад белай касматай кубанкай злосна заварушыліся чорныя густыя бровы.— Скажаш толькі яму...
— Ці я ўжо не дурбаю?
— Не будзеш дурбаць...— Жэнік Рэпка паправіў, падбіў вышай сваю кубанку і загрукаў па сіняватым лядку высокімі, з падкручанымі для форсу халяўкамі штыўнымі ботамі,— знойдзем і ў тым свірне каля солі.
Нешта зняважлівае, помсліва-злое працяло Імполя, але ён стаяў нейкі разгублены і сцішэлы, пазіраючы, як бег Жэнік Рэпка, як мільгалі яго збітыя абцасы з бліскуча-залацістымі цвікамі.
Гэтае ненавіснае, пагрозлівае «знойдзем» Іполю ўспомнілася ў халодным, настылым свірне, дзе маўкліва кіркавалі соль і нічога не распытвалі грузчыкі, толькі злосна касіўся і гучна чмыхаў у свой даўгаваты нос недавольны Вайтовіч, што Імполь не прынёс ад партызан даведку, як не забывалася і ў маленькай настылай нейкім вільготным холадам хатцы старога Ладзімера, куды яны прыйшлі на шараку, з поўнымі кішэнямі бойнай, шарай солі.
Стары Ладзімер, здрабнелы, высахлы, у сподняй палатнянай, даўно нямытай кашулі, са зморшчанай, загарэлай яшчэ ўлетку і непабялелай шыяй, страсянуў худымі плячмі не то ад холаду, не то ад таго, што ўбачыў і пазнаў Імполя:
— Уга, які госць! Дзе ні бываем, усё спатыкаемся.
— Ты, дзядзька, анцімоніі не разводзь,— вывернуўшы палатняную кішэню ў здубянелым шарачковым пінжаку, на стол высыпаў соль асадзісты дужы грузчык з шырокім і пляскатым, як лапата, носам.— Шукай, каб было чым соль акрапіць. Бачыш, колькі насыпаў?
— Сып, сабе намалоціш. Чаго ты? Усякі звер свой хвост хваліць,— махнуў рукою і трохі пахіснуўся стары Ладзімер — ён быў на падпітку.— На, вокны завесь, а потым пра самагон спытаеш,— ён пашоргаў рукою па чаране печы і кінуў адтуль парцяную ў ружовыя балонкі радзюжку. Знайшоў там і другую — суконную, залаціста-жоўтую, у крыжы, як рызу, і кінуў яшчэ яе.
Нарэшце, памарудзіўшы, прынёс недзе з сенцаў аплецены буталь і падняў за абедзве ручкі на стол, дзе ўжо курэла, пахістваючы жоўтым касьніком, гранёная з бульбяным чэрствым кружком на доўгім рыльцы сіняватая газоўка. У керасін, каб ён не так скора гарэў, падсыпалі соль, і газоўка раз-пораз пастрэльвала іскрамі і цьмяна пыхкала агнём.
— Самагону досіць, абыле жыццё было,— зноў страсянуў худымі вострымі плячмі стары Ладзімер.— А тут праз мяне бяда прылучылася. Не чуў? — з глыбокіх вачаніц на Імполя зіркнулі сінія нявыцвілыя вочы.
— Досіць пра адно і тое! — крыкнуў на старога высокі, худы, з тонкімі, злосна падцятымі губамі грузчык.— Прыкусіць дай чым.
— Бяры,— стары, нават не азіраючыся, навобмацак нагою чарпануў пад лаваю і за лучок выцягнуў кошык з цыбуляю.— Во прарасла халера. Затое з пер’ейкам,— ізноў за шырокаю чужою спіною знайшоў Імполя: — Хлопцаў тут, у Дварчанах, пастралялі. Так гэта праз мяне.
— Як праз вас?
— Ды во слухай.
— Яго малітве і канца не будзе,— грузчык развязаў сваю рыжаватую ў тлустых плямах торбу, дастаў брусок сала з акрайцам хлеба, пайшоў за перагародку да печы, прынёс тоненькі нож з драўлянымі тронкамі.— Налівайце, хлопцы.
Імполю падалі бляшаны, зроблены з кансервавай банкі з прыпаянай ручкай немалы кубак.
— Не адужаю.
— Давай не прыглядайся.
— Як з вачэй, кажуць, так і з мысляў.
Імполь ледзьве выцягнуў смуродную, што апякала ўсё ўнутры, сівую самагонку.
Стары не піў, адмахнуўшыся рукою і сказаўшы, што ён начаставаўся ў суседа на свежыне, калі памагаў закалоць «каляду» — на пудкоў пяць кабанчыка. Апусціўшы свае цяжкія, у сінявата-цёмных надутых жылах, спрацаваныя рукі, стаяў над Імполем, што прысеў каля паточанага шашалем і парэзанага нажом, дзе шаткавалі скурачныя лісткі тытуню, хісткага стала, і расказваў, як незнарок прадаў немцам чатырох дварчанскіх хлопцаў.
— Чуеш, купаліся яны. Летам гэта было, як немцы зайшлі, як Ведравічы спалілі, акраз у той дзень.
— I што?..— Імполю ўжо вясёла кружыў голаў і мякка туманіў усё перад вачыма моцны самагон: прыгажэлі аблітыя палахліва-трапяткім, цьмяным агнём ад газоўкі твары грузчыкаў, яснела цеснаватая, з нізкай столлю хата і чамусьці ўспаміналася яна, Хрысця. Нясцерпна-салодкае жаданне мучыла Імполя пайсці да яе, абняць, пацалаваць у белыя грудзі...