Выбрать главу

— Можа, і праўда, жанчына нічога не ведала,— як мог спакойна сказаў Міця, убачыўшы, што на сіняватым ад вугроў Камашылавым твары захадзілі цвёрдыя жаўлакі.

— Ты што? Сёння ў яе на адной цыцы спаў адзін, а на другой — другі! А ты кажаш, не знала...

Пакаўзнуўшыся на тлустай чорнай сцежцы, да маладзіцы рэзка рвануўся і хапіўся за чорны рагаты аўтамат Камашыла. У кутку яго перакошанага рота злосна бліснула залатая каронка.

— Так, значыць, не бачыла? А з кім спала сёння? Сучка...

На гэты крык здрыганулася і, тулячыся да кабеты, заверашчала дзяўчынка.

— З кім спала, мне знаць,— апусціла голаў і прытулілася да дзіцяці маладзіца.

— А божачка, што ён...— не паспела крыкнуць старая, не паспеў нічога разабраць і Міця, як гарачае полымя разам з сухім трэскам запырскала з чорна-сіняватага ствала аўтамата маладой жанчыне ў здзіўлены твар.

Яна хіснулася і ўпала пад сівую нізкую яблыню, на аксамітна-мяккую траву, спярэшчаную белымі стакроткамі, і з-пад яе выпаўзла, паднялася ракачком і пабегла, мільгаючы тонкімі, як сніткі, нагамі, пад чорныя ліпавыя прысады пяцігадовая ашаломленая дзяўчынка.

Міця, падышоўшы бліжай да Камашылы, засланіў яе сабою. Але Камашыла ўжо і сам апусціў аўтамат. I над мёртвай, сарваўшы з сіва-чорнай парадзелай галавы хустку, нудна і тоненька завыла старая кабета.

Маладзіца ляжала бокам, нібы незнарок, нібы выпадкова спатыкнулася, і ў Міцеву душу нечакана ўдарыў яшчэ адзін знаёмы боль — успомніўся нядаўні, з сухім шапаткім лісцем у дрыготкай ветраніцы лес, яго, Міцеў, нечаканы стрэл, і рослая худзенькая дзяўчына ў зеленкаватай вайсковай гімнасцёрцы, што аб’ехала каля старога з балючай нарасцю ад маланкі дуба. А адначасна ў вачах усталі Дварчаны, траскучае шуганне агню, што з’ядаў Грабянкаў дом.

«Няўжо людзі аднакавыя, каб прыносіць толькі боль? Каб забіваць, паліць, помсціць?»

Ад думак Міцю працверазіў роспачны, з падвываннем крык старой:

— Божа, за што ж? Тут Настулін з руж’ём ходзіць. А вы яе... За што? Божачка мілы! — старая замахала выцвілаю, зношанаю хусткаю, стоячы на раскіслай сцежцы, па якой да яе босых ног, змяшаўшыся з гразёю, цякла цёмная кроў.

Гэты крык адчаю і пакуты стаяў у Міцевых вушах, калі яны, забраўшы ў суседняй ад Грабянковай асады вёсцы некалькі падвод, ехалі ў Дварчаны, везучы забітага Данільчыка і едучы самі.

Міця, не стрываўшы, нагнаў воз, на якім сядзеў, спусціўшы праз драбінкі чорныя акутыя чаравікі, маўклівы, непадступны Камашыла.

— А ты яе дарма...— узяўся за драбінку Міця.

— Ты пра каго? — падняў азызлы твар і зажмурыўся ад сонца Камашыла.— Усё пра тую курву, што падсунула нас пад кулямёт.

— Віну, грэх усе на душу бяром.

— Эх ты,— Камашылавы ногі вышчаміліся з драбінак,— святым хочаш быць перад чортам. Глядзі, ад чорта і згінеш.

Блізка ужо, у Дварчанах, у белай з блакітнымі купаламі царкве ўдарыў, закалыхаўся і паплыў мілагучны звон. Фурман, азіраючыся на Міцю з Камашылам і зняўшы пад’етую моллю суконную кепку, перахрысціўся.

— Во па Данільчыку ўжо ў царкве звоняць,— з’едліва ўсміхнуўся Камашыла.

— Усе не вечныя на зямлі, усе памром,— фурман нацягнуў на чорную з белай, ажно сіняватай плешынай голаў старую суконную кепку.

— Святыя памруць, а я, грэшны, пажыву,— Камашыла адным адплюшчаным вокам зіркнуў на Міцю.— Не думай, Корсак, пра грахі і смерць, а то і праўда — згінеш.

XIX

Дачуўшыся пра бацькаву смерць, Міця схаладзеў, пачарсцвеў і апаў душою. I пасівеў. Але спярша не паверыў і нават сумеўся, калі, стоячы ва ўмывальніку перад люстэркам і ўзіраючыся ў схуднела-востры твар, у вялікія сінія вочы з жаўтлявымі кругамі ад недасыпання, на сваёй караткаватай польцы ўбачыў, як калючай халоднай іскрай пырснуў серабрысты валасок. Міця прыгледзеўся лепш і згледзеў яшчэ адзін...

Потым ужо, забаўляючыся, цярэбячы ў яго валасах чуткімі пальцамі, здзівілася Чэся:

— Міцек, божа мілы, ты сівы!

— Ведаю, Чэся.

— I даўно ты пачаў сівець?

— Першы раз убачыў учора.

У яе шарых вачах, што адбівалі серабрысты праём акна, застыла на міг утрапёнасць. Махнуўшы вейкамі, яна сагнала яе і, ужо горка ўсміхаючыся, абедзвюма рукамі кінула яму на грудзі доўгія, адгадаваныя для косаў валасы.

— Прыгледзься,— сказала, глыбока ўздыхнуўшы.

— Я нічога не бачу.

— Не бачыш? — яна высмыкнула сіваватую пасму са сваіх залаціста-рыжаватых, густых валасоў.— А цяпер?..

— А цяпер бачу,— ён правёў пальцамі па гэтай казытліва-слізкай і цёплай пасме.— Калі гэта ў цябе?