Выбрать главу

Міця азірнуўся — у палаючы, ахоплены полымем зруб упаў разам з комінам дах,— і пайшоў ужо не сваімі, ацяжэлымі нагамі.

Камашыла з завулка ўжо зварочваў на ружаватую шашу, за якой чарнелі недагледжаныя, з павыбіванымі вокнамі і высаджанымі дзвярмі, некалькі хат, абгароджаныя калючым дротам — леташняе гета, пасярод якога дзвюма прысадзістымі пірамідамі ўздымалася нацюкаванае выцвілае сена.

— Яна, кажуць, у нейкіх тваіх сваякоў,— Камашыла сплюнуў з губы недакураную цыгарэтку.

— Якіх сваякоў?

— Не ведаю, разбярэшся потым,— Камашыла рэзка адмахнуўся локцем і выскачыў на брукаваную, са спацелымі за ноч каменнямі шашу,— сюды, рассыпаўшыся ланцугом, выбягалі жаўнеры ў караткаватых зялёных фрэнчах і шчытна сабраных гетрамі, у напуск над чаравікамі, зялёных штанах.

Выцершы рукавом запечаныя губы і адкашляўшыся, каля Міці з Камашылам прыпыніўся высокі бялявы салдат,— той самы, як прыкмячалі, што перад сном дрочыў сябе.

— На Ельніцу пшэкі паперлі,— сказаў ён, ставячы каля нагі вінтоўку.

— Нічога, нідзе ні дзенуцца, зловім, з курві іх сыну! — вылаяўся па-польску Камашыла, і з’едлівая ўхмылка падняла яго тоўстыя шчокі.

Але акоўцаў[29], з якімі ўцёк сяржант Жылінскі і трое салдат, яны не злавілі, балазе самі не трапілі ў іхнія рукі. За кіламетры тры ад Дварчанаў, ужо за Грабянкавай асадай, ад якой ацалела адна ўсяго мураваная абора, дзе прытулілася, адгарадзіўшы сабе закутак, нейкая сям’я — кабеты ды дзеці са старым, зарослым белаю, ажно зеленаватаю барадою, хворым на тыф мужчынам,— іхні ўзвод абстраляла нечаканая засада.

Глініста-коўзкай дарогай яны толькі высунуліся на грудок да вялікіх, сівых ад лішая каменняў, як з блізкага ляска, з-пад крываватых, з падсохлымі кронамі старавечных хвоек застукаў, нібы захлынаючыся злосцю, ручны кулямёт і забахалі некалькі працяжных вінтовачных стрэлаў.

Міця толькі ўчуў, як тугою звінючаю струною кулі прашыліся з правага боку ад яго, якраз там, дзе квэцаў па раўчачку, што сачыўся з грудка, высокі бялявы салдат. Ён ціхенька і плюхнуўся ў гразь на сваю вінтоўку з прымкнутым трохгранным штыком.

Міця нагнуўся над ім, перавярнуў, затрос, але на ясны свет з невысокім ранішнім сонцам ужо глядзелі сінія, з выцвілымі вейкамі, нерухомыя вочы.

Яны заляглі тут жа, за гэтымі замшэлымі, пазвожванымі з поля на дарогу валунамі. Білі ўжо па старых хвойках, нават бачачы, як кулі адлушчваюць на іх кару, але адтуль ужо ніхто не адстрэльваўся.

Баючыся, мусіць, што наперадзе маглі затаіцца і большыя сілы, Камашыла даў загад варочацца з палявой, адкрытай для куль дарогі ў Грабянкаву асаду. Забітага салдата, заклаўшы на сваю шыю яго рукі, на змену валаклі па двое дужых хлопцаў. Міця нёс вінтоўку. Чуючы на ёй яшчэ чужое цяпло, нешта агіднае тачылася пад сэрца, што мог так нечакана і негадана згінуць і сам.

— Бачыш, мне пашэнціла,— Камашыла падняў руку і паказаў парванае вышай локця, нібы ён зачапіўся за калючку дроту, сваё рукаво.— Маглі ўлажыць, як Данільчыка.

— Дзіва што,— падмахнуў галавою збялелы, што не адышоў ад страху, жаўнер.

— Маглі, чорт ім бацька! — працадзіў праз зубы Камашыла і азірнуўся на далекаваты ўжо лясок.

— А ўсё праз яе, ліха матары.

— Ага, паверылі, дурныя.

— Ну курва, я ўваткну ёй аўтамат паміж ног і выстралю, курва! — Камашыла ўжо закіпеў помслівай злосцю на рослую, гладкую ў клубах маладзіцу, якая перад гэтым так лёгка змахлявала, што тут «далібог, нікога нідзе нямашука», калі ён спытаўся, ці не бачыла паблізу начных гасцей.

— I праўда што — у расход,— падгаворваў Камашылу ліслівы, з худою доўгай шыяй сяржант.

— Яна тут з імі, відаць.

— Можа, яшчэ і мужык у тым ляску?..

Яе і вывелі з цаглянай аборы пад невысокую, што толькі выпускала сівае лісце ў ружаватым, яшчэ не раскрытым цветам яблыню.

— Пастараніцеся, дай гляну на яе,— Камашыла махнуў кароткім рагатым аўтаматам.— Гладкая нябось. Пэўна, не часта гаспадар з лесу адведвае?

— Які гаспадар?.. Людцы добрыя! — ведучы за тоненькую ручку гадоў пяці дзяўчынку з чырвоным ячменем на падпухлым вочцы, сюды падбегла выпетраная, са звялым, як леташняя картопля, тварам старая кабета,— напэўна, свякроў.

— Старая, не падлазь! — зверавата азірнуўся Камашыла.

— Паслухайце ж мяне! — зноў закрычала старая, падбегшы з дзіцем да маладзіцы і засланіўшы яе.— Мужык яе летась памёр. Няхай крые бог. Забалеў зуб і з зуба памёр.

— Чаму змахлявала, курва, што партызаны тут ёсць?

— Нічога не бачыла, не ведаю,— маладзіца падхапіла на рукі перапалоханую, што зайшлася плачам, дзяўчынку.

вернуться

29

АК — Армія Краёва. Яе злучэнні ў гады вайны дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Тых, хто належаў да АК, называлі акоўцамі.