Міця, таксама глытаючы гэты сухі ад пабітага тынку пыл і чуючы, як цяжка гупаюць на падлогу салдаты, выкуліўся з жолаба цесных нараў, намацаў на табурэце сваё адзенне, спешна нацягнуў штаны.
Па вокнах, крышачы звінючае ломкае шкло, прайшлася яшчэ адна аўтаматная чарга. Нехта дзіка, са стогнам ускрыкнуў і цяжкім вялым мяшком гупнуўся на падлогу.
— А во забілі! Нежывы! — зноў тонкім баязлівым голасам крыкнуў салдат.
— Каго гэта? — Міця пазнаў глухаваты і ціхі голас Бусько.
— Во яго, Маланку...
— Напрарочыў, ліха яго галаве, сам сабе.
Міця, не зашнураваўшы чаравікаў, выскачыў на калідор, навобмацак у чорным, як сажа, поцемку рвануўся ў аружэйны пакой. Нечакана ў вочы яму пырснуў і асляпіў зыркі слупок ліхтарыкавага святла.
— Ты Корсак? — спытаў і патушыў ліхтарык Камашыла.
— Я.
— Ідзі сюды, вінтоўкі тут. Я ўночы перахаваў. Як ведаў...
— А што было?
— Палякі падсунуліся. Чуеш, як па іх лупяць немцы з ортскамендатуры.
Недзе па лесе ўразнабой кароткімі чэргамі стракаталі аўтаматы. I ў шарую раніцу, што сінела дрыготкім ужо халадком, без ладу, не метка бухалі адзіночныя вінтовачныя стрэлы.
— Каб не яны, не немцы, то нам былі б кранты. Добра, што я паспеў падняць трывогу. I аднаго, здаецца, улажыў — Камашыла падышоў да запацелага акна, локцем мазануў па шыбе.— Паглядзі, вунь ляжыць, як парсюк. Яны ж праз адчыненую браму рвануліся да нас...
На чорнай вільготнай зямлі каля калодзеся Міця ўбачыў нешта цьмянае, падобнае на кароткую, сукаватую калоду.
— Жылінскі аказаўся прадаўцам — браму адчыніў... Ты яго ведаеш: чорны, высокі, вуграваты, з першага ўзвода. У мяне падазрэнне на яго даўно было, што знаецца з палячкамі. Сёння, калі ён заступіў у караул, мне як цюкнула пабудзіць колькі хлопцаў і не спаць.
Камашыла падаў Міцю вінтоўку і, бліскаючы незапаленым ліхтарыкам, што зачапіўся дужкаю за гузік на грудзях, забразгаў падкутымі абцасамі да дзвярэй, дзе варушыліся калматыя цені, і раптам прыпыніўся:
— Скажу, падазрэнне падала і на цябе.
— Як? — спатыкнуўся на стрыжняватай падлозе Міця.
— Хіба не ведаеш, палячкі круціліся каля Грабянкавага дома. Гняздо там звілі.
— Я пры чым?
— Ну, не прыкідвайся дурнем.
Міця ўчуў, як пацяжэлі, запляліся ногі — што з Чэсяй?
— Чаго звесіў нос? Тваю пашкадуем, у крыўду не дамо,— Камашыла штурхануў Міцю ў плячо.— Бяры смелых салдат. Пойдзем у пагон. Дзень на носе — зловім... Далей Лезнявіч, адкуль сам Жылінскі, яны не пабягуць. Некаторыя нашы драпанулі з ім разам. Кажуць, ажно пяцёра.
Сіні халаднаваты змрок вострым строкатам прапорвалі аўтаматныя чэргі. Позні месяц, пачырванелы і вялікі, паволі тануў якраз за чорныя дахі дамоў, за якімі ўзрываліся і лускалі стрэлы. Там недзе цяжка, як цераз сілу, забухаў кулямёт.
Міця, абягаючы калодзесь, прыпыніўся, прыглядзеўся да забітага і, здрыгануўшыся ад азыраватага холаду, зніякавеў, пазнаючы доктара Длубака. Міця адбегся, а потым, не верачы сабе, колькі крокаў ступіў да яго: Длубак ляжаў, падкурчыўшы ногі, уткнуўшыся лысаватаю галавою ў тлустую гразкаватую сцежку, з раскрытага, перакошанага рота паўзла вялікая бардовая кропля крыві.
— Хлопцы, бягом за мною! — хрыплавата крыкнуў Камашыла.— Што чухаецеся, як свінні каля плота?
— Падсунемся пад кулі, як бараны,— уздыхнуў Бусько, разам з Міцем ускокваючы ў вароты.
— Не панікаваць! — замарудзіў крок Камашыла.
Міця перабег на другі бок вуліцы далей ад сівога, яшчэ несаржавелага калючага дроту, якім, нібы заблытанай павучынай, на высокіх слупах з падпорамі была аплецена школа.
Між гонкіх рэдкіх сосен улукаткі шмыгала слізкая ад кастрыцы, нібы знарок падсыпаная старымі шышкамі, тупкая сцежка. Наступіўшы на іх і паслізнуўшыся, злосна мацюкаліся салдаты.
— Разамкнісь! Што збіліся ў кучу? Корсак, заварочвай на Касцельную. А ты, Кур’ян,— дварамі! — голас у Камашылы стаў злосны і цвёрды.
Трымаючы палец на курку халоднай, цяжкаватай вінтоўкі, Міця выскачыў на шырокі прагал лесу, забудаваны толькі з аднаго боку новымі, там-сям яшчэ з забітымі вокнамі, недакончанымі дамамі. Далекавата ў рэдзенькай смузе раніцы нехта, прыгнуўшыся, перабег вуліцу, схаваўся за белым атынкованым домам.
— Глядзі, халера, яны! — закрычалі ззаду.
I ў Міці з-за плячэй бабахнуў, аддаўшыся расцяжным ляхатам, нечаканы стрэл.
З блізкай папярочнай вуліцы на гэты стрэл выскачылі двое ў чорных шынялях: Міця пазнаў дварчанскіх паліцыянтаў Ядлоўскага і рыжага нізкага Ляльку, што дагэтуль працаваў на дварчанскай чыгунцы грузчыкам, вызначаючыся тым, што мог паднесці на сабе дваццаць пудоў — чатыры поўныя, накрыж пакладзеныя мяхі.