Спуджаны стралянінай конь, чуйна стрыг вушамі, уздымаў голаў і стараўся вырваць сцялежаны воз з глыбокіх, поўных разбоўтанай гразі каляін. На саломе між драбін рахмана парохкваў і трэпаў звязанымі кароткімі нагамі бела-ружаваты, пудкоў на тры-чатыры, лапавухі парсюк.
— Свежаваць сабраліся. Ну, заразы, маць ваша! — Камашыла абышоў воз, пераступіўшы тонкі дубок, што сагнуўся дугою і ткнуўся верхавінаю ў дол, загадаў дзюбаносаму, з чырванаватымі вачмі салдату: — Бусько, выводзь каня на шашу і скажы батальённаму, што захапілі трафеі. Хай там не трапечацца. А астатнія за мною.
Ён паправіў на грудзях чорна-сіняваты, зусім новенькі — пазаўчора іх выдалі толькі камандзірам узводаў — аўтамат і, топчучы шаргатліва-сухое, што курэла пылам, леташняе лісце, пабег на ясны прагал.
— Далёка не ўцякуць. Там поле. Гоп-цюп, чатэры бабы, восім дуп.— Камашыла азірнуўся і каля вываратня з падсохлымі карэннямі прычакаў Міцю.— Яны ўжо, лічы, у нашых руках. Лес тут невялікі. Дзе дзенуцца.
— Ды чорт з імі, хай уцякаюць. Чаго ты рвешся?
— Ты што, Корсак? — Камашыла незнарок напароўся на вострыя рагаціны ніжніх лап, якімі ашчацінілася між замшэлых дубоў гонкая маладая елка, і злосна скрывіўся.— Брыду гэтую шкадуеш? Нешта я не разбяруся ў табе?.. Ану бягом! За мною! Пад ляжачым, як кажуць, вош, пад бягучым — грош. Шыбчэй!
Далей за стваламі зеленаватых асін, шара-шурпатых старых дубоў, ружаватых хвоек пякучай залацістасцю гарэла ранішняе неба — канчаўся лес. За ім, пабліскваючы шырокім пер’ем, зелянілася густая, цемнаватая і добра ўкусцелая рунь.
Стрэлы сціхлі, і зноў далёка і глухавата, як у глыбокай яме, кувала зязюлька.
Зводдаль ад лесу, агароджаны драўлянымі на вілаватых слупках жэрдкамі насцярожана затаіўся хутар — доўгая пад адной страхою з хлявом хата, і ўпоперак яе расселася шырокае гумно з замшэлаю страхою.
Міця ўбачыў, як з блізкага чубка высокага ў рэдзенькай дымнаватай зеляніне бярэзніку да старога шарага хутара рвануліся двое — даўганогі ў плескаватай фуражцы мужчына з дзесяцізарадкаю і дзяўчына ў сіваватай вушанцы і ў белым кажушку.
Трэцяга з імі не было.
— Не давай дабегчы да хутара! Цэлься ў мужчыну! — крыкнуў Камашыла, падбягаючы да ружаватых, сцягнутых з поля пад лес трох вялікіх каменняў, што ўлягліся ў спалавелай высокой мятліцы і чорным крываўніку.
Міця прылёг за самы большы камень, наўкруг абцярушаным чорна-сіваватым дробным пер’ем — мусіць, каршун задраў дразда ці яшчэ якую пташку,— паклаў на яго вінтоўку, але яго апярэдзіў гарача-нервовы строкат аўтамата.
Кароткая чарга нечакана падкасіла прыгнутага цыбатага мужчыну, і ён, заблытаўшыся нагамі, пачаў хіліцца на адзін бок, перакруціўся і ляпнуўся ў густую зялёную рунь.
Націснуўшы на спуск і ўчуўшы кароткі ўдар у плячо, Міця ўбачыў, што стрэліў ледзь не па сваіх, што нечакана вынырнулі з далекаватага чубка лесу.
— Досіць, не страляй. Я яго ўклаў, як зайца,— засмяяўся Камашыла.— Га-га, нават не спадзяваўся, што пацэлю. Гоп-цюп, чатэры бабы, восім дуп.
Жанчына, дабегшы да агароджы, перавалілася цераз яе і на коленках папаўзла да блізкага гумна. З абодвух бакоў з лесу па ёй забахалі познія ўжо стрэлы.
— Чаго дурні страляюць? — падскочыўшы з-за каменя, Камашыла замахаў знятаю пілоткаю.— Жыўцом яе трэба браць! Жыўцом!
...Яе і ўзялі жывою, выцягнуўшы з хлява, абсыпаную гарохавіннем — туды яна з гарачкі ўскочыла і затаілася каля пудкіх авечак — і, сцягнуўшы кажушок, абшукалі ўсю, знайшоўшы фотаздымак: яна сярод васьмі гэткіх самых у вушанках з зоркамі і белых кажушках маладых дзяўчат. Яна смяялася, прымружыўшы вочы і паказваўшы белы радок зубоў.
Чарнявая, лупаваценькая з мяккімі губкамі, абсыпаная сухім карычнявата-шапаткім гарохавіннем на падвітых валасах, яна калацілася, стоячы сярод чырвоных, задыханых ад бегатні мужчын у зялёнай нямецкай форме.
— Падвядзі яе сюды, хай скажа, хто гэта,— Камашыла ботам перавярнуў забітага з разарванай, акрываўленай шыяй хлопца, што пачаў па-мярцвяцку ўжо бялець у твары.
— Не знаю! — цвёрда сказала яна.
— А ты?
Кусаючы губы, яна маўчала.
— Савецкая б..., хлопцы! — падняўшы сіваватую з чырвонай эмалевай зоркай вушанку, што валялася каля жардзяной загарадзі, падбег каратканогі Бусько.— Па шапцы відаць. Закінулі сюды.
— Бусько, замкні зяпу! Разбяромся без цябе. Ты во скажы, дзе трэці дзеўся?
— Халера яго знае. Як праз зямлю праваліўся.
— Расцяпы!..— Камашыла павярнуўся да Якуты.— Вядзі гаспадара. Што там сядзіць як мыш пад памялом. А мо даўно вышмыгнуў з хаты?