Выбрать главу

Не звёўшы вока, Міця перабыў ноч ва ўсцішнай кватэры, дзе ўсхліпвала і падвывала, як па нябожчыку, па сваім мужу, што быў недзе за Бельскам на будаўніцтве аэрадрома, разжураная, разжаленая кабета, і раненька, толькі зашарэўся дзень, выйшаў з хаты.

Глыбокаю, ў росных прысадах вуліцаю па настылым мокрым бруку грукацела адзінокая фурманка. Міця дайшоў услед за ёю да райторгаўскага склада, адкуль жанчыны ў звязаных на рагі хустках, у фартухах і прыполах няслі тлустыя, слізкія ад тавоту банкі кансерваў; адна з іх, немаладая, павярнула чырвоны аблезлы нос на Міцю і падтрасла вышай прыпол, паказваючы кароткія таўставатыя ногі, і ўжо сказала, каб, мусіць, чуў ён: «Немцы занялі Ліду, сёння маюцца быць у Наваградку».

Здумелы, уражаны Міця борзда завярнуў назад да прадмесця і за ім ужо вузенькаю праз сінявата-ружовае з казытлівымі каласамі жыта выйшаў на жвірпетую, абсаджаную шурпатымі, гузаватымі ў камлях ясенямі, яшчэ не пыльную шашу — насустрач, напытваючы кірунак на Мінск, цягнуліся адзінокія здарожаныя байцы. Падлясквалі на выбоістай шашы рэдкія грузавікі, поўныя жанчын, дзяцей, клункаў; там-сям, уткнуўшыся лычаватымі радыятарамі ў канавы, яны ўжо нерухома і прытоена застылі ў нейкім смяртэльным чаканні, як застывае падбіты звер.

Каля верасаўскай шашы за кузняю Міця ўбачыў пастаўлены трохі ўпоперак дарогі чорны грузавік з зялёным трохствольным, узнятым над кабінай кулямётам, а потым, падышоўшы бліжай,— збялелага лейтэнанта, што сядзеў у канаве, горна схіліўшы русава-кучаравую, без фуражкі, голаў.

Учуўшы Міцевы асцярожна шархоткія крокі, лейтэнант нібы ачуняў — яго рукі заграблі зялёна-тлустую закурэлую траву:

— Братишка, помоги...

Лейтэнант трохі прыпадняўся, вочы яго заблішчалі спакутаваным спадзяваннем і адчаем:

— Там в машине сахар, бери!

Міця, яшчэ не разбіраючы, што ад яго хоча лейтэнант, падышоў бліжай і нечакана сумеўся, убачыўшы на правай, вышай калена, лейтэнантавай назе туга завязаную бінтавую павязку з цёмна-крывяной, падсохлай плямай.

— Немцы? — задыхнуўся Міця.

— Да свои... дурачьё, сволочи! — крывячыся ад болю, лейтэнант намагаўся ўстаць, і ў голасе яго зноў дрыжала жальба: — Братишка!..

— Пачакайце, мы, мусіць, не дойдзем? Я зараз збегаю дадому.

— Не оставь, дружок, ранен я,— цягнучы акрываўленую нагу, лейтэнант на руках папоўз услед за Міцем. Вялікія карыя вочы яго прасілі літасці і спагады.

Міця хацеў запрагчы каня або нават узяць перадок ад воза, каб прывязці дадому і на першым разе хоць чым памагчы зблажэламу, спакутаванаму лейтэнанту, але, убачыўшы, што той упарта паўзе за ім, мусіў вярнуцца.

— Бярыся, данясу,— Міця прысеў, і лейтэнант абхапіў яго шыю рукамі.

На плячах і занёс раненага лейтэнанта дадому. Прытуліўшыся за вуглы, верасаўцы падазрона цікавалі, але падавалі выгляд, што не бачаць, каб не мець дачынення да таго, што рабілася на шарай гадзіне пры кузні. Але счакаўшы, калі Міця вярнуўся, як прасіў лейтэнант, каб забраць мех цукру, што ляжаў у кузаве палутаркі, яго ўжо ўспелі сцішком увалачы. У кабіне, праўда, яшчэ вісеў лейтэнантаў шынель — адзежу са спеху ці не прыкмецілі, ці ўжо збаяліся красці хітраватыя верасаўцы.

Пазней Міця дараваць сабе не мог, што прынёс дадому гэты новы з добрага шчытнага сукна афіцэрскі шынель. Праз яго і прылучылася нечаканая бяда, пад самую ўжо глыбокую восень — верасаўцы акурат дакопвалі картоплі. Міця з бацькам завіхаліся каля паграбка — скідалі з воза мяхі. Шары сляпучы поцемак зацерушыў вуліцу, і да мужчын, наровячы не натрапіць на лішняе вока, ціхенька выйшаў лейтэнант. Ужо, здаецца, і не вельмі кульгаў на раненую ногу. Алесіныя лекі — увар купальніку (гарніку), таго высокага, з жоўтай кветачкай горка-пахучага зелля, што якраз на Купалу цвіце ў лесе, ды скручаная з чыстага лапічка старой, парванай кашулі мякенькая пялюшка-кнот, усаджаная ў ранку, каб выцягвала сукровіцу ды гной,— нябось памаглі. Лейтэнант нават лёгенька адапхнуў старога Корсака, беручыся за мех... Заваждаўшыся з работай, мужчыны і не згледзелі, як з-за гумна сюды шыбаваў рослы, дужы мужчына ў цывільным фрэнчы, падпяразаным шырокім рамянём, на якім вісеў рэвальвер. Гэта быў Юзік Адалінскі — польскі асаднік, што недзе туляўся і раптам вынырнуў камендантам паліцыі — і за ім, трымаючы наперавес вінтоўкі, прыспешвалі яшчэ двое: свінабоеў сынок Тадак Пясэцкі і невядомы Міцю дварчанскі падшыванец. Ва ўсіх трох на левых рукавах бялелі апаскі. Грузавік ціха вуркатаў за вёскаю на шашы.