Выбрать главу

Пасяліўся Пятро са сваімі новымі сябрамі за шэсць кіламетраў ад будаўнічай пляцоўкі, у вёсцы Падкасцельцы. На работу i з работы спярша хадзілі пехатою, з песнямі i жартамі, можа таму i дарога не вельмі цягнулася. Але набліжалася восень, з дажджамі i цёмнымі начамі, з халоднымі вятрамі i гразкімі дарогамі. Будаўнікі спяшаліся хутчэй закончыць першыя восем інтэрнатаў, ашаляваць часовую сталовую, здаць у эксплуатацыю кацельную i воданапорную вежу, каб цёпла, светла i чыста было ў новых інтэрнатах. У ix ужо завіхаліся тынкоўшчыкі i маляры — такія ж маладзенькія i малавопытныя хлапцы i дзяўчаты, як i тыя, з якімі разам прыехаў Пятро Якавенка. Былыя выпускнікі Смалоўскай школы Рая Бацінька, Галя Германтава i Дзіма Павядзёнак, Юра Чаркасаў з Петразаводска i Каця Ніколіна з Ціхвіна ў брыгадзе маленькай рухавай Галі Сяргун тынкавалі першыя дамы, услед за імі ішлі маляры брыгады Марыі Брыкоўскай, нядаўняй дзесяцікласніцы з-пад Львова. Тут яны атрымалі першую працоўную загартоўку, тут вучыліся будаўнічаму майстэрству, пасябравалі шчыраю дружбай.

А брыгада муляроў, у якую залічылі Пятра Якавенку, ужо клала сцены будучага кінатэатра. Раніцою цэгла накрывалася хрусткім інеем i балюча калола пальцы, парывы халоднага ветру рэзалі твар, але звінелі кельмы, чуліся жарты i смех маладых муляроў. Падсобнікам у Пятра быў амаль яго равеснік, ціхі хлапчук у акулярах. Ён больш маўчаў, у час перакураў садзіўся асобна, нібыта некім пакрыўджаны. Хлапцы спрабавалі жартаваць з яго, а Пятро даваў яму ў рукі кельму, падбадзёрваючы:

— Смялей, браце, болей раствору бяры. Вось так! Добра! Бачыш, як па масле ідзе. Праз які месяц i мяне перагоніш,— а сам, нібы дапамагаючы свайму неафіцыйнаму вучню, падпраўляў тыя цагліны, што часам вытыркаліся ca сцяны, шчыльней прыціскаў ix адну да другой. Так непрыкметна падручны станавіўся мулярам, вясёлым гаваркім хлопцам, роўным з усімі членамі брыгады, сапраўдным будаўніком. Неўзабаве яму быў прысвоены разрад. На будоўлі з'явіўся яшчэ адзін кваліфікаваны муляр. А яго месца заняў другі падручны, каб у самым хуткім часе стаць побач са сваім настаўнікам. Так было ў кожнай брыгадзе. Але стыхійная, выпадковая, як пішуць у афіцыйных паперах, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў не магла забяспечыць будоўлю добрымі мулярамі, бетоншчыкамі, тынкоўшчыкамі i сталярамі. Трэба было вучыць маладых рабочых.

Увосень адкрыўся вучэбны пункт па ўсіх будаўнічых спецыяльнасцях.

Дні ўсё рабіліся карацей i карацей. Лужыны пахруствалі тонкім лядком, вецер гнаў па зямлі пажоўклае лісце, дранцвелі рукі ад халоднага раствору i настылай за ноч цэглы. У многіх рабочых не было цёплай вопраткі, бо, выпраўляючыся ў сваю першую жыццёвую дарогу пад гарачым ліпеньскім сонцам, яны забыліся, што за летам прыходзіць восень i зіма. Апрача тапачак i спартыўных куртак, трэба мець яшчэ добрыя боты i ватоўкі, рукавіцы i цёплыя шапкі. I будаваць трэба круглы год i ў любое надвор'е. Тэрмінова складаліся спісы на выдачу цёплай спецвопраткі. Грузавікі разам з цэглаю i арматураю везлі тэрміновы груз — целагрэйкі i рукавіцы, валёнкі i кірзавыя боты. Пад дажджом, на ветры i холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю i выпрабоўваючы вытрымку. А тых, што спалохаліся i ўцяклі, ніхто не шкадаваў i не ўспамінаў — значыць, не вытрымалі першы экзамен, значыць, яшчэ но акрыялі духам, не дараслі, каб насіць пачэснае імя будаўніка.

Праз чатыры месяцы

Набліжалася свята Кастрычніка. Кожны ўспамінаў, як ён летась святкаваў гэты дзень у сябе дома, як маці вешала чыстыя фіранкі, засцілала накрухмалены кужэльны абрус, пякла смачныя пірагі, як у школе да позняй ночы рэпеціравалі новы спектакль, выпускалі святочныя нумары насценных газет, у класах пахла дзеразою i хваёвымі лапкамі. У кожнага былі сотні клопатаў i перадсвяточных спраў. А цяпер ва ўсіх адзіны клопат — закончыць i здаць да 41-й гадавіны Кастрычніка 8 інтэрнатаў i кацельную. У новых будынках гаспадарылі электрыкі: ставілі разеткі i выключацелі, прыбіральшчыцы мылі падлогу i расстаўлялі ложкі i тумбачкі.

У часе абедзеннага перапынку, або ідучы з работы, кожны забягаў на ганак інтэрната і, баючыся наслядзіць, праз адчыненыя дзверы аглядаў свае будучыя пакоі, любаваўся жоўценькай чыстаю падлогай i шырокімі светлымі вокнамі. Пакоі яшчэ пахлі свежаю маслянаю фарбаю — гэтым спецыфічным пахам хуткага наваселля.

Шостага лістапада з Новага Двара, Шніткоў, Плаксаў i Слабады ішлі са сваім халасцяцкім скарбам маладыя будаўнікі ў першыя інтэрнаты жылога гарадка беларускіх нафтавікоў. Не раскладваючы рэчаў, яны па-гаспадарску абходзілі ўсе пакоі, спрабавалі, як дзейнічаюць краны ў рукамыйніку, ці добра зачыняюцца дзверцы ў пліце на агульнай кухні, дакраналіся да гарачых радыятараў паравога ацяплення, a пасля агляду браліся ўладкоўваць свой быт: засцілалі ложкі, прыбівалі кніжныя палічкі, развешвалі ў шафах свае выхадныя касцюмы.