Выбрать главу

Пасля шэфскага візіту ў хлапечы інтэрнат, многія ix пачалі зваць не па імёнах, а ласкава i пяшчотна: «сястрычка».

Вечарамі ў інтэрнатах было людна i весела. У чырвоных кутках ляскалі касцяшкі даміно, перагортваліся свежыя газеты i часопісы, разбіраліся шахматныя задачы i разгадваліся красворды, праводзіліся палітінфармацыі i камсамольскія сходы. Камсамольцамі былі амаль усе маладыя будаўнікі. У кожнага былі свае прэтэнзіі i прапановы. Муляры патрабавалі ад растворнага вузла бесперабойнай падачы раствору, тынкоўшчыкі папракалі муляроў за няроўныя сцены, а маляры — тынкоўшчыкаў за агрэхі ў ix рабоце. На сходах заўсёды разгараліся спрэчкі, ішла прафесійная размова аб тэмпах i якасці працы; у словах кожнага гучала асабістая зацікаўленасць усім, што рабілася на будоўлі. Кожны адчуваў сябе гаспадаром усяго, што будавалася ў яго горадзе. З абурэннем расказвалі маладыя тынкоўшчыкі з брыгады Галіны Сяргун сакратару партыйнага камітэта пра тое, што муляры, закончыўшы кладку сцен воданапорнай вежы, адразу пачалі разбіраць рыштаванні — выкопвалі слупы, разбіралі памосты, i толькі скончыўшы гэтую работу, успомнілі, што вежу яшчэ трэба тынкаваць, а без рыштаванняў тынкоўшчыкі нічога не зробяць. Брыгада прыйшла на аб'ект, i ёй давялося зноў ставіць толькі што знятыя рыштаванні. Недагляд прараба каштаваў дзяржаве больш за дзве тысячы рублёў i некалькі дарэмна страчаных рабочых дзён.

Але на будоўлю ўсё часцей i часцей прыязджалі кваліфікаваныя муляры i тынкоўшчыкі, дзесятнікі i прарабы. Ехалі з сем'ямі i сваім скарбам у двух чамаданах: ведама, будаўнікі. Многія з ix аднаўлялі Сталінград, Краматорск, Мінск i Магілёў. Яны заўсёды спяшаюцца на пярэдні край, туды, дзе патрэбна ix майстэрства, веды i жыццёвы вопыт. Многія з ix параўноўваюць сябе з манеўровымі паравозамі, што выцягваюць цэлыя эшалоны з тупікоў.

З Данбаса прыехаў брыгадзір тынкоўшчыкаў Латышаў, з Мінскага трактарнага завода — Іван Сымонавіч Бахір, аднаўляў Сталінград i беларускую сталіцу малады муляр Генадзь Матросаў. Цяпер сотні кваліфікаваных рабочых будавалі новы горад на Дзвіне, вучылі моладзь майстэрству, вытрымцы i настойлівасці. Кожны дзень у парткоме станавіліся на ўлік камуністы, што прыязджалі на закліку сэрца, што лічаць сваім абавязкам заўсёды быць на пярэднім краі. Сярод ix былі слесар Валянцін Казёл, i маляр Надзея Пятроўна Дзермянцова, i тынкоўшчык Мікалай Баравы, i праслаўлены муляр, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Сымон Міхайлавіч Жаваранак, i Уладзімір Кандратавіч Пэк, i Эдуард Зарэка, i сотні маладых i пажылых камуністаў. Прыйшоўшы ў брыгады, яны станавіліся тымі спружынамі, што рухаюць кожную справу плаўна, але імкліва, без штуршкоў i затрымак. Яны рабіліся дарадчыкамі для моладзі, неафіцыйнымі інспектарамі па якасці, хадатаямі па вялікіх i малых справах сваёй брыгады.

Спачатку шмат было непаразуменняў з нарміраваннем, няправільна закрываліся нарады, асобным рабочым заработная плата налічалася не па фактычнай выпрацоўцы, а падганялася ў адпаведнасці з каштарысам, спушчаным на аб'ект. Асобныя работнікі бухгалтэрыі перавыдаткі матэрыялу, пераробкі па віне дзесятнікаў i прарабаў перакрывалі заработай платай рабочых. Камуністы вырашылі навесці парадак у гэтай важнай справе.

На будоўлі кожны дзень з'яўлялася сціплая невысокая жанчына ў гумовых ботах i ў цёплай пуховай хустцы. Яе добрыя шэрыя вочы бачылі кожную драбніцу, яны ўмелі зазірнудь у душу кожнага чалавека, сагрэць i падбадзёрыць васемнацдацігадовага муляра Віктара Мяцеліцу i пажылога цыгана Аляксея Селязнёва, што з першага дня з вялікаю сям'ёю прыйшоў на будоўлю. Але гэтыя светлыя вочы рабіліся сухімі, калі яны заўважалі, што нейкі рахункавод лёгкай рукою перакідае костачкі на лічыльніках, каб толькі як-небудзь вымеркаваць патрэбную кантрольную лічбу за кошт таго ж Селязнёва або Віці Мяцеліцы.

— Ад Тамары Аляксандраўны нічога не схаваеш,— адны гаварылі пра яе з гонарам, другія з адчаем.

Загадчык прамысловага аддзела Полацкага гаркома партыi Тамара Аляксандраўна Кажура, дачка бабруйскага чыгуначніка, усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём, i з партыйнай прынцыповасцю наводзіла парадак у справе працы i заработай платы. Яна сачыла за кожным аб'ектам, за кожнаю брыгадай, за працаю кожнага будаўніка i за кожным нарадам у бухгалтэрыі. З ёю раіліся рабочыя, як хутчэй прасяваць пясок на растворным вузле, як арганізаваць бесперабойную падвозку матэрыялаў, i перш чым ісці ў бюро рацыяналізацыі, гаварылі з Тамарай Аляксандраўнай аб сваіх вынаходніцтвах i прапановах.