Выбрать главу

З месца будоўлі пераязджаюць на цэнтральную сядзібу калгаса «Чырвоная зорка» былыя жыхары вёскі Слабада. Перавозяць хаты, хлявы i лазні. Ад былога ўпраўлення начальніка работ — № 121 ужо засталіся толькі сенцы: новую хату будуе ў калгасным пасёлку Ганна Мікалаеўна Плакса. Яна глядзіць на горад, што ўзняўся за нейкія дзесяць месяцаў на леташнім ільнішчы, i з прыхаванай пахвалою ў голасе кажа свайму былому кватаранту:

— Я ж думала, Рыгор Васільевіч, што вы жартавалі ca старое бабы тады, як схаваліся ў нас ад дажджу. Хто б мог думаць, што з такою блазнотаю за восень i за зіму гэтулькі тут наварочаюць. Каб сама не бачыла, не паверыла б,— і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Каб не ваш завод, стаяў бы наш катух яшчэ сто год. Толькі саду шкада, але ён тут нікому не замінацьме, хай добрыя людзі спажываюць ды дабром успамінаюць.

А сады гэтаю вясною стаялі, нібы замеценыя завірухай, белыя-белыя. Над імі гулі раі пчол, выгінаючы аксамітныя спінкі ў венчыках яблыневых кветак, i неслі ўзятак на новыя пасекі ў свае даўно абжытыя вуллі.

Па дарогах днём i ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны, кожны дзень усё вышэй i вышэй уздымаліся сцены жылых дамоў. Следам за мулярамі ішлі тынкоўшчыкі Мікалая Завадскага i Галіны Сяргун, a ў першых паверхах ужо завіхаліся маляры Марыі Брыкоўскай. Каля кінатэатра заасфальтоўваліся пляцоўкі i тратуары, падвешваліся люстры да столі ў новай сталовай. А непадалёк ад садоў, што засталіся на былых калгасных сядзібах, на будынку трохпавярховай школы рабочыя ўкладвалі карнізныя пліты i ставілі кроквы. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні наверх бетонныя бэлькі i цяжкія пліты i ўкладваў ix на месца з такою дакладнасцю, што рабочым заставалася толькі крыкнуць: «Лады! Малайчына, Валя!» А кран ужо каціўся з густым цоканнем па рэйках далей, круціліся лябёдкі, напіналіся тросы, i доўгая страла зноў з нейкаю артыстычнай грацыёзнасцю несла новы груз на высокі белы будынак. У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка, i знізу не пазнаеш — хлапец ці дзяўчына з такім майстэрствам кіруе гэтым вялізным паслухмяным механізмам. Кожны, праходзячы каля школы, спыняецца i падоўгу глядзіць, задраўшы галаву, на віртуозную работу крана. За шклом кабіны ён заўважае букецік кветак. Няўжо дзяўчына?

— Гэта наша Валя Забаронька,— тлумачыць майстар участка, нядаўні выпускнік Мінскага політэхнічнага інстытута Анатоль Шымко.— Яна сама не сядзіць i нікому не дае заседжвацца. Хлопцы скардзяцца, што пакурыць няма часу, калі Валя на змене.

Але якраз Валіна змена скончылася, i па стромкай лесвіцы з хуткасцю маладзенькай вавёркі збегла на зямлю бялявая вясёлая дзяўчына. Яна нешта даводзіла свайму зменшчыку, аб нечым папярэджвала яго, інструктавала тонам адказнага i старэйшага майстра. Потым, гарэзліва жартуючы, штурхнула яго ў плячо, i той паслухмяна палез у кабіну.

Мабыць, не ўпершыню пыталіся ў Валі, чаму яна стала кранаўшчыцай, a дзяўчына заўсёды, весела смеючыся, адказвае:

— Спытайцеся ў маёй мамы. Яна мяне з маленства верхалазам звала. У нас за Лагойскам растуць высачэзныя сосны, дык калі я яшчэ была ў чацвёртым класе, нашы хлапчукі лазілі на ix здымаць грачыныя яйкі, а я ўбачу, што яны ідуць, аббягу нацянькі, хуценька ўзбяруся на саменькі верх i сяджу. Палезе каторы, а я адтуль — шышкамі, шышкамі яго па спіне. Ён, як гарбуз, скоціцца на зямлю i крычыць: «Злазь, бо спілім хвою!» Так я ix i адвучыла. А дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках i смале. Цяжка ёй было пасля вайны. Татка загінуў на фронце, а яна ўвесь час у бальніцы санітаркай працавала i мяне з братам вучыла. Я, як толькі скончыла дзесяцігодку, адразу пайшла ў Мінскае вучылішча на машыніста вежавага крана вучыцца. Маме адразу i не прызнавалася, якую спецыяльнасць сабе выбрала. Даведалася яна, дык як загалосіць: «Кінь, дачушка,— кажа,— галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Ледзь я яе пераканала, што кран у мяне не вышэйшы за нашу хату.

Валя, падняўшы ўгору галаву, доўга глядзіць на свой дваццацідвухметровы кран, побач з якім яна здаецца зусім маленькім i кволенькім падлеткам.

— Любата! — гаворыць яна.— Адтуль на дзесяць кіламетраў відаць вакол; уся будоўля, як на далоні,— і, памаўчаўшы дадае: — Наша, камсамольская.

Кожны дзень — флагі

20 мая пачаліся работы на будаўнічай пляцоўцы нафтаперапрацоўчага завода. Пакуль што быў створаны толькі прарабскі ўчастак. На месцы будучага завода-гіганта рабочыя высякалі хмызняк, складалі яго ў лаўжы, а на ачышчаных пляцоўках пачыналі закладаць падмуркі складаў пад абсталяванне i будаўнічыя матэрыялы, пачыналі будаваць памяшканне вучэбнага камбіната i сталовую, a самі пакуль што абедалі па-паходнаму, пад невялічкаю павеццю, што прытулілася да маладога бярэзніку. У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Да слупа імправізаванай сталовай прымацаваны фанерны плакат: «Закончым будаўніцтва першай чаргі беларускага нафтагіганта на год раней тэрміну!»