Выбрать главу

Камуністы станавіліся душою кожнай брыгады, участка, усяе будоўлі. Па ix раўнялася моладзь, за імі ішлі ўсе нафтабудаўцы.

“Першы курс будфака”

Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад'ёмнікаў, a ўвесь дзень імжэў не то дождж, не то снег. За змену целагрэйкі прамакалі невылёт i пачыналі пахнуць нейкаю балотнаю тхлінай. Над самымі рыштаваннямі вісела нізкае шэрае неба, нібы прыціскаючы кожнага да зямлі. Позна світала i рана змяркалася. Можа таму i настрой у некаторых быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні.

Але скончыўшы змену, кожны азіраў свой гарадок i заўважаў, што ён вырас за гэты дзень: задыміла труба ў новай лазні, з'явіліся дахі яшчэ на трох інтэрнатах, паставілі кроквы на кінатэатры, перакрылі аконныя праёмы на будынку школы. У гэтыя дні каля вёскі Новы Двор разгарнуў сваю работу УНР-126 па будаўніцтву вытворчай базы нафтаперапрацоўчага завода. Тут закладваюцца дзесяткі заводаў будаўнічых матэрыялаў: палігоны жалезабетонных канструкцый, магутныя растворныя вузлы, заводы шлакабетонных блокаў, гіпсавых перагародак, цэментныя i бетонныя заводы. Пад ix закладку трэба было капаць катлаваны — выняць сотні тысяч кубаметраў зямлі. 10 снежня на будаўнічую пляцоўку вытворчай базы прыбыла з Мінска першая механізаваная брыгада камуністычнай працы на чале з праслаўленым беларускім бульдазерыстам Героем Сацыялістычнай Працы Сымонам Місуновым. Загулі бульдозеры i экскаватары, нібы дыктуючы тэмп працы ўсёй будоўлі. Гледзячы на старэйшых сяброў, у спаборніцтва за званне брыгад камуністычнай працы ўключыліся тынкоўшчыкі Галіны Сяргун, маляры Марыі Брыкоўскай i бетоншчыкі Пятра Блахіна.

Пеця Блахін, як ласкава ўсе завуць яго на будоўлі, у 1957 годзе скончыў Нізкаборскую сярэднюю школу ў Суражскім раёне i адразу па камсамольскай пуцёўцы паехаў асвойваць цаліну ў Кустанайскіх стэпах. Спакойны, разважлівы, з практычным розумам, высокі хлапец з Беларусі адразу спадабаўся ўсім навасёлам цаліннага саўгаса. За што б ні ўзяўся камсамолец Блахін, усё ў яго выходзіла так, нібы ён дзесяткі гадоў толькі гэтым i займаўся: браўся за сякеру — i яму мог пазайздросціць любы цясляр, цагляная сцяна з-пад яго кельмы выходзіла, як адлітая. I ўсё ён рабіў з любоўю i стараннем, спакойна i ўпэўпена, без мітусні i абыякавай паспешлівасці. А вясной ён дачуўся, што каля Полацка пачынаецца будаўніцтва першага ў рэспубліцы нафтаперапрацоўчага завода. У гэтым старажытным горадзе, на заводзе шклянога валакна, працуе яго старэйшая сястра, i Пеця ў першым жа лісце засыпаў яе пытаннямі пра будоўлю на Дзвіне. Не так проста добраму работніку адпрасіцца ў родныя мясціны, але i тут Блахіну пашанцавала: у ліпені ён ужо чакаў свае чаргі каля хаты Ганны Мікалаеўны Плаксы. Цяпер на дзвярах гэтай канцавой хаты вісела шыльда, напісаная чарцёжпым шрыфтам на аркушы пажоўклага ад сонца ватмана: «Упраўленне начальніка работ — 121, трэста «Нафтабуд».

Тут Блахіна назначылі ў брыгаду муляроў, а як толькі пачаліся работы на будаўніцтве вытворчай базы, Пеця Блахін узначаліў брыгаду бетоншчыкаў. З нейчай лёгкай рукі яе пачалі зваць «першым курсам будфака»: усе яе члены былі выпускнікі сярэдніх школ, i не якія-небудзь троечнікі, якім не было куды дзецца пасля дзесяцігодкі! Тут бетоншчыкам працуе Аляксандр Гугнін, што ўвесну 1958 года скончыў Полацкую сярэднюю школу з залатым медалём, i Мікола Пышко, i Гаўрыла Вярыга, i Алесь Пазняк, атэстаты якіх не сорам паказаць любой прыёмнай камісіі любога інстытута. Паказчыкамі i якасцю працы ix брыгады ганарыцца ўся камсамольская арганізацыя трэста, увесь калектыў нафтабуда. 196, 201, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў.

На будаўнічай пляцоўцы бетоншчыкаў адразу i не адшукаеш: яны ў глыбокіх катлаванах, падрыхтаваных брыгадай Місунова, робяць апалубку, ставяць арматуру, заліваюць бетонам падмуркі будучых цэхаў i заводаў. Але як весела i дружна працуюць учарашнія дзесяцікласнікі, колькі кемлівасці i выпаходлівасці праяўляе кожны з ix, якія цікавыя гаворкі вядуць яны ў час перапынку аб кнігах Кочатава i Рэмарка, аб вершах Блока i Сельвінскага, горача спрачаюцца аб фельетоне, толькі што прачытаным у «Чырвонай змене» або ў «Комсомольской правде». I не дзіўна, што кожны пакой інтэрната маладых нафтабудаўцаў хутчэй нагадвае студэнцкі інтэрнат, чым інтэрнат будаўнічых рабочых. Над кожным ложкам — палічкі з кнігамі, на сценах — партрэты любімых пісьменнікаў i рэпрадукцыі з карцін славутых мастакоў, на тумбачках — падручнікі па трыганаметрыі, фізіцы i хіміі, канспекты i сшыткі.