Міця, схаладзеўшы душою, падумаў, што будуць браць яго, як падумаў, пэўна, і бацька, неяк міжволі падаўшыся наперад, шморгаючы далонямі аб порткі і выціраючы наліплы сыраваты пясок.
Адалінскі, змеціўшы гэта, нават зарагатаў:
— Не, мы спярша забяром камісара...
Пераступаючы аглоблі нагружанага воза, што стаяў каля паграбка, ён цвёрда падышоў да ссутуленага, босага, з падвязанымі шнурочкамі ў галіфэ лейтэнанта, зусім ужо не падобнага да вайсковага чалавека ў Міцевым шарачковым каптаніку і ў бацькавай старой кепачцы.
Тады Міця і вынес, збегаўшы ў хату, гэты новы шынель. Абуцца лейтэнанту не далі. Дазволілі толькі ўвапхнуць пад паху круглы бохан хлеба, які, схапіўшы ў стопцы, на абедзвюх руках трымаў бацька...
Што ён, бацька, каб адвесці ад хаты бяду, зарэгістраваў у магістраце лейтэнанта, Міця дазнаўся потым. А спачатку крыўда і дасада была на старую Такараду, што, пэўна, несумысля, па сваёй бабскай дурноце, трапіўшыся на вуліцы паліцыянтам, падказала, дзе знайсці камісара і дзе жыве савецкі міліцыянер Рэпка. Бо ў той жа вечар Адалінскі з гэтымі смаркачамі яшчэ ездзіў на Прылуцкія хутары шукаць Жэніка Рэпку. Ператросшы хату, гарышча, усе сутарэі ў ёй, яны не дагадаліся адсунуць у сенях дошку, што трымалася на верхнім цвічку: Жэнік збіў з дошак сенцы, зрабіўшы з тыльнага боку дзве сценкі, між якіх і быў яго вузкі, як прайсці бокам, схрон.
Павалтузіўшы старую Рэпчыху, паліцыянты павезлі лейтэнанта ўжо аднаго. Але недалёка, усяго ў блізкі лясок. I дзеці, што ў першы шорсткі і белы замаразак пабеглі яшчэ па крохкія пахучыя зеляніны, каля абсмаленай старой елкі на прагале агледзелі яго ўжо труп.
У шарачковым Міцевым каптаніку, без шапкі і босы, лейтэнант ляжаў з прастрэленымі грудзьмі; на ўскалмачаных валасах яго, нібы ранняя сівізна, іскрыўся першы асенні замаразак. Ён яшчэ не растаў, калі, нарэшце, у ясны надвячорак з чыстым высокім небам, што адкрылася пасля туману, Міця з бацькам прыйшлі потайкам у лес, каб пахаваць лейтэнанта.
Верасаўцам, ды нават Міцю з бацькам, думалася, што лейтэнант, уехаўшы ў лес, паспрабаваў уцячы, покуль адзін з трох дварчанскіх паліцыянтаў нарэшце не прагаварыўся, што ім спатрэбіўся шынель і яны, нібы даючы волю лейтэнанту, выпхнулі яго з кузава, а потым пачалі страляць.
Няшчадна і бязлітасна віхор вайны круціў чалавечым лёсам — людзей гінула ўсё больш і больш. Смерці чакалі ўсе, але ўсе і спадзяваліся, што яна міне іх. Першаю ў Верасаве арыштавалі Чуваковую Вольгу: адны казалі, за тое, што паступіла ў партыю, іншыя, што рыхтавала разам з Нікандравай (старшынёй сельсавета) спісы на вываз. Нікандраву паліцыянты не знайшлі, знайшлі Вольгу і разам з местачковымі мужчынамі завязлі ў Наваградак за казармы, дзе ўжо былі загадзя выкапаны ямы, там і расстралялі. Не перанёсшы даччыну смерць, па полі хадзіла, страціўшы розум, старая Чувачыха, покуль не захлынулася ў верасаўскай завоіне.
Бегала ў Дварчаны да свяшчэнніка і падала перад ім на калені, каб заступіўся за Жэніка, што вярнуўся дадому з-пад Негарэлага, і збедаваная Рэпчыха. Але поп адкаснуўся, сказаўшы, што ні прадаваць, ні заступацца ён не будзе: хай кожны ратуецца як знае.
Але ўсіх найбольш устрывожыў, нечакана з’явіўшыся ў Верасаве, худы, з няпоўнымі зубамі, між якіх брыдка чарнелі глыбокія шчарбіны, Янка Вайтовіч. След Вайтовічаў прастыў даўно, і пра яго, зрэдзь ужо ўспамінаючы, пачалі нават забывацца. I на табе — у глухі і цёмны восеньскі вечар, пад халодны пляскат абрыдлага дажджу ён пагрукаў у прысунутыя на зубчатую засаўку дзверы да чуткага на чужы шоргат Марціна Ваўчка, перад гэтым смутна пастаяўшы на сваім надворку каля гарбатага котлішча з павыварочванымі каменнямі падмурка, на якім даўней стаяла хата.
Там, над дзіркай пограба, што быў калісь у сенцах, нехта паставіў ужо застрэшак, пэўна, усыпаўшы на зіму свае картоплі. Як прызнаўся сам, гэта быў Ваўчок.
— Яма, братка, увярнулася, яма,— апраўдваўся ён, узіраючыся на схуднелага, з паўпаданымі шчокамі Вайтовіча, і нечакана спытаў: — А ты як з таго свету?..
— I праўда, як з мёртвых уваскрос,— сказала Вольга, паварушваючы качалкаю капусту і пускаючы з жоўтай новай кадушкі густога капуснага духу.— А сям’я ж дзе?..
— Вот не дадавай жалю,— убачыўшы, як сінія Вайтовічавы вочкі пачырванелі ад слёз, прыгарнуў з-за вуха на цемя свой абшморганы касмык валасоў устрывожана-трапяткі Марцін Ваўчок.— Пачастуй лепей чалавека сваёю капустай. Як на мой смак, так удалася нябось...