— Хто сённяшнім часам дасць яму?.. Хібя галавы свае не шкадуе?
— Не ўсе ж баязлівыя, як вы...
— Адважная знайшлася,— ён адвярнуў свой мурзаты, упэцканы ў сажу нос.— Пайду скажу, што счэз чалавек. А то ж з нас спрос.
— Вы, дзядзька, там мяне ўжо не прыплятайце,— папрасіла яна, трохі ўтрупеўшы на гэтай вузенькай, абнятай сцяною лесу, і цеснай дарожцы.
— Яшчэ што скажаш. Патрэбна ты мне, як сабацы пятая нага.
Хрысці верылася і не верылася. Дадому прыбегла ўсё прычуваючы, што нехта ўкрадком даганяе яе. Пераапранулася, распаліла пліту і, паставіўшы пры ёй кошык са звялымі, зморшчанымі картоплямі, абірала іх, кідаючы ў цаганік з вадою, слухала, як шугае, як патрэсквае ў пліце агонь.
На грукат дзвярэй пайшла ўжо як сама не свая.
— Хто там? — спытала з асцярогаю, чакаючы чужога, страшнага голасу.
На дзверы нехта навальваўся і цяжка соп.
— Хто ж там, пытаю? — і ўчула, як у самой акрыяў, памацнеў голас.
— Не пазнаеш? — у Імполя блытаўся язык.
— А сёння якое ж свята? Чаго напіўся? — папракнула, але з радасцю, што за дзвярыма не яны, не немцы, а ён, Імполь, і з гаркатою і жальбою падумала, што і не прагоніш п’янага ў такі ліхі час ні цяпер і ніколі, пэўна, бо на глухую, неразблытаную зашмаргу завязалася іхняе жыццё. Радасці ды любасці ў ім мала, усё больш чорнай бядоты ды цяжкай, нязноснай крыўды.
I, адступаючыся ад парога, зняла з прабоя цяжкі жалезны крук і дастала з вушакоў завалу — драўляны дручок, што сядзеў упоперак філянговых на дзве палавіны дзвярэй.
— Балазе адкрыла,— сказаў ён ужо ў пакоі, дыхнуўшы на яе гарам самагону.
— Ад смерці і любосці, кажуць, не адкупішся,— яна ўзіралася, як на яго зблажэлым, худым твары трапяталася ружаватая чырвань ад пліты.
— Якая тут любасць... Не глядзі так! — ён здрыгануўся і ад холаду — мусіць, даўгавата мёрз на дварэ,— і ад яе пільнага зірку.— Іншай дарогі няма.
— Хіба ўжо так?..
— Па дварчанскіх хатах, па падсуседах хаджу...
— А чаму ж думаеш, што я цябе ў кватаранты вазьму?
Ён рукою абцёр твар і нібы працверазеў:
— Няўжо мне жыўём у пятлю лезці?
— Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Аставайся. Куды пойдзеш? — яна паволі прысела на табурэцік перад чыгуннымі непрычыненымі дзверцамі: з пліты палыхалі агнём і пастрэльвалі ружовымі вугольчыкамі яловыя дровы. На Хрысціных, пакутна сцятых руках, што ляжалі на шчыльных каленях, ружовым сполахам трапятаўся, мільгаў водсвет полымя.
— Во госць будзя,— Імполь падняў ружовы вугольчык, што глуха стрэльнуў з пліты.
— Які яшчэ госць? — павярнула сваю чорную з белым праборам голаў, ачуціўшыся ад сваіх думак, Хрысця.
— Я сёння ў Бортніка, у каменданта паліцыі быў.
— I што цябе занясло да яго? — пад Хрысцяю чутка зарыпеў табурэцік.
— Рэпка паслаў, каб наказаў яму прысці да партызан на сустрэчу.
— I што Бортнік? — прытоена і сцішана спытала Хрысця.
— Схапіў мяне за каршэнь і штырхануў у дзверы,— Імполь падкінуў з прыгаршчаў у прыгаршчы патухлы вугольчык.— Каб сюды часам каго не прыслаў.
— Не такі ён дурны, як ты думаеш,— Хрысця доўга і маўчучы глядзела на раскіслыя Імполевыя чаравікі і нарэшце цвёрда загадала: — Разувайся! Вады вунь колькі нацякло... А Бортнік знойдзе іншы час, каб нас пакараць. А покуль яго сям’я ў Ведравічах, ён нікога не чэпіць. Ён тут самы добранькі. Ён тут золата яўрэйскае цягае.
VI
На прысунутым да покуця і засланым абрусам стале ляжала слепаватая, нібы са злінялымі, з’едзенымі зверху літарамі павестка. Нізкаму на вочы Корсаку прачытаць яе без акуляраў было цяжка, але ён ужо і так ведаў, якая страхатлівая грозьба ішла ад тых злітых, слепаватых радкоў, што мігцелі і дваіліся на прадаўгаватай траціне лістка ў косую лінейку:
«На падставе загаду Акруговага начальніка БКА і начальніка павету гр. Корсак Дзімітры, сын Уласа, мусіць з’явіцца к 10 гадзінам раніцы 20.ІV.1944 г. у Дварчаны на валасны зборны пункт.
З сабою забраць: вопратку, абутак, тры пары бяльля, лыжку, ручнік, асабістыя рэчы.
Хто па гэтым загаду не з’явіцца ў вызначаным часе і месцы, будзе лічыцца здраднікам і пакараны надзвычайным судом — карай смерці».
Павесткі развозілі трое на конях немцаў і трое на санях паліцыянтаў з нейкім цывільным сухаватым, дробным мужчынам у чорным ужо добра абцёртым кажушку з белым каўняром і апушкаю. Мужчына напытваў хаты і раздаваў гэтыя павесткі, выцягваючы пасінелай скарчанелай рукою з карычневага скуранога партфеля з іржава-бляшанымі кантамі.
Ужо другі дзень страхатліва-белым кавалачкам ляжала на стале павестка і ўжо другі дзень Корсак не знаходзіў сабе спакою. То, коўзаючыся па тлустай раскіслай сцежцы, абапал якой ужо ачуняла і цёмна зелянела леташняя дзяцелінка, ішоў да Алесі, гараваў, скардзіўся перад ёю, то, трохі супакоены, варочаўся дадому і, чуючы, як пахне цвіллю, брудам і блізкай вясною свет, дбаў ужо пра сяўбу. Дома на стол не глядзеў, але нават спіною прычуваў, што там ляжыць лісток у косую лінейку, як прычувае чалавек, што поруч у труне нерухома і спруцянела выцягнуўся нябожчык, і чалавек напружана-сцішна чакае, што нябожчык зараз заварушыцца і загаворыць.