Выбрать главу

У новым доме хочацца, каб усё было чыстае i новае, a ў многіх хлапцоў занасіліся кашулі, паадрываліся гузікі, пакамечылася ў чамаданах вопратка. Кожны з ix, раскладаючы свае рэчы, думаў, як памыць, папрасаваць i пачысціць сваё адзенне хоць к вялікаму святу. I тут у дзверы пакоя нехта асцярожна пастукаў.

— Заходзьце! — разам грымнула некалькі хлапечых галасоў.

На парозе з'явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што ix можна было адрозніць толькі па прычосках: у аднае кароткія кучаравыя валасы непаслухмянымі кудзеркамі падалі на лоб, a ў другое былі акуратна зачасаныя на прабор i перавязаныя блакітнаю стужкаю.

— Праходзьце, дзяўчаткі, сядайце. Ну, як у нашым «палацы» падабаецца? — загаварыў вясёлы Міхась Пятровіч.

— Ці не прымакоў прыйшлі выглядаць? — нехта гарэзліва пажартаваў.

A дзяўчаты стаялі моўчкі, не ведаючы, як сябе трымаць сярод малазнаёмых юнакоў: пакрыўдзіцца i ўцячы ці ўсё ж сказаць, чаго прыйшлі.

— Які з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара,— абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Яна падышла да хлапца i загадала: — Здымай кашулю i давай сюды. Заўтра на дэманстрацыю пойдзеш у чыстым.

Хлопцы спачатку нехаця, прыкрываючы жартамі сваю няёмкасць, пачалі збіраць усё, што даўно не бачыла мыла i гарачай вады. У астатніх пакоях адбывалася тое ж самае. З хлапечага інтэрната выбягалі дзяўчаты з пакункамі i вянзэлкамі, а падвечар паміж электрычнымі слупамі на доўгіх вяроўках сушылася мноства кашуль i маек, вымытых клапатлівымі дзявочымі рукамі. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлапцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Тады гэта было непрыкметным, нібы свой абавязак выконвалі блізкія людзі. А тут зусім чужыя, часам малазнаёмыя дзяўчаты самі прыйшлі i камандуюць, як дома. I кожны адчуў сябе ў вялікай i дружнай камсамольскай сям'і, кожны ведаў, што побач сапраўдныя сябры, што яны заўсёды дапамогуць i выручаць. Ужо зусім інакш сустракалі назаўтра хлапцы сясцёр Зою i Зіну Андрэевых, дзякавалі за чыстую, адпрасаваную бялізну, частавалі ix цукеркамі i пячэннем, шчыра i проста, як даўнім сябрам, расказвалі пра сябе, распытвалі пра ix жыццё.

Зоя расказвала, што яна з дзяцінства захаплялася спортам, a скончыўшы школу, паступіла ў Віцебскі фізкультурны тэхнікум. Не прапускала яна ніводнай сустрэчы футбалістаў i лёгкаатлетаў, ведала прозвішчы ўсіх пераможцаў на саюзных i міжнародных спаборніцтвах. Асабліва яна любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў i адчувала сябе шчасліваю. A скончыўшы тэхнікум, працавала выкладчыцай фізкультуры ў школе. Як-ніяк адчувала сябе настаўніцай, на вачах у дзяцей павінна была трымацца паважна, хоць i хацелася разам з імі пабегаць за мячом, пагуляць у гарадкі. A Зіна пасля вучобы ў Полацкім гандлёвым тэхнікуме працавала за прылаўкам — важыла селядцы i каўбасу, хадзіла ў белым халаце i ўсё была нечым незадаволена. Яна з зайздрасцю глядзела на сваіх равесніц з трыкатажнай фабрыкі «КІМ». «Вось людзі заняты сапраўднаю справаю,— думала яна,— а якая карысць з мяне? Толькі i ведаеш: «Трыста кіеўскай», «Дзвесце лівернай», «Паўкіло селядцоў». Не, трэба мяняць спецыяльнасць».

Зусім выпадкова даведаўшыся, што каля старажытнага Полацка пачалося будаўніцтва буйнейшага ў краіне нафтаперапрацоўчага завода i будоўля абвешчана камсамольскай, Зіна адразу прыйшла да першага сакратара райкома камсамола прасіць пуцёўку ў Полацк. А той, не спяшаючыся, пачаў ёй расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца i рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі; ён далікатна намякнуў, што магазіна там пакуль што няма i давядзецца перакваліфікавацца.

Зіна нават пакрыўдзілася, што яе не так зразумелі, і, заірдзеўшыся, выпаліла:

— Мне сорамна стаяць за прылаўкам у белым халаціку, калі мае равеснікі будуюць Брацк i ўздымаюць цаліну. Хачу быць будаўніком, i дайце мне, калі ласка, пуцёўку ў Полацк.

A назаўтра да сакратара з такою ж просьбаю прыйшла i Зоя. Жаданні сясцёр супалі. Яны былі сярод першых на будаўнічай пляцоўцы будучага горада нафтавікоў. Выгружалі з баржаў дошкі i бярвенні, засыпалі шлакам сцены інтэрнатаў, падносілі раствор мулярам. Балелі з непрывычкі рукі i ногі, на світанні хацелася спаць, але ніхто не скардзіўся. Камсамольцы будавалі свой новы горад i з замілаваннем глядзелі на кожную цагліну, пакладзеную сваімі рукамі ў сцены, якім стаяць вякі i вякі. Хутка Зіна начала працаваць мулярам, а Зоя пайшла ў брыгаду на растворны вузел.