Выбрать главу

Вышчарбленыя цэмянтовыя сходцы з боку каля падмурка крута збягаюць уніз і ўпіраюцца ў вішнёвыя, пафарбаваныя дзверы, з цёмнаю, запэцканаю брудна-тлустымі рукамі плямаю.

На верхнім парэпаным да чорных шчылін вушаку сядзіць, спусціўшы гідка-голы хвост, доўгі, як панчоха, сівы пацук. Ён гіне ў міг вока, што Хрысця нават не паспявае разабрацца, сядзеў ён, гэты пацук, на верхнім вушаку ці не. Праўду ж нехта казаў, што пацук знікае з вачэй, як нячыстая сіла.

Цяжкія дзверы, як знарок, едка і агідна, ажно шэрхне скура, рыпяць. Хрысця міжволі азіраецца — нібы чуючы некага за спіною.

Там на верхняй прыступцы, дзе накарэў цёмна-сіні слізкі лёд, стаіць і асалавела пазірае сюды ўніз і натапырвае кароткія вушы сівая, з чорнаю спіною і адвіслым жыватом, старая, раскормленая пры сталоўцы аўчарка. «Божа! — жахаецца Хрысця.— Яна ж не выпусціць адсюль Ёселя. Яна ж, як люты звер, яго загрызе. Яна не любіць чужых».

— Пайшла вон! — Хрысця ўжо ледзьве не звярэе сама і ад страху, і ад таго, што робіцца ўсё не так, як яна намеркавала.

Адагнаўшы да сталоўкі аўчарку і супакоіўшы сябе, па шчарбатых, пазелянелых ад вільгаці сходцах вобмельгам спусцілася зноў да вішнёвых, ужо насцеж расчыненых дзвярэй. З качагарні густа тхнула саладжава-прытарным духам перапаленага вугалю, задушліва смуродзіла яшчэ нечым. Хрысця прайшла міма цьмянага закутка, у які скупа цадзілася святло з двух прадаўгаватых зарашочаных аконцаў і ў якім патрэсквала распаленым вугалем і чадзіла ржава-чорная паравая машына, над якою, звіваючыся чорным клубком, падымаліся і паўзлі па сценах трубы.

Цёмна-закураны калідор падвала крута заламаўся направа і згінуў у невідушчай прорве невядомых хадоў і сутарэнняў.

Хрысця, заплюшчыўшы вочы і абвыкаючы да цемнаты, пастаяла які міг перад закрытымі акованымі бляхаю дзвярамі і адчыніла ўжо іх.

I перш што яна ўбачыла — вялікі залацісты абраз з маткай боскай, якая трымала на адной руцэ дзіця. На карычневай, накінутай на голаў і на плечы хустцы, у маткі боскай пераліваліся, пырскалі праменнем тры зоркі... Кругом яе смутна нахіленай галавы, як і галавы дзіцяці, абвіліся два тонкія чырвоныя кругі-німбы.

Залатая фарба адбівала малочнае святло настольнай лямпы, што стаяла перад выпуклым і жаўтлява-бліскучым лобам худога, змарнелага з вострымі плячмі і зарослага шчэццю дзядзькі Ёселя. Прыставіўшы да вока начэпленую на гумку чорную трубку лупы, ён унурыўся ў сярэбраны, з адкрытай накрывачкай гадзіннік.

— Вой, што та вы? — дзівячыся на залацісты абраз, Хрысця паволі пераступіла парог.— Моліцеся, ці што?

— Каб я ўжо верыў у бога? — вырачылася яго адно вялікае ў чырвоных жылках вока.

— Як жа ж гэта, дзядзька Ёсель? А чый жа абраз?

— Юзік прынёс. З агню, пажару выратаваў. Яму яшчэ можна маліцца.

— Хіба вам не?

Ад стала бліснула на яе шкельцам чорная лупа:

— А што я вымалю? Я памёр ужо. Гэта толькі месяц ажывае на чацвёрты дзень. Ты гэта ведаеш, га?

— Скуль мне знаць.

— Так ведай,— ён зняў з вока чорную трубку лупы.— Месяц жыве дваццаць восем дзён. А потым памірае на тры дні. А мы, людзі, навечна.

— I нічога ты, дзядзька Ёсель, не памёр,— Хрысця сарвала са сцяны шарае ў елачку і сцёртае да рубцоў паліто і гэтакую самую суконную ў елачку кепку.— Пойдзем са мною!

— Ты што, дзяўчына, надумала?

— Акрывайцеся,— і яна накінула на яго худыя, што нечакана пачалі падымацца над сталом, вострыя плечы.— Акрывайцеся, кажу. Пойдзеця са мною!

— Ты звар’яцела, дзяўчына.

— Нас тамака чакаюць.

— Хто мяне будзе чакаць, хіба Суля на тым свеце? — ён злавіў і сцягнуў з сваёй галавы гэтую лупу з тонкай гумкай.

— Цётку Сулю не забілі. Яна ў Верасаве,— Хрысця пачала махляваць, раптам паверыўшы ў тое, што кажа, ужо і сама: — Трэба ісці да яе.

Дрыготкая, жаўтлява-худая з сінімі ўздутымі вузламі жылаў рука пачала тыцкацца ў паліто, шукаючы рукаво. Хрысця злавіла мярцвяна-халодную руку, памагла. Памагла зашпіліць і жаўтлявыя касцяныя гузікі.

— I што ты надумала? — чырвона-лупатыя вочы падняліся і з тужлівым жалосным дзівам паглядзелі на Хрысцю.

— Скажу потым.

— Дзе і што ты скажаш? — спытаў ён, няспешна і слепавата мацаючы нагамі шчарбатыя зялёныя прыступкі.

Яна маўчала, падаўшы яму руку і памагаючы ўстояць на слізкім накарэлым лёдзе. Азірнулася — кругом ні душы, толькі на ружаватай з падсохлай кронай хвойцы, згледзеўшы іх, хрыпата закаркаў і закалываўся на суку, растапырваючы хвост, чорны грак.

«Каб ён ужо выдах, як яму ізноў захацелася есці. Не нажарэцца ніяк. Яшчэ прыкліча немцаў?»