Збянтэжаны фурман, заходзячы на другі бок саней і хаваючы вочы, нечакана забубніў у свае зеленавата-белыя пышныя вусы:
— Ты ўжо, маладзічка, уваж маю старую галаву, начыста забыўся, што ты да касцёла ходзіш.
— Куды ж іх класці? — Алеся выставіла чыгунок з ружаватымі, адно ў адно яйкамі.
— Во сюды, во сюды, даражэнькая,— ён адкінуў вечка ў лазовым кошыку — там, перасыпаныя мякінай, ужо ляжала з капа яек.— А сала во ў гэты кошык.
Не разгубіўся толькі Амвросій Дэконскі. Падыходзячы да саней сваім шырокім спаважным крокам, ён перастрэў Алесю, і, нечакана ўзяўшы яе за руку, нагнуў галаву з круглай, як даёнка, камілаўкай, і пацалаваў недзе ў пучкі, казытнуўшы вусамі і бародкай.
Збянтэжаная Алеся, чырванеючы, абліваючыся ад брыдкасці ды сарамяжнасці потам і чуючы на руцэ казытлівы дотык барады, убегла ў хату як сама не свая, акрыяўшы трохі, прызналася Вользе:
— Вой, каб бачыла ты.
— А што? — падняла свае выцвілыя бровы Вольга.
— Рукі стаў цалаваць.
— Дзіва што, столькі яец аддала.
— Каб толькі...
— А што яшчэ?
— Цалюткі брус сала, на ўвесь аполец.
— Во дурная,— Вольга ўспляснула рукамі.— Ці памог бы ён табе?.. Ці кінуў бы ён такі кавалак.
— Дзе там.
— Я ж і кажу... Некалі, як Жэнік Рэпка, яшчэ да партызанкі, ад немцаў на полі ў снапах хаваўся, Рэпчыха хадзіла ў Дварчаны, напрамілы бог прасіла, каб заступіўся гэты насач за Жэніка, так нябось не. I ведаеш, што сказаў: «Ні гаварыць немцам, ні прасіць за твайго сына я не пайду».
— Вольга, хай наша прападзе.
— Мы ж гэтакія,— Вольга ўткнулася лобам у аконную раму, выцікоўваючы, дзе паварочваецца фурманка, і ўбачыўшы, што ў ружаватым, трохі парадзелым тумане яна заварочвае на папярочную вуліцу, каб выкіраваць, пэўна, на Прылуцкія хутары, лёгка ўздыхнула: — Ці не за рэчку, ці не на хутары паехалі?..
— Дзіва што, людзі там багацейшыя,— Алеся адцягнула хлопчыка ад вітушак.
— Ай, Аляксандра, ці ты не ведаеш, дзе багацтва, там і скупасць,— Вольга пацерла свой лоб, на якім ружавела выціснутая аконнай рамай косая ямка.
Як не здагадваліся яны, так і не здагадваўся бацюшка, што ехаць на Прылуцкія хутары яму не трэба было. Ва ўсякім разе пасля таго, як ён адмовіўся дапамагчы ў бядзе старой Рэпчысе.
Хітраваты, смякалісты дзядок — дварчанскі Язэп Карыба, што служыў пры царкве, нічога пра Жэніка Рэпку не чуў і не ведаў.
Мінуўшы мост, ужо за рэчкаю ён выбраў доўгую касу шараватага снегу і, каб вельмі не кружыць, паехаў наўпрост узбалоткам, каб выехаць, як спадзяваўся, да багацейшага тут на Прылуцкіх хутарах Данілы Баравіка. Але нечакана за крывымі шурпатымі вербамі, за ружаватымі пнямі ссечанага маладога алешніку з волкага туману выпаўзла прыгорбленае з пазелянелаю ад купін моху страхою Рэпкава гумно, а потым і хата, што глядзела на сыры сакавіцкі дзень адным невялікім, у шэсць балонак, акном, другое было закладзена дрэвам і замазана ў пазах глінай.
Дварчанскі Карыба прыпыніўся на нейкі міг, раздумваючы, заходзіць бацюшку ў гэтую нягеглую, недагледжаную хату ці не.
— Что прызадумался, сударь? — заўважыў яго маруднасць бацюшка і варухнуў застрэшкамі густых пасівелых броваў.
— Ды, можа, мінём?..
— Нет уж,— Дэконскі спусціў з саней чорна-бліскучую ў наглянцаваным хромавым боце нагу.— Мы сеятели семя божьего, и пусть оно упадет на добрую землю и, взошедши, принесет плод сторичный.
— Яно гэтак...— Карыба саскочыў усё ж першым, падаў руку грузнаму Дэконскаму, якога нечакана схапіў востры боль у крыжы, памог падняцца з саней.
Скрывіўшыся ад гэтага раптоўнага болю і паволі разгінаючыся, Дэконскі зіркнуў на запацелае, скасабочанае акно Рэпкавай хаты, у якім забялеў і схаваўся невыразны жаночы твар, і, пахрумстваючы лядком, рушыў да падзёўбанага сякерай парога.
Ён не ведаў, што ідзе ў хату да той самай Рэпчыхі, што пазалетась прыбягала да яго, протаіерэя Дэконскага, як бегалі з кожнаю бядою даўней і цяпер, і, падаючы перад ім на калені, адчайна і сударжна пачала хватаць за чорны падраснік, напрамілы бог просячы, каб памог выратаваць сына, што больш ужо сядзіць у жытніх пашарках, чым дома, і што ўжо не раз прыязджаў шукаць яго камендант дварчанскай паліцыі.
Непадступны, насуплены Дэконскі цяжка соп у вялікі нос і маўчаў, слухаючы збедаваную кабету, і нечакана рвануўся, пакінуўшы за сабою пах адэкалону, ажно Рэпчысе забіла дух, і здалёк ужо махнуў вялікаю рукою: «Не, я не пайду ў камендатуру ні казаць, што ваш сын служыў у міліцыі, ні заступацца за яго. Хай ратуецца як умее ды можа сам».